Не смеціце ў лесе! Вы — на асаблівым кантролі Бешанковіцкага лясгаса

Грамадства

Лес – не проста крыніца драўніны і месца для прагулак. Гэта складаная экасістэма, хата для мноства раслін і жывёл, “лёгкія” нашай планеты і найважны рэсурс, які патрабуе беражлівых і адказных адносін. На жаль, не ўсе гэта разумеюць.

photo_2026-11-17_11-16-40
photo_2026-11-17_11-16-46

Адной з самых вострых праблем застаецца забруджванне ляснога фонду. Толькі за год па артыкуле 16.22 КаАП Рэспублікі Беларусь да адміністрацыйнай адказнасці было прыцягнута 7 чалавек. Здавалася б, лічба невялікая, але за ёй – кінутае смецце, незаконныя сметнікі, захламленне лясных тэрыторый… Усё гэта наносіць непапраўную шкоду прыродзе.

Працаўнікі Бешанковіцкага лясгаса не застаюцца ў баку ад праблемы. З пачатку года яны правялі 127 выездаў па кантролі за выкананнем ляснога заканадаўства. Але, як адзначыў начальнік аддзела аховы лесу Валерый Усцюгаў, кантролем работа не абмяжоўваецца – яна накіравана перш за ўсё на асвету і прафілактыку. За гэты час было праведзена 218 гутарак з грамадзянамі, раздадзена 335 улётак, прачытана 5 лекцый. Гэтыя лічбы сведчаць аб тым, што лясгас вядзе маштабную тлумачальную работу, расказваючы людзям аб правілах паводзін у лесе і аб тым, якую шкоду наносіць безадказнае стаўленне да прыроды.

Акрамя прафілактыкі, вядзецца і практычная работа па ліквідацыі ўжо нанесенага ўрону. З пачатку года работнікі лясгаса ліквідавалі 11 сметнікаў аб’ёмам 6,61 кубаметра. Гэта – смецце, якое нехта пакінуў у лесе, не задумваючыся пра наступствы.

Кожны з нас можа зрабіць свой унёсак у захаванне лесу. Простыя правілы – не пакідаць смецце, не разводзіць вогнішчы ў неналежных месцах, не высякаць дрэвы – дапамогуць захаваць лес для будучых пакаленняў. Памятайце, беражлівыя адносіны да прыроды – не абавязак, а свядомы выбар кожнага. Давайце разам шанаваць і берагчы тое, што дала нам прырода. Лес не можа абараніць сябе сам – абараніць яго можам мы.

😀
0
😍
0
😢
0
😡
0
👍
0
👎
0