Бешанковіцкі краязнаўчы музей

Створаны ў г.п. Бешанковічы 24.04.1979 г. па рашэнні Бешанковіцкага райвыканкама і райкама КПБ як музей баявой славы. Адкрыты для наведвальнікаў 25.04.1979 г. у год 35-годдзя вызвалення Бешанковіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З 1987 г. сучасная назва, адкрыта новая экспазіцыя ў двухпавярховым будынку. Кіраўнікамі музея былі І.С. Коныш, У.І. Ждановіч, А.В. Крачкоўскі, Л.В. Гайнідзінова, Л.М. Казак. З 1991 г. дырэктар Г.І. Бярэсьць. З 2012 г. — А.В. Крачкоўскі.

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 12 351 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 4 548 адзінак. Музей мае 7 экспазіцыйных залаў агульнай плошчай 209 м². Раздзелы экспазіцыі: «Гістарычнае мінулае раёна», «Бешанковіцкі край у перыяд кастрычніцкіх падзей 1917 г.», «Станаўленне савецкай улады ў Прыдзвінні», «Калектывізацыя», «Вялікая Айчынная вайна», «Развіццё народнага гаспадарства ў раёне ў пасляваенны час».

Вялікае месца ў экспазіцыі займаюць археалагічныя знаходкі: касцяныя наканечнікі стрэл, камяныя і рогавыя сякеры, каменная шліфаваная пліта, падвескі з янтару і іклоў жывёл, бівень маманта, фрагменты гліняных гаршкоў з раскопак на тэрыторыі раёна (курганныя могільнікі Давыдкавічы, Крупеніна, стаянка Асовец). Дэманструюцца таксама карты археалагічных помнікаў раёна, стаянкі Крывінскага тарфяніка, фотаздымкі раскопак, археалагічных знаходак, нумізматычная калекцыя.

Асноўнае месца ў музеі адведзена аддзелу, прысвечанаму Вялікай Айчыннай вайне. Ён займае 4 залы агульнай плошчай 90 м² і налічвае 540 экспанатаў, якія расказваюць пра абарончыя баі летам 1941 г. на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна, стварэнне і дзейнасць падпольных антыфашысцкіх арганізацый, зароджанне і развіццё партызанскага руху ў раёне, арганізатараў і кіраўнікоў партызанскай брыгады «За Савецкую Беларусь», пераход Заходняй Дзвіны войскамі Чырвонай Арміі, вызваленне раёна ў чэрвені 1944 г. Сярод экспанатаў — дакументы, фотаздымкі, асабістыя рэчы Гераў Савецкага Саюза — ураджэнцаў раёна і тых, хто вызначыўся пры вызваленні Прыдзвіння: К.А. Абазоўскі, М.А. Высагорэц, Л.М. Даватар, П.М. Раманоў, І.І. Страчка, М.М. Ткачэнка.

У экспазіцыі шмат твораў выяўленчага мастацтва. Сярод іх жывапісныя і графічныя работы з выявамі мясцовых краявідаў, а таксама гістарычнай і ваеннай тэматыкі, скульптурныя бюсты (аўтар М.М. Тарасян) генералаў, камандуючых армiямi, якія вызвалялі Прыдзвінне: А.П. Белабародаў, І.І. Люднікаў, І.М. Чыстякоў, і ўраджэнцаў раёна. Рэдкімі экспанатамі з’яўляюцца ядры і крэмневыя запалы да стрэлачнай зброі вайны 1812 г., скрыпка Д.П. Авчыннікава, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, з надпісамі ўсіх франтоў, дзе ён служыў.

У музеі праводзяцца выязныя выставы, лекцыі, масавыя мерапрыемствы, тэматычныя вечары і экскурсіі, прыём у школьныя маладзёжныя арганізацыі.

Адрас: 211350, г.п. Бешанковічы, вул. Воладарскага, 6
Тэлефон: +375-2131-421-83

Апошнія навіны