У гэты дзень у 1506 г. адбылася знакамітая Клецкая бітва паміж войскамі ВКЛ і крымскімі татарамі.

Паводле гістарычных звестак, у траўні 1506 года татарская арда, якую ўзначалілі сыны Менглі-Гірэя Феціх-Гірэй і Бурнаш-Гірэй, выступіла з Крыма. Клецк быў абраны не выпадкова: менавіта тут перасякаліся дарогі, якія вялі на Вільню, Пінск, Нясвіж і Слуцк. Стаўшы лагерам каля горада, і пакінуўшы там траціну свайго войска, крымскія царэвічы адправілі астатніх за ясырам. Колькасць татарскага войска да гэтага часу з’яўляецца прадметам спрэчкі: па адных дадзеных, колькасць татараў набліжалася да 30 тысяч, па іншых – да дваццаці, але большасць гісторыкаў схіляецца да лічбы сем тысяч воінаў.
Вестка аб прыбыцці татарскага войска прыйшла ў Ліду падчас сейма магнатаў і шляхты. Місія па знішчэнні татараў была ўскладзена на плечы вялікага гетмана літоўскага Станіслава Кішкі, вядомага перамогай над малдаванамі ў раёне Днястра ў 1497 годзе, і маршалка надворнага Міхаіла Глінскага. Міхаіл Львовіч Глінскі быў нашчадкам знакамітага беклярбека Залатой Арды Мамая. У канцы XIV стагоддзя адзін з яго сыноў перайшоў на службу да вялікага князя літоўскага Вітаўта, атрымаўшы землі на Задняпроўі. Рэзідэнцыя роду Мамаевічаў знаходзілася ў горадзе Глінску на Суле, які і даў назву новаму прозвішчу.
24-га чэрвеня 1506 года сейм аб’явіў збор войскаў. За тыдзень пад Лідай сабралася ад 6 да 10 тысяч воінаў, якія прадстаўлялі пераважна літоўскія, а таксама цэнтральна- і заходнебеларускія землі. Гетман Станіслаў Кішка выступіў насустрач татарам. Ён вырашыў атакаваць непасрэдна іхні лагер пад Клецкам.
5-га жніўня з раніцы воінаў павёў у бой Міхаіл Глінскі, якому Кішка перадаў камандаванне, спаслаўшыся на хваробу. Войска Вялікага княства Літоўскага падышло да ракі Лань каля Клецка. Там іх ужо чакалі татары.
Яны вырашылі прыняць бой у сваім лагеры, выкарыстоўваючы як абарончую мяжу раку Лань, але Міхаіл Глінскі пад прыкрыццём двух гармат і атрада аркебузіраў здолеў навесці грэблі і па іх уварвацца ў татарскі лагер. Татары паспрабавалі былі скінуць атрад Глінскага ў Лань, але ў выніку крымчакі не вытрымалі літоўскага напору і пабеглі. Пры адступленні праз багністую рэчку Цепра загінула большая частка крымскай арды, аднак самі царэвічы Феціх і Бурнаш Гірэі змаглі пераправіцца і сысці ў Крым, дзе ледзь усцераглі галовы ад бацькоўскага гневу. Асноўныя сілы татараў былі разбітыя, але заставаліся яшчэ чамбулы, якія палявалі за ясырам. Прадбачлівы Глінскі пакінуў у лагеры засаду, у якую і траплялі чамбулы, якія вярталіся са здабычай.

Мемарыяльны крыж і камень на месцы бітвы пад Клецкам. Фота К. Шастоўскага.
У выніку бітвы пад Клецкам крымска-татарскае войска было поўнасцю разбіта, крымчакам і іх апекунам туркам прыйшлося часова адмовіцца ад сваіх захопніцкіх планаў у дачыненні да Вялікага княства Літоўскага.
https://planetabelarus.by/publications/5-avgusta-515-let-kletskoy-bitve
