26-га сакавіка 1934 году асуджаны «тройкай» на 5 гадоў зьняволеньня і этапаваны ў Карагандзінскі папраўча-працоўны лягер. Пасьля падачы апэляцыі Генэральнаму пракурору СССР 21 лістапада 1934 году тэрмін пазбаўленьня волі зьменены: тры гады высылкі ў Волагду, потым у Вельск, дзе працаваў бухгальтарам да сьнежня 1937 году. У пачатку 1938 году прыехаў у Мурманск, настаўнічаў у адной зь сярэдніх школ.
Зноў арыштаваны 2-га чэрвеня 1940 году па новым абвінавачаньні «за ўдзел у антысавецкай арганізацыі». Асуджаны (празь дзесяць дзён) на 5 гадоў пазбаўленьня волі. Пакараньне адбываў у Карагандзе, у Валагодзкай і Мурманскай абласьцях. У ссылцы працягваў літаратурную дзейнасьць, напісаў раман зь лягернага жыцьця «Жывы дом». 1-га сакавіка 1943 году мэдычнай камісіяй прызнаны інвалідам і адпраўлены паміраць дамоў. Памёр у Мурманскай вобласьці 8-га кастрычніка. Паводле некаторых зьвестак забіты рэцыдывістамі ў цягніку. Рэабілітаваны 6 студзеня 1961 году.
У 1929 годзе напісаў сатырычны раман «Запіскі Самсона Самасуя», які быў абвешчаны «злосным пасквілем на савецкую рэчаіснасьць» (цалкам апублікаваны ў 1988 годзе: Полымя, №1).
«Запіскі» напісаныя ад асобы загадчыка культаддзелу райвыканкаму Самсона Самасуя, адсутнасьць кампэтэнтнасьці якога кампэнсуецца надзвычайнай актыўнасьцю ў галіне арганізацыі культуры. Самасуй ладзіць абсурдныя культурныя мерапрыемствы, намагаючыся ў найхутчэйшы тэрмін «узьняць узровень культуры» ў раёне, адначасна імкнучыся любымі сродкамі наладзіць уласнае прыватнае жыцьцё. Напрыканцы раману пасьля выяўленьня ў раёне мястэчка «траглядытаў» і скандальнай тэатральнай пастановы некампэтэнтнага Самасуя падвышаюць і пераводзяць у акруговы культаддзел.
У 1990 выйшла экранізацыя рэжысэра Ўладзімера Арлова «Пратарчака жыцьця, або Запіскі Самсона Самасуя».
Пад час другога арышту былі затрыманы шэраг рукапісаў навэлаў, аповесьцяў і раман зь лягернага жыцьця «Жывы дом». Пошук гэтых рукапісаў па запыце дачкі Натальлі Прушынскай у архівах Мурманскага, Менскага і Комі МУС ня даў ніякіх вынікаў.
https://be-tarask.wikipedia.org/wiki/%D0%90%D0%BD%D0%B4%D1%80%D1%8D%D0%B9_%D0%9C%D1%80%D1%8B%D0%B9
