Анатоль Сыс нарадзіўся 26-га кастрычніка 1959 года ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна. У 1982 г. скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны. Пасля службы ў войску працаваў у Веткаўскай раённай газеце. У 1985 г. пераехаў ў Менск.
Пры жыцці паэта выйшла тры зборнікі вершаў: “Агмень”(1988), “Пан лес”(1989), “Сыс”(2002).
Памёр 4-га траўня 2005 г. у сваёй менскай кватэры ад сардэчнага прыступу. Пахаваны ў Гарошкаве.
Светлая памяць.
Адпусціце мяне, Курапаты,
нават з куляю ў галаве,
да дзяцей, да жаны, да хаты.
Як там бацькаўшчына жыве?
Як там сад мой? Абрыдлі сосны,
нават камень не ўлежыць ніц.
Я вярнуся, такі ўжо лёс мой –
плакаць жвірам з пустых вачніц.
Адпусціце мяне да хаты.
Як жа так – прапусціць сяўбу?
Я ж да смертухны быў аратым,
я ж прашуся не на гульбу.
А ў залог вам пакіну кулю,
і – дадому, у Журавы!
Зайду ў двор, абдыму матулю,
пацалую, нібы жывы.
