У Браславе адкрылі фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам. Ён 18-ы на Віцебшчыне

Грамадства

Будаўніцтва новага аб’екта пачалося ў лютым 2025 года. На ўзвядзенне ФАКу было выдаткавана каля 10 млн. рублёў. Ён будзе даступны як для спартсменаў, так і для жыхароў і гасцей Браслаўскага раёна, а ў міжсезонне дасць магчымасць займацца фізкультурай і спортам у камфортных умовах.

Тут ёсць трэнажорная і зала для фітнесу, лазневы комплекс, які ўключае сауну і хамам, басейн з трыма дарожкамі даўжынёй 25 метраў і залу сухога плавання. Дарэчы, плаваннем змогуць займацца як дарослыя, так і дзеці любога ўзросту, для малых прадугледжана асобная зона.

ФАК аднамаментна можа прымаць да 70 чалавек ва ўсіх залах, дзе пераважна прадугледжаны заняткі па гадзіне. Напрыклад, у басейне плануюць праводзіць да 12 сеансаў у дзень без выходных. Па папярэдніх падліках, комплекс будуць штодзень наведваць больш за 600 жыхароў і гасцей Браслаўскага раёна.

Новы спартыўны аб’ект стане галоўнай трэніровачнай пляцоўкай для больш як 130 выхаванцаў ДЮСШ Браслаўскага раёна. “У нас культывуюцца тры віды спорту – лёгкая атлетыка, бокс і парусны спорт. Нашы дзеці – пастаянныя прызёры і пераможцы абласных спаборніцтваў, адкрытых кубкаў. Таксама нашы выхаванцы, якіх мы перадаем у вучылішчы алімпійскага рэзерву Наваполацка і Віцебска, займаюць прызавыя месцы і на рэспубліканскіх спаборніцтвах”, распавёў журналістам дырэктар спартшколы Валерый Крумплеўскі.

Ён дадаў, што ў ДЮСШ займаюцца не толькі юныя браслаўчане, але і хлопцы з найбліжэйшых населеных пунктаў, якія прыязджаюць на трэніроўкі ў вольны ад вучобы час. “У новым ФАКу мы зможам зрабіць трэніроўкі разнапланавымі, а ў далейшым будзем планаваць адкрыццё аддзялення плавання ў нашай спартшколе”, – падзяліўся Валерый Крумплеўскі.

У цырымоніі адкрыцця новага аб’екта прыняў удзел старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта ў Віцебскай вобласці Ігар Сяргеенка. Ён падкрэсліў, што гэта 18-ы такі спартыўны аб’ект на Віцебшчыне. “Траціна сродкаў на яго ўзвядзенне была выдзелена з раённага бюджэту, астатняя сума – з абласнога. Гэта сведчыць аб жаданні кіраўніцтва райвыканкама зрабіць жыццё больш цікавым, насычаным, каб яно было больш камфортным менавіта тут, у Браславе”, – адзначыў кіраўнік дэпутацкага корпуса рэспублікі.

Чытаць цалкам:

https://belta.by/regions/view/novyj-fizkulturno-ozdorovitelnyj-kompleks-otkryli-v-braslave-809688-2026

😀
0
😍
0
😢
0
😡
0
👍
2
👎
0