Сёння, 23-га кастрычніка, 133 гады таму была абароненая першая ў гісторыі дысертацыя пра беларускую мову
У 1893 Яўхім Карскі паспяхова абараніў сваю магістарскую дысертацыю «Да гісторыі гукаў і формаў беларускай гаворкі» ў Кіеўскім універсітэце. Гэта была першая ў гісторыі дысертацыя, прысвечаная беларускай мове.
Яўхім Карскі быў беларускім акадэмікам, філолагам-славістам, заснавальнікам беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнографам, фалькларыстам, палеографам.
Адна з найбольш значных прац Я. Карскага «Беларусы» (т. 1-3, 1903-22, у 7 вып.; перавыд. вып. 1-3. М., 1955-56) вышэйшае дасягненне еўрапейскай славістыкі канца ХІХ — пач. ХХ ст., фактычна энцыклапедыя беларусазнаўства.
На аснове глыбокага, комплекснага параўнальна-гістарычнага абагульнення фактычнага матэрыялу навукова абгрунтаваў нацыянальную самабытнасць беларусаў як самастойнага славянскага народа, які стварыў сваю багатую і арыгінальную культуру, мае старажытныя традыцыі. У т. 1 «Уводзіны да вывучэння мовы і народнай славеснасці» (Варшава, 1903, Вільня, 1904) даследаваў паходжанне беларускага народа.

Акрэсліў этнічныя межы беларускага народа, даў этнаграфічную карту Беларусі пачатку ХХ ст., асвятліў важнейшыя этапы гісторыі беларускай мовы, яе спецыфічныя асаблівасці і ўзаемасувязі з рускай, украінскай, польскай, літоўскай і іншымі мовамі, вызначыў асноўны фонд рукапісаў і помнікаў пісьменства беларускага паходжання.
У т. 2 «Мова беларускага племені» (вып. 1-3, 1908-12) абгрунтаваў вучэнне пра гукавы і граматычны лад старабеларускай і сучаснай беларускай мовы ў яе народна-дыялектнай і літаратурнай формах.
Т. 3 «Нарысы славеснасці беларускага племені» складаецца з 3 выпускаў. У вып. 1 «Народная паэзія» (1916) асветлена гісторыя развіцця беларускага фальклору, ахарактарызаваны асноўныя жанры і віды народнай паэзіі беларусаў; даследаваны культурны стан плямён, якія склалі аснову беларускай народнасці, паказаны іх сямейныя і грамадскія ўзаемаадносіны, апісаны жыллё, ежа, заняткі, побыт, светапогляд, рэлігійныя вераванні, мова, міфалогія, выказаны думкі пра ўзнікненне народнай паэзіі і яе асаблівасці ў старажытнасці; у цеснай сувязі з паказам асаблівасцей абрадаў і звычаяў разгледжаны разнастайныя фальклорныя жанры — замовы, абрадавыя і бытавыя песні, прыпеўкі, прыказкі і прымаўкі, загадкі, казкі; прасочаны сляды гераічнага эпасу, паказана сувязь беларускага фальклору з фальклорам рускага і ўкраінскага народаў.
