Праца Міхаіла Самарцава не звязаная з банкам, касай ці бухгалтэрыяй. Ён электраманцёр РЭС, але пра грошы можа расказаць шмат цікавага.
Міхаіл — калекцыянер. Прычым збірае самыя дробныя манеты розных краін. Захапленне яго родам з дзяцінства. Калісьці пазнаёміў з ім стрыечны брат з Салігорску. Хлопец стаў збіраць капейкі, вырашыўшы, што і дробязь можа мець каштоўнасць, калі гэта не звыклая манета мінімальнага наміналу, якая знаходзіцца ў абарачэнні, а грашовая адзінка іншай краіны мінулага або пазамінулага стагоддзя. А манеты менавіта пачынальна з 1800 года і патрапілі ў поле зроку Міхася.
Цяпер збор асіпаўчаніна налічвае больш за 1000 манет, у ім прадстаўлена больш за сто краін свету. І хоць усе знакі аднаго наміналу, але выпушчаны яны ў розныя перыяды, адрозніваюцца па манетным двары, тыпе, метале, малюнку рабра, дыяметру, вазе. Прадстаўлены і рэдкія экземпляры, напрыклад дацкі рыгсбанкдалер 1838 года, адна з егіпецкіх манет, выпушчаных невялікім тыражом. Асабліва цікавая манета з Паўднёвай Афрыкі, абодва бакі якой – рэшка. Гэты грашовы знак уяўляе калекцыйную каштоўнасць і каштуе дорага.
Манеты да нумізмату прыходзяць рознымі шляхамі. Многія ён знаходзіць на спецыяльных маркетплейсах, набывае на аўкцыёнах, часам праводзіць абмен з калегамі па захапленні. Даводзілася нешта выпадкова знаходзіць, асобныя экземпляры аддавалі знаёмыя, сёе-тое прывозіў з замежных паездак. Адно з апошніх набыццяў – некалькі фінскіх манет, перададзеных братам, які таксама зацікавіўся нумізматыкай.
Манеты ў большасці сваёй з «багатым жыццёвым досведам», таму часта яны знаходзяцца не ў самым лепшым стане. Міхаіл навучыўся аб’ектыўна ацэньваць іх якасць: ступень зносу, прыкметы карозіі, стан гурта (рэбра) і дакладнасць рэльефу, асвоіў і метады рэстаўрацыі. Усё робіць сам з дапамогай спецыяльных сродкаў, з улікам матэрыялу, з якога выкананы той ці іншы знак.

Суразмоўца з усмешкай успамінае, што першыя экзэмпляры захоўваў у шкатулцы, зараз жа ўся калекцыя займае 15 сучасных альбомаў, дзе манеты пасартаваны па краінах і кантынентах, пазначаных сцягам адпаведнай дзяржавы. Паралельна вывучыў сцягі.
Калекцыя паступова расце, усё шчыльней ахопліваючы зямны шар.
— Шкада, што цяпер моладзь стала менш цікавіцца старымі манетамі, – наракае Міхась. – Бо калекцыянаванне грашовых знакаў – гэта не проста хобі. Гэта магчымасць трымаць у руках гісторыю: даведвацца пра краіны, эпохі, змены ў грашовай сістэме і нават пра тое, як мяняліся матэрыялы і спосабы чаканкі. І калі ўдумацца, нават пацёртая манета раскажа больш, чым здаецца на першы погляд, а многія з іх ужо не плацежны сродак, а культурная спадчына, якую трэба вывучаць і захоўваць.
Іна Заскевіч
