Буравая вышка каля Свячы

Грамадства

З чэрвеня гэтага года ў Бешанковіцкім раёне каля Свячы вядуцца маштабныя работы па свідраванні параметрычнай свідравіны “Бешанковіцкая-1”.

Праект рэалізуецца ДП “НПЦ па геалогіі” ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Нетры” на 2026-2030 гады.

Галоўная мэта экспедыцыі – зазірнуць на кіламетр углыб Зямлі, каб даведацца больш аб геалагічнай будове малавывучанага краю.

Як праходзіць бурэнне?

На пляцоўцы працуе сучасная мабільная ўстаноўка МБУ-140. Праектная глыбіня свідравіны – 1000 метраў. Галоўная асаблівасць работ у тым, што бурэнне вядзецца з суцэльным адборам так званага керна. Гэта значыць, што кожны падняты на паверхню цыліндрычны ўзор горнай пароды старанна вывучаецца, апісваецца і захоўваецца. Навукоўцы літаральна чытаюць “каменны летапіс” планеты: ад сучасных ледніковых пяскоў і глін яны спусцяцца да найстаражытных гранітаў і гнейсаў крышталічнага падмурка, узрост якіх вылічаецца мільярдамі гадоў.

Таксама ў свідравіну апускаюцца спецыяльныя прыборы (пры правядзенні геафізічных даследаванняў у свідравіне), якія дапамагаюць скласці дакладны лічбавы партрэт геалагічнага разрэзу.

Каманда прафесіяналаў

Бурэнне вядзе філіял «Мазырская нафтаразведачная экспедыцыя глыбокага свідравання», геалагічнае суправаджэнне і дакументацыю керна ажыццяўляюць спецыялісты Слуцкай геолагаразведачнай партыі філіяла «Беларуская комплексная геолага-разведачная экспедыцыя», а ўнікальныя аналізы возьмуць на сябе супрацоўнікі філіялаў “Інстытут геалогіі” і “Цэнтральная лабараторыя”.

Прырода пад абаронай

Важны аспект праекта – беражлівыя адносіны да навакольнага асяроддзя. Паколькі працы вядуцца на сельскагаспадарчых землях, урадлівы пласт глебы быў акуратна зняты і захаваны ў спецыяльных капцах для наступнай рэкультывацыі.

«Хачу супакоіць землекарыстальнікаў, – кажа начальнік Бешанковіцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Карась. – Усе адкіды свідравання (шлам і растворы) не трапляюць у грунт: яны збіраюцца ў абсталяваныя герметычныя ёмістасці. Па заканчэнні свідравання зямля будзе поўнасцю адноўлена і вернутая землекарыстальнікам. Ніякай шкоды навакольнаму асяроддзю не будзе».

Што ў выніку?

Завяршэнне палявых работ запланавана на чацвёрты квартал 2026 года. Сабраныя ўнікальныя дадзеныя і справаздачныя матэрыялы перададуць у дзяржаўны геалагічны фонд. Для Бешанковіцкага раёна гэта рэальны крок да новых адкрыццяў і больш дакладнага разумення таго, якія багацці маюць беларускія нетры. А пакуль свідравая працягвае сваю працу – і хто ведае, якія таямніцы яна адкрые ўжо ў найбліжэйшыя месяцы.

В Бешенковичском районе ведутся работы по бурению параметрической скважины – Зара Бешенковичи

😀
0
😍
0
😢
0
😡
0
👍
1
👎
0