У гожым маляўнічым месцы, на водападзеле Балтыйскага і Чорнага мораў, добра бачны навокал, узнік гэты горад-перакрыжаванне. Першы пісьмовы ўспамін пра Радашкавічы сягае ў далёкі 1447 год, калі тут быў заснаваны драўляны касцёл Св. Тройцы. З самага пачатку паселішча апынулася ў віры дзяржаўных спраў Вялікага Княства Літоўскага: мястэчкам валодалі магнаты Радзівілы, Глябовічы, Агінскія… А ў 1549 годзе яно ўжо стала велікакняжацкай рэзідэнцыяй, якая праз дваццаць гадоў атрымала Магдэбургскае права і значна пазней, у 1792 годзе, — ўласны герб з выявай Святога Стэфана.
Афіцыйна гарадскі пасёлак Радашкавічы дасюль значыцца як Радашкóвічы (па-руску — Радошкóвичи). Але ж варта загаварыць з мясцовым жыхаром, як пачуеш мяккае і пявучае: «Рáдашкавічы». То будзем і мы трымацца далей менавІта такога вымаўлення.
Лёс паселішча на стагоддзі наперад вызначыў Старавіленскі тракт — дарога, якая больш за пяць вякоў таму звязала паміж сабой два сэрцы беларускае зямлі: Менск і Вільню. Радашкавічы каля гэтага тракту дыхалі паветрам вялікага транзіту. Тут маршыравалі войскі цара Аляксея Міхайлавіча, шведскага караля Карла ХІІ, французскага імператара Напалеона І… Тут везлі тавары рамеснікі. Тут спыняліся ў корчмах на начлег падарожныя. Тут штодня ўзнікалі спрэчкі, бойкі і навіны… Па Старавіленскім тракце паміж гарадамі і мястэчкамі хадзіла, блукала, лётала — карацей, гучала тое жывое беларускае слова, якое неўзабаве мелася выбухнуць у Радашкавічах сапраўдным культурным цудам…
Калыска і карпілаўскае благаславенне «Паўлінкі»
Жыццёвы і духоўны шлях Яна Луцэвіча, які стане прарокам нацыянальнага Адраджэння Янкам Купалам, быў звязаны з радашкавіцкай зямлёю самай трывалай, сакральнай ніткай. Нарадзіўшыся непадалёк адсюль, у Вязынцы, ён у мясцовым касцёле Св. Тройцы прыняў таямніцу хрышчэння і атрымаў сваё імя.
Калі ў 1903—1904 гадах, пасля сямейных «вандраванняў», Ян Луцэвіч вярнуўся ў Радашкавічы служыць пісцом у канцылярыі судовага следчага, ён за працай над пратаколамі аб межавых спрэчках ці аб дробных местачковых скаргах пільна ўглядаўся ў чалавечыя лёсы. Мова сялян і местачкоўцаў, ганарлівасць і пыха шляхты вельмі хутка ператварыліся ў ягонай свядомасці ў жывыя характары, што прагнулі вырвацца з папяровага палону на тэатральную сцэну.
Так з’явілася знакамітая камедыя «Паўлінка», завершаная ў чэрвені 1912 года ў Акопах. Але перш чым паказаць яе свету, Купалу трэба было пачуць голас таго, каму ён бязмежна давяраў. Першае чытанне п’есы адбылося ў фальварку Карпілаўка непадалёк ад Акопаў. Гаспадаром гэтай вабнай мясціны быў Антон Лявіцкі, які да таго часу ўжо пакінуў працу ў радашкавіцкай аптэцы і стаў пісьменнікам Ядвігіным Ш. І калі малады Купала з хваляваннем чытаў яму па ролях «Паўлінку», Лявіцкі адчуў нараджэнне новага беларускага тэатра…
1913 год: пажарнае дэпо як… нацыянальная сцэна
У жніўні 1913 года Радашкавічы зрабілі тое, што аказалася немагчымым у губернскім Мінску. Пасля гучных паказаў у Вільні і Пецярбургу зімой таго ж года «Паўлінку» вельмі хацелі прэзентаваць і ў Мінску. Аднак царская цэнзура сурова забараніла паказ камедыі ў губернскай сталіцы, палічыўшы п’есу «мужыцкай» і небяспечнай для дрымотнага спакою імпэрыі.
Тады ў гісторыю ўмяшаўся бліскучы арганізатар і выдавец «Нашай Нівы» Аляксандр Уласаў, чый маёнтак Мігаўка знаходзіўся каля Радашкавічаў. Каб абысці забарону, ён знайшоў геніяльнае выйсце: перанесці пастаноўку прафесійнай мінскай трупы Фларыяна Ждановіча пад дах Пажарнага таварыства ў Радашкавічах. Спартыўныя і пажарныя клубы мелі права ладзіць унутраныя вечарыны для сваіх сяброў без нагляду тэатральных цэнзараў. Так звычайнае пажарнае дэпо часова ператварылася ў… вольную сцэну.
Вечар 15 жніўня стаў не проста гістарычным, але і поўным драматычнага кур’ёзу. На прэм’еру прыехаў сам Янка Купала. Для яго гэта быў хвалюючы і разам з тым вельмі трывожны момант, бо прататыпамі фанаберыстых шляхціцаў у п’есе былі рэальныя Купалавы сваякі, якія жылі ў тых жа ваколіцах. Аляксандр Уласаў, жадаючы зрабіць сюрпрыз, запрасіў іх на спектакль. Купала ўбачыў сваіх блізкіх — і яго ахапіў жах: калі дзядзькі пазнаюць сябе ў гэтых камічных вобразах, грандыёзнага сямейнага скандалу і крыўды на ўвесь век не пазбегнуць.
Каб выратаваць аўтара і пастаноўку, Уласаў прыняў «стратэгічнае» рашэнне: перад пачаткам спектакля ён шчодра і ветліва падпаіў сваякоў паэта. План спрацаваў бездакорна — шанаваныя дзядзькі проста праспалі ўсю пастаноўку прама на лавах пад гучны смех астатняй залы. Пасля фінальных апладысментаў яны горача віншавалі пляменніка з поспехам, так нічога і не зразумеўшы. На мяжы скандалу і трыумфу адбылася тая пастаноўка ў дэпо!..
Граматыка духу і папялішча Браніслава Тарашкевіча
Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора (1921) Радашкавічы апынуліся ў складзе міжваеннай Польшчы. Памежны статус ператварыў мястэчка ў «другую Вільню». Цэнтрам нацыянальнага прыцягнення стала Радашкавіцкая беларуская гімназія імя Францішка Скарыны, а яе інтэлектуальным рухавіком — Браніслаў Тарашкевіч.
Чалавек выдатнай эрудыцыі, акадэмічнага розуму і нязломнай волі, ён падарыў свайму народу першую граматыку роднай мовы — знакамітую «Тарашкевіцу». Дом Тарашкевіча ў Радашкавічах зрабіўся сапраўдным штабам беларускага Адраджэння, дзе прымаліся лёсавызначальныя рашэнні для нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі.
Аднак лёс самога гаспадара і яго спадчыны аказаўся трагічным. У 1933 годзе Тарашкевіч пераязджае ў БССР з надзеяй уключыцца ў вялікую навуковую працу, але замест гэтага трапляе ў пастку сталінскага рэжыму. Арыштаваны па сфабрыкаванай справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра», Браніслаў Тарашкевіч у лістападзе 1938 года быў расстраляны ў засценках мінскага НКУС.
А разам з ім у нябыт пайшоў і яго бясцэнны архіў. Былі страчаныя рукапісы яго перакладаў на беларускую мову сусветнай класікі — «Іліяды» Гомера і «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча, над якімі ён працаваў гадамі. Апошнюю кропку ў гэтай трагедыі паставіў час: драўляны дом Тарашкевіча, што дзесяцігоддзямі захоўваў памяць пра свайго гаспадара і быў жывым помнікам міжваеннай пары, згарэў у 2002 годзе. Аднак засталося слова, якое спаліць немагчыма…
Вечны антракт над расколатай зямлёю
Гісторыя Радашкавічаў — сціснутая да памераў ягоных вуліц метафара лёсу самой Беларусі. За кароткі адрэзак часу гэты кавалак зямлі спазнаў усё: ад нацыянальнага ўздыму — да бязлітаснага разлому. Пажарнае дэпо, дзе ў 1913 годзе звінеў вольны смех «Паўлінкі», ужо праз восем гадоў глядзела сваімі вокнамі на калючы дрот польска-савецкай мяжы, а за суседнімі пагоркамі, на савецкім баку, пачалі вырастаць жалезабетонныя доты Мінскага ўмацаванага раёна — будучай «Лініі Сталіна». Культурнае сэрца рэгіёна чужой воляю было ператворана ў ваенізаваны рубеж, цалкам гатовы да новай сусветнай катастрофы…
З цягам часу межы ссунуліся — доты ператварыліся ў халодныя музейныя экспанаты. І калі прыязджаеш сюды і чуеш ад мясцовых жыхароў гэтае спрадвечнае «Рáдашкавічы» — час нібы запавольвае свой бег. Знікаюць шрамы старых кордонаў і цені мінулых трагедый. Здаецца, нібы ў старым мястэчку пры Старавіленскім тракце дагэтуль цягнецца антракт прэм’еры 1913 года — і хрышчоны ў тутэйшым касцёле пясняр вось-вось выйдзе да свайго народа на вечны паклон…
https://www.facebook.com/vvanatol
