На роднай зямлі можна годна працаваць, нядрэнна зарабляць і перадаваць справу дзецям. У гэтым перакананы Сяргей Коршун з аграгарадка Свяча Бешанковіцкага раёна, уладальнік асабістай падсобнай гаспадаркі (АПГ).
Афіцыйны статус АПГ сям’я Коршун аформіла 13 гадоў таму. Сяргей Аляксандравіч расказаў, што ў аддзеле землеўпарадкавання Бешанковіцкага райвыканкама ўсе дакументы падрыхтавалі аператыўна, праблем не ўзнікла. Сёння іх падворак – гэта чатыры гектары дагледжаных угоддзяў.
Субяседнік адзначыў: каб гаспадарка развівалася, адной стараннасці мала. Патрэбны новыя плошчы і тэхніка.
У паспяховыя гады валавы збор бульбы дасягае 100 тон пры ўраджайнасці каля 500 цэнтнераў з гектара. Капуста дае да 20 тон, а маладая клубнічная плантацыя – каля 2 тон саспелай ягады, – падзяліўся Сяргей Аляксандравіч. – Цэны на ўгнаенні і паліва раслі, таму, каб атрымліваць аддачу, неабходна было пашыраць плошчы і абнаўляць машынна-трактарны парк. Цяпер дзяржава добра падтрымлівае фермераў – ільготныя крэдыты, лізінг. Мы імі не карысталіся, абвыклі разлічваць на сябе. Працавалі і паступова закуплялі неабходную тэхніку – трактары, камбайн, сажалку, капалку, варушылку і іншае абсталяванне.
Пад бульбу сёння адведзена тры гектары, астатняе займае позняя капуста. Ад ранніх гатункаў адмовіліся – не хапае часу на рэалізацыю.
Сваю прадукцыю Сяргей Коршун перакупшчыкам прынцыпова не аддае, возіць на кірмашы і за якасць адказвае рэпутацыяй.
Зямля – гэта велізарная праца і пастаянная рызыка. Надвор’е капрызіць: то засуха, то праліўныя дажджы. Але выгадаваць – паўсправы, трэба выгадна прадаць. Арыфметыка простая. Сабекошт кілаграма бульбы ўмоўна – каля 70 капеек. Я дадаю 10 капеек сабе на хлеб. Перакупшчыкі ж забіраюць яго і “накручваюць” яшчэ 30 – 40 капеек. У мінулы неўраджайны год мы прадавалі бульбу па 1,5 рубля, зараз, калі ўрадзіла шчодра, трымаем кошт 1,2. Працаваць у страту ніхто не будзе, хочацца, каб сумленная праца ацэньвалася справядліва, – растлумачыў суразмоўца.
Дні ў сям’і фермераў распісаны па гадзінах. Пятніца – самая гарачая: сартаванне і фасоўка гародніны па сетках перад выходнымі кірмашамі. Толькі панядзелак – умоўны выходны, але і тады на падворку знаходзіцца праца. Зрэшты, нават у бясконцым кругавароце клопатаў жонкі Коршун умеюць знаходзіць час для душы. Таццяна Іванаўна ператварыла ўчастак у квітнеючы аазіс, а Сяргей Аляксандравіч адпачывае каля сажалкі, якую ўладкаваў сам, зарыбіў амурам, карпам і лінем.
— Калі знаёмыя расказваюць пра заморскія берагі, слухаю іх з цікавасцю, але зусім не зайздрошчу, — прызнаўся ён. – Для мяне шчасце – гэта калі ты можаш і годна зарабляць на сваёй роднай зямлі, і тут жа, каля парога свайго дома, па-сапраўднаму адпачываць. Бо зямля – яна ўсё адчувае. Калі ты ўкладаеш у яе сілы і любоў, яна цябе і накорміць, і вылечыць, і супакоіць. Няма нічога даражэй, чым пасля працоўнага тыдня сесці на беразе з вудай.
Галоўны гонар мужа і жонкі – дзеці і ўнукі. Дачка Анастасія працуе педыятрам у Віцебску. Сын Мікалай з жонкай распачалі сваю справу на бацькоўскай ніве. Суразмоўца ганарлівы, што выгадаваў годную змену:
Самае галоўнае ў выхаванні – асабісты прыклад. Мы з жонкай працавалі, а сын і дачка заўсёды былі каля нас. Дзеці павінны бачыць сумленную працу.
Пакуль старэйшае пакаленне сям’і Коршун робіць стаўку на традыцыйныя культуры, іх сын Мікалай з жонкай Ліяй заняліся трускаўкай.
– Пяць гадоў таму ўсё пачалося з мамінай градкі. Яна выпісала гатункавую расаду. Ягады аказаліся буйнымі, сакавітымі і салодкімі! Тады і вырашылі паспрабаваць вырошчваць трускаўку, – распавёў Мікалай. Стартавалі без вялікіх укладанняў: укладвалі кропельную стужку, мульчавалі глебу сенам, гатункавую расаду вырошчвалі самі. Сёння пад трускаўкай каля 80 сотак. Лёгкім ягадны бізнэс не назавеш. Мікалай, які адказвае за тэхналогіі, прызнаецца, што адкрыты грунт – гэта заўсёды латарэя.
– Два гады таму з-за хваробы прама падчас завязі пладоў загінула палова плантацыі. Рукі не апусцілі: ачысцілі, апрацавалі поле і пачалі нанова, – адзначыў Мікалай Коршун. – У гэтым годзе правялі эксперымент – пасадзілі частку трускаўкі пад белую плёнку для абароны і падаўжэння сезона.
Лія ўзяла на сябе прасоўванне сямейнай справы ў Instagram і TikTok.
— Мы паказваем увесь шлях нашай ягады – ад расады да збору. Весці старонкі, сумяшчаючы з цяжкай фізічнай працай, няпроста, гэта забірае шмат сіл. Але сацсеткі прыводзяць да нас новых пакупнікоў, якія бачаць сумленную працу і давяраюць нам, – канстатавала Лія. – Поспех натхніў: у гэтым годзе планую больш расказваць і аб бацькоўскай бульбе.
— Першую трускаўку прадавалі па 22 рублі за кілаграм. Так, гэта даражэй за прывазную з Брэста, але за якасць мы адказваем рэпутацыяй. Лія ўручную сартуе кожную партыю. У латкі трапляюць толькі адборныя ягады, а ягады нават з малюсенькай заганай сыходзяць па зніжцы. Людзі гэта цэняць і вяртаюцца зноў, – падкрэсліў Мікалай, адзначыўшы, што якасць заўсёды стаіць на чале.
– Праца на зямлі натхняе. Галоўная наша мара – пабудаваць уласны дом на роднай зямлі і далей развіваць сямейны аграбізнес.
