20-га лістапада 1948 года ў вёсцы Рудка (сёння Пінскі раён Брэсцкай вобласці) нарадзілася беларуская паэтка Яўгенія Янішчыц.
Яе дзяцінства прайшло на вёсцы. У 1955 годзе яна пайшла ў першы клас Рудкаўскай пачатковай школы, дзе ў чацвёртым класе напісала свой першы верш, прысвечаны маці. Пасля сканчэння Рудкаўскай школы вучылася ў Мерчыцкай васьмігодцы, а сярэднюю адукацыю атрымала ў Парэцкай школе.
Першую творчую спробу яна прадставіла на школьнай вечарыне, прысвечанай Якубу Коласу. У 1962 годзе ў раённай газеце «Палеская праўда» былі надрукаваныя яе першыя творы. Вершы маладой паэткі з’яўляліся ў раённых і рэспубліканскіх выданнях. У 1966 годзе яна паступіла на філалагічны факультэт БДУ і стала дыпламантам фестывалю творчасці моладзі.
У 1971 годзе выйшла замуж за беларускага паэта Сяргея Панізніка. Некаторы час была ў Чэхаславакіі, дзе муж служыў як ваенны журналіст. Неўзабаве вярнулася на радзіму, да маці, і ў 1972 годзе нарадзіла сына Андрэя. Без дапамогі мужа выхоўвала сына, шлюб афіцыйна скасаваны ў студзені 1976 года.
У 1976 годзе ўладкавалася працаваць у «Сельскую газету», а праз год атрымала кватэру ў Мінску.
У 1981 годзе ўдзельнічала ў XXXVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У 1983 стала загадчыкам аддзела паэзіі часопіса «Маладосць». У 1988 годзе атрымала новую трохпакаёвую кватэру на Старажоўскай вуліцы. У апошнія гады жыла адна, выхоўвала сына.
У жыцці Янішчыц былі перыяды творчага ўзлёту, прызнання і часы смутку, расчаравання. Цяжка і працягла Яўгенія Янішчыц адужвала пасля аварыі ў Магілёве ў 1976 годзе, з мноствам пераломаў прыкаваная да бальнічнага ложка. Так і не здолела перамагчы фізічны боль, што паўплывала на дэпрэсіўныя настроі ў апошнія гады жыцця. Па афіцыйнай версіі, паэтка трагічна загінула 25-га лістапада 1988 года, выпала з восьмага паверху.
Выбраная бібліяграфія
- «Снежныя грамніцы» (1970)
- «Дзень вечаровы» (1974)
- «Ясельда» (1978)
- «На беразе пляча» (1980)
- «Пара любові і жалю» (1983)
- «Каліна зімы» (1987)
- «У шуме жытняга святла» (вершы і паэмы, 1988).
- Выбранае. Мн., 2000.
Творы паэткі чытаць тут:
https://knihi.com/Jauhienija_Janiscyc
