У 1931 годзе беларускі мастак Язэп Драздовіч выпусціў кнігу па астраноміі на беларускай мове і пачаў ствараць карціны аб жыцці на іншых планетах. Да запуску першага штучнага спадарожніка Зямлі заставалася 26 гадоў, а да высадкі чалавека на Месяц – амаль чатыры дзесяцігоддзі.
Язэп Драздовіч. “Сустрэча вясны на Сатурне”
Язэп Драздовіч нарадзіўся 13-га кастрычніка 1888 года на хутары Пунькі (цяпер гэта Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці). Ён быў надзвычай рознабаковым чалавекам і захапляльнай натурай. Вучыўся ў Віленскай рысавальнай школе, супрацоўнічаў з беларускімі выдавецтвамі, вывучаў гісторыю і культуру роднага краю. Яго можна ўявіць і мастаком, і этнографам, і археолагам, і пісьменнікам, і педагогам. Менавіта таму сучаснікі называлі яго “беларускім да Вінчы”.
Адмысловае месца ў яго жыцці займаў космас. У 1931 годзе ў Вільні выйшла ягоная кніга “Нябесныя бегі” (“Нябесныя арбіты”) – адно з першых выданняў па астраноміі на беларускай мове. Драздовіч не абмяжоўваўся чытаннем навуковай літаратуры: ён вылучаў уласныя тэорыі аб паходжанні планет і іх руху, рабіў малюнкі і спрабаваў уявіць, як могуць выглядаць далёкія светы.

Язэп Драздовіч. “Трывеж” (месяцовы горад, прыдуманы мастаком)
У 1931–1933 гадах мастак стварыў цэлыя серыі прац аб жыцці на Марсе, Сатурне і Месяцы. На яго палотнах з’яўляліся фантастычныя пейзажы, незвычайныя гарады і істоты, якія насяляюць іншыя планеты. Некаторыя вобразы ён звязваў з так званымі “начнымі візіямі” – яркімі снамі, якія запісваў і замалёўваў. Усяго – больш за сто карцін.
Аўтапартрэт Язэпа Драздовіча. Ён адлюстраваў сябе ў трох выявах: астраном, мастак і гісторык
Пры гэтым Драздовіч не быў вучоным-астраномам у сучасным сэнсе. Яго касмалагічныя тэорыі не атрымалі прызнання навуковай супольнасці, а многія ідэі заставаліся абстрактнымі. Але яго карціны сталі рэдкім прыкладам таго, як мастацкае ўяўленне спрабавала зазірнуць за межы вядомага свету задоўга да першых касмічных палётаў.
У апошнія гады жыцця мастак марыў апублікаваць свае даследаванні Сусвету, аднак ажыццявіць гэтую задуму не ўдалося. Ён памёр 15-га верасьня 1954 года.
