Былы аздараўленчы лагер «Арляня», размешчаны ў в. Бараўцы Бешанковіцкага раёна, чацвёрты раз прададзены на аўкцыёне.
Новым уласнікам стаў адзіны ўдзельнік аўкцыёну – жыхар Мінскага раёна. Кошт продажу склаў 34 базавыя велічыні – па адной базавай велічыні за кожную капітальную пабудову. У склад лагера ўваходзіць 10 спальных карпусоў для дзяцей, сталовая, корпус для персанала, будынак начальніка, клуб, склады, бухгалтэрыя. Агульная плошча будынкаў – больш за 3 тысячы кв. м. Новаму ўласніку прадастаўляецца зямельны ўчастак плошчай 3, 4 га.
Асноўная ўмова продажу – пачатак ажыццяўлення дзейнасці не пазней за тры гады з моманту заключэння дагавора куплі-продажу. Раней гэты лагер ужо тры разы быў прададзены на аўкцыёнах, але ў ранейшых пакупнікоў выканаць умовы продажу і ўцягнуць аб’ект у гаспадарчы абарот не атрымалася, і лагер вяртаўся ў дзяржаўную ўласнасць.
Усяго з пачатку года камітэтам праведзены 141 дзейсны аўкцыён, у тым ліку на 82 аўкцыёнах аб’екты нерухомасці прапаноўваліся за базавую велічыню. Дзяржаўны бюджэт пры гэтым папоўніўся на суму 6367906 рублёў.
Падрыхтавала Алена Данілава.
