Аляксандр Бараноўскі: як малады вучоны вяртае імёны кіраўнікоў Сенненшчыны

Культура

Малады сталічны вучоны, прадстаўнік Віцебскай гістарычнай школы Аляксандр Бараноўскі перакананы, што гісторыю ствараюць людзі. Таму менавіта біяграфічныя даведнікі пра асоб, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё яго малой радзімы – Сенненшчыны, – сталі яго першымі аўтарскімі кнігамі.

Ідэя іх стварэння ўзнікла падчас шматгадовай работы з фондамі і матэрыяламі Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці. Вядучы архівіст гэтай установы Антон Юпатаў стаў сааўтарам апошняга біяграфічнага даведніка «Яны кіравалі Сенненшчынай».

– Да Кастрычніцкай рэвалюцыі існаваў Сенненскі павет Магілёўскай губерніі, – патлумачыў Аляксандр Бараноўскі. – Акрамя тэрыторыі сучаснага Сенненскага раёна, ён уключаў значную частку Бешанковіцкага, Талачынскага, Чашніцкага раёнаў, а таксама Крупскага раёна Міншчыны. У 1918 годзе тут былі ўтвораны партыйныя і савецкія органы ўлады: павятовы камітэт РКП(б) і павятовы выканаўчы камітэт.

Гісторык напомніў, што ў 1924 годзе адбылося ўз’яднанне Віцебшчыны з Беларуссю, у выніку якога было скасавана старое (губерня – павет – воласць) і прынята новае (акруга – раён – сельсавет) адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне рэспублікі. Абласны падзел з’явіўся толькі ў 1938 годзе.

Аляксандр Бараноўскі і Антон Юпатаў паставілі за мэту аднавіць імёны і біяграфічныя звесткі кіраўнікоў Сенненскага павета перыяду 1918 – 1923 гадоў, а таксама ўдакладніць і паглыбіць інфармацыю пра першых сакратароў Багушэўскага (да 1965 года) і Сенненскага райкамаў КПБ і старшынь гэтых жа райвыканкамаў. Нягледзячы на знешняе двоеўладдзе, адзіным кіраўніком у раёне з’яўляўся першы сакратар райкама партыі.

З 1991 года, калі была забаронена КПСС, пасада старшыні райвыканкама і райсавета дэпутатаў была адзінай, сумешчанай. Таму, каб не ствараць блытаніну, краязнаўцы не ўносілі ў кнігу звесткі пра старшыняў райсавета да 1994 года, пакуль улада не падзялілася на дзве галіны. Адбылося гэта з прыняццем Канстытуцыі 1994 года, па якой – са змяненнямі і дапаўненнямі – мы жывём дагэтуль.

Даведнік змяшчае 106 артыкулаў пра кіраўнікоў Сенненшчыны 1918 – 2024 гадоў. Якія ж цікавыя факты ўдалося ўстанавіць? Самым маладым кіраўніком быў Д. Прышчэпаў. Ён узначаліў партыйныя і савецкія органы ўлады Сенненскага павета ў 24 гады. Толькі аднойчы за больш чым стогадовую гісторыю органаў улады рэгіёна райвыканкам узначальвала жанчына: Я. Бураўцава была яго старшынёй амаль сем гадоў.

Даўжэй за ўсіх – 11 гадоў – узначальваў райвыканкам С. Вайцяховіч. Менавіта на час яго працы прыйшоўся перыяд станаўлення беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці.

Найбольшага кар’ернага росту сярод былых кіраўнікоў Сенненшчыны дабіліся Д. Прышчэпаў і М. Дамашкевіч. Першы ўзначальваў Народны камісарыят земляробства БССР, другі –  Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі, Упраўленне справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Кіраўнікамі Сенненшчыны розных часоў з’яўляліся прадстаўнікі беларускай, рускай, латышскай, нямецкай, польскай, украінскай, чэшскай і яўрэйскай нацыянальнасцей.

– Да канца гэтага года ў свет павінен выйсці біяграфічны даведнік «Яны кіравалі Бешанковіччынай», – праанансаваў выданне Аляксандр Бараноўскі. – А напачатку чэрвеня адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя «Чашніцкі край: гісторыка-культурная спадчына рэгіёна».

Навуковец выконвае ўзяты на сябе абавязак вяртаць з нябыту імёны годных землякоў. Ён служыць сваёй радзіме, Віцебшчыне, пакідаючы ў спадчыну звесткі пра яе багатае мінулае і трансфармацыю на шляху да лепшай долі.

https://vitvesti.by/obshestvo/aliaksandr-barano-sk.html

😀
0
😍
0
😢
0
😡
0
👍
1
👎
0