У гэтых словах – увесь Адам Міцкевіч…

Сёння, 26 лістапада, – дата ягонага скону ў Канстанцінопалі.
Паэмай «Пан Тадэвуш», выдадзенай у Парыжы ў чэрвені 1834 года, па сутнасці, завяршылася паэтава творчасць у эміграцыі – Адаму з Наваградка было толькі 35 гадоў. Праўда, захаваліся накіды далейшых фрагментаў «Дзядоў», думаў ён і пра другую частку «Пана Тадэвуша», але нічога не друкаваў і большасць рукапісаў ператварыў у попел. Ці то была боязь паўтарэння ўжо створанага, ці то муза натхнення пакінула яго? Хто ведае… Але ж нешматлікія вершы, якія пазбеглі знішчэння (і перш-наперш жамчужына лірыкі Міцкевіча – ягоныя лазанскія вершы), пераканаўча сведчаць: талент паэта не пацьмянеў, не згас…
Аднак яго адольвалі сумневы: «Я пераконваюся, што занадта шмат жыў і працаваў толькі для святла, дзеля пустых пахвал і дробных мэт. Мабыць, ніколі ўжо не вазьму ў рукі пяра для забаўкі… Мне здаецца, гістарычныя паэмы і наогул усе ранейшыя формы ўжо напалову спарахнелі і іх можна ажывіць толькі дзеля ўцехі чытачоў… Паэзія занадта доўга была альбо акторкай, альбо распусніцай, альбо палітычнай газетай. Гэтыя думкі часта наводзяць на мяне сум і ледзь не душэўную пакуту; мне часта ўяўляецца, што я, нібы Майсей, бачу з гары запаветную зямлю паэзіі, але ўсведамляю сябе нявартым ступіць на яе…»
Адам не знаходзіў аднадумцаў ні ў адной з эмігранцкіх груповак. І хоць да яго ставіліся з глыбокай павагай, як да вялікага паэта, і кожная партыя ахвотна бачыла б яго ў сваіх шэрагах, тым не менш ён трымаўся ад іх убаку – яму былі агідныя іхнія бясконцыя ўнутраныя звады.
Шлюб з Цэлінай Шыманоўскай не прынёс яму шчасця. На свет прыходзілі дзеці (іх было шасцёра), а ў дом паэта ўсё часцей зазірала галеча. У 1839 годзе Лазанскі ўніверсітэт запрасіў Міцкевіча чытаць лекцыі па рымскай літаратуры. У дэкрэце аб яго прызначэнні на кафедру гаварылася: «Адзін з першых паэтычных геніяў нашага часу, акружаны арэолам еўрапейскай славы». Лазана была яму даспадобы, але добразычлівасць і гасціннасць швейцарцаў не маглі наталіць тугу па радзіме, што ўзрастала год ад году. З прыязнай Лазаны ён пісаў у Чылі земляку і сябру юнацтва Ігнату Дамейку: «Я часта сумую па Літве, і вечна сняцца мне Наваградак і Туганавічы».

Туганавіцкі парк у пачатку XXI стагоддзя
Праз год Міцкевіч вярнуўся з Швейцарыі ў Парыж, дзе перад ім нечакана адкрывалася новае поле дзейнасці: Калеж дэ Франс прапанаваў яму ўзначаліць кафедру славянскай літаратуры, якая тут адкрылася. Тым самым ён атрымаў трыбуну, з якой мог прапаведаваць ідэалы свабоды і сваё разуменне гісторыі. Лекцыі Міцкевіча карысталіся вялікім поспехам, і ўсё ж выкладчыцкая праца не змагла поўнасцю задаволіць яго.
Ягонае сямейнае жыццё рабілася ўсё цяжэй: стан жонкі, якая пакутавала ад душэўнае хваробы, пагаршаўся… Менавіта тады, у самы трагічны момант эмігранцкага жыцця, з’явіўся чалавек, у якім ён убачыў пасланца лёсу, прарока, закліканага растлумачыць сэнс нацыянальнай трагедыі і наставіць на шлях праўдзівы.
Гэта быў выхадзец з Літвы Анджэй Тавяньскі, стваральнік містычнай сістэмы, у якой элементы хрысціянства перапляталіся з кабалістыкай. На некалькі год паэт стаў самым адданым яго прыхільнікам, слупам заснаванай ім сектанцкай арганізацыі. Але ж з цягам часу пачаў вызваляцца ад уплыву «Настаўніка», і ў 1846 годзе нарэшце разышоўся з ім канчаткова. Ад злой чароўнасці «тавяньшчыны» Міцкевіч назаўжды вызваліўся пад уплывам палітычных падзей, якія адкрылі перад ім перспектывы канкрэтнай дзейнасці. То быў год 1848-ы – год новых рэвалюцыйных узрушэнняў у Еўропе, эпоха «Вясны народаў».
Лютаўская рэвалюцыя ў Парыжы змяла з прастола Арлеанскую дынастыю. Вызваленчы рух ахапіў большасць еўрапейскіх краін, і мацней за ўсё – землі Аўстра-Венгрыі, другой пасля царскай Расіі апоры абсалютызму ў Еўропе. Калі ў Італіі пачалася барацьба за вызваленне паўночных правінцый ад аўстрыйскага ярма, Міцкевіч у ліхаманкавай спешцы едзе з Францыі ў Італію, каб там арганізаваць польскі легіён, у ідэйнай праграме якога ён абвяшчае свабоду слова і веравызнання, роўнасць усіх грамадзян перад дзяржавай, раўнапраўе жанчын, брацтва славянскіх народаў…
З поўным разуменнем паставіўся да гэтых планаў вялікі змагар за свабоду Італіі Джузэпэ Мадзіні – ён пісаў Міцкевічу ў Мілан: «Брат, дазволь назваць цябе гэтым імем. Мяне не аб’ядноўвае з табой братэрства па генію, але я адчуваю братэрства імкненняў, надзей і веры ў крыжовы паход чалавецтва і маёй радзімы, якая, будучы яго часткай, імкнецца да вялікіх мэт братэрства…»
«Вясну народаў», аднак, хутка захліснула хваля палітычнай рэакцыі. Міцкевіч быў звольнены з Калеж дэ Франс. Тады сябры выклапаталі для яго сціплае месца ў бібліятэцы Арсенала. Яму было ўжо за пяцьдзесят. А фатаграфіі Міцкевіча таго часу прадстаўляюць нам заўчасна састарэлага, сівога мужчыну з выразам смяротнай стомленасці на твары. Гэта – твар чалавека, які ніколі не шкадаваў сваіх сіл і жыў у сталай напрузе. Абагаўляемы мільёнамі людзей, ён адначасова з усіх бакоў падвяргаўся злым нападкам: рэтраградамі як непахісны змагар за свабоду, левымі – за свой містыцызм, царкоўнікамі – як ледзь не вераадступнік…

І ўсё ж дастаткова было з’явіцца пробліску надзеі, каб Міцкевіч зноў актыўна ўключыўся ў барацьбу. У 1853 годзе пачалася Крымская вайна. Частка польскай эміграцыі ўгледзела ў ёй магчымасць узброенага выступу супраць царызму. Міцкевіч неадкладна – ды хіба ж магло быць інакш для Пілігрыма свабоды! – сабраўся ў Канстанцінопаль. Хуткая смерць спыніла яго дзейнасць – на 57-м годзе жыцця. Па ўсёй верагоднасці, ён заразіўся халерай, што лютавала ў той час у Турцыі, хоць доўгі час хадзілі, ніколі зрэшты не пацверджаныя, чуткі аб тым, што ён быў атручаны…
Вынас цела памерлага ў Канстанцінопалі Паэта выліўся ў сапраўдную дэманстрацыю: у глухім маўчанні ішлі за яго труною прадстаўнікі розных народаў. Адзін з відавочцаў успамінаў: «… нібы рака, плыў натоўп людзей з чорнымі цюрбанамі на галовах – натоўп неабсяжны». Цела Міцкевіча было перавезена ў Францыю і пахавана на могілках у Манмарансі. На вестку пра смерць Адама Міцкевіча паэт Зыгмунт Красінскі адгукнуўся трапяткімі словамі: «Ён быў для людзей майго пакалення і мёдам, і малаком, і жоўцю, і крывёю сардэчнай, мы ўсе – ад яго…»
З 1890 года прах Адама Міцкевіча знаходзіцца ў Кракаве, у склепе Кафедральнага сабора Вавельскага замка, побач з каралеўскімі грабніцамі. Дзесяткі помнікаў яму пастаўлены ў розных краінах свету – ад Атлантыкі да Ціхага акіяна. Генію паэзіі прысвечаны экспазіцыі музеяў. Ягонае імя носяць вуліцы, плошчы, бібліятэкі, навучальныя ўстановы…
Ён працягвае жыць у сваіх бессмяротных творах. Яго палымянае сэрца б’ецца ва ўнісон з сэрцамі ўдзячных чытачоў…
Завоссе. Тут нарадзіўся будучы паэт. Гравюра Напалеона Орды

Музей-сядзіба Адама Міцкевіча ў Завоссі адкрыты ў 1998 годзе

Экспазіцыя музея пераносіць наведвальнікаў у атмасферу паэмы «Пан Тадэвуш».
Ваколіцы Завосся, блізкія і далёкія, адлюстраваны ў баладзе Міцкевіча «Тукай, або Выпрабаванні дружбы» (1820).
Над балотам дождж імгліцца…
Прамінулі ўжо Гніліцу
І Калдычаўскія хвалі.
Дзе дрыгвы купчастай шыры
Абступіў гушчар сасновы,
На гары відаць Жарновай
Чуб, насунуты са жвіру.

Помнік А. Міцкевічу каля Замкавай гары ў Наваградку (1992 год)

Наваградак. Курган Бессмяротнасці Адама Міцкевіча. Адкрыты ў 1931 годзе

Наваградак. Дом-музей А. Міцкевіча

Помнікі Адаму Міцкевічу каля музея

Музей пачаў работу ў бацькоўскім доме паэта ў 1938 годзе.
Вось так будынак выглядаў на здымку 1865 года

Такім яго намаляваў Напалеон Орда
Музей быў зруйнаваны падчас Другой сусветнай вайны, адноўлены і адкрыты для наведвальнікаў 26 лістапада 1955 года – да 100-годдзя з дня смерці паэта. Сёння яму спаўняецца 70 год!

Адам Міцкевіч і вежы Навагрудскага замка ўпрыгожваюць адзін з дамоў у Навагрудку

Адам Міцкевіч у Мінску (2003)

Адам Міцкевіч у Гродна

Адам Міцкевіч у Вільнюсе (1984)
У літоўскай сталіцы ёсць музей А. Міцкевіча, які пачаў работу ў 1911 годзе. Нанова адкрыты ў 1955 годзе.

Адам Міцкевіч у Варшаве (1955)
У польскай сталіцы з 1952 года дзейнічае музей А. Міцкевіча.
Адам Міцкевіч у Санкт-Пецярбургу (1998)
Памяць пра Адама Міцкевіча ўвекавечана ў Парыжы ў музеі, створаным намаганнямі сына паэта Уладзіслава Міцкевіча ў 1903 годзе.
Пра гэта ўсё я на парыжскім бруку
І думаў з болем, стомлены ад груку,
Праклёнаў і дакораў, сварак, спрэчак
І позніх шкадаванняў недарэчы.
О гора ўсім нам, што ў часіны смуты
Уцяклі за межы краю на пакуты!
Дзе ні ішлі мы, а трывогі вечна
Апераджалі нас…
(Пер. Я. Семяжона)
Тут завяршыўся зямны шлях Паэта, Прарока, Пілігрыма Свабоды….
Будынак, дзе памёр Адам Міцкевіч, знаходзіўся ў гістарычнай частцы Стамбула (да 1930 года – Канстанцінопаля) і, на жаль, не захаваўся. Але на яго месцы пазней быў пабудаваны дом, які паўтарае форму першапачатковага будынка. І ў 1955 годзе, да 100-годдзя з дня смерці Паэта, тут быў адкрыты музей, пра што сведчыць мемарыяльная дошка на фасадзе.
Партрэт Адама Міцкевіча на саркафагу ў Вавельскім кафедральным саборы
***
Ва ўсім мінулым і ва ўсім, што будзе,
Нам, эмігрантам, непатрэбным людзям
У свеце, дзе нам доля быць судзіла,
Застаўся родны кут, свая радзіма –
Дзяцінства край! Спазнаўшы смак выгнання,
Ён дораг нам, як першае каханне,
Бо не атручаны самадакорам
За ўсё памылкі, зробленыя ўчора.
У ім задумы спраўджваліся складна
І не былі выпадкам падуладны;
Там рэдка плакаў я, не ведаў злосці.
Туды, у край дзяцінства, хоць бы ў госці
Мне думкай заляцець і сенакосам
Прабегчы па траве ў калена босым,
Нарваць званкоў з расой пучок ліловы,
Сцінаючы дубцом балігаловы!
Ў ім, небагатым, цесным, я быў шчасны;
Як Богу – божы свет, так мой уласны
Дом на радзіме быў шырокім светам
Усіх маіх вытокаў…
Аўтар: Анатоль Варава
Фота: аўтара, Сяргея Плыткевіча i з адкрытых крыніц
https://planetabelarus.by/publications/ya-dushoyu-radzime-razli-sya-da-skonu-



