З «Журнала баявых дзеянняў»:
«Рэчышча р. Чарнагасніца без папярэдняй падрыхтоўкі праходаў для танкаў — непраходнае, берагі стромкія, эскарпаваныя і замініраваныя. Рэчышча забалочанае… Была выяўлена магчымасць пераправы цераз раку ў вусці ракі і каля шашы…»
6 ліпеня
Раніцай 6.07.1941 года па асобным загадзе камандзіра дывізіі камандзір 27-га танкавага палка маёр Раманаўскі групай цяжкіх і лёгкіх танкаў сумесна з пяхотай і артылерыяй правёў баявую разведку праціўніка, які займаў заходні бераг р. Чарнагасніца. Сапёры 27-га танкавага палка і 2-і батальён 14-га матастралковага палка з мэтай захопу супрацьлеглага берага ракі і разведкі перапраў пачалі атаку, у якой удзельнічала: КВ — 12 машын, БТ — 2 машыны, пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза капітана Хараборкіна. Падтрымку аказваў 14-ы гаўбічна-артылерыйскі полк.
Праціўнік арганізаваным артылерыйскім і супрацьтанкавым агнём не дапусціў нашы войскі да ракі. Было страчана: 4 танкі КВ (выбухнулі разам з экіпажамі), 1 танк быў прабіты праз маску гарматы, 2 танкі падарваліся на мінах і былі расстраляны артылерыяй праціўніка. Два танкі КВ з пашкоджанай хадавой часткай былі эвакуіраваны.
Пасля няўдалай атакі танкі адышлі на зыходныя пазіцыі, пяхота засталася на ўсходнім беразе ракі. У гэтай разведцы загінуў Герой Савецкага Саюза капітан Хараборкін.
Каля 22.00 28-ы танкавы полк (7 танкаў КВ) і батальён 14-га матастралковага палка авалодалі супрацьлеглым берагам ракі і прасунуліся на 0,5 км на захад.
7 ліпеня
У 6.30 7.07.1941 года 27-ы і 28-ы танкавыя палкі выйшлі з зыходных пазіцый у атаку. Артылерыя праціўніка да выхаду танкаў на ўсходні бераг р. Чарнагасніца агню не вяла. На р. Чарнагасніца праціўнік паставіў артылерыйскі супрацьтанкавы загараджальны агонь. У выніку разбурэння некалькіх праходаў агнём праціўніка і нашымі танкамі на ўчастку 27-га танкавага палка адбылася затрымка і скапленне танкаў каля трох спраўных перапраў. Некалькі танкаў пачалі шукаць праходы цераз р. Чарнагасніца, рухаючыся паралельна фронту, і пры спробе пераправы ўброд завязлі.
Праціўнік адкрыў моцны артылерыйскі агонь з гармат усіх калібраў па рэчышчы ракі Чарнагасніца і пераправах, нанёсшы сур’ёзныя страты нашым танкам.
У гэты час з’явіліся пікіруючыя бамбардзіроўшчыкі і знішчальнікі праціўніка, якія паслядоўна, хвалямі, бамбілі танкі і пяхоту 14-га матастралковага палка, наносячы значныя страты. Тым не менш танкі 27-га і 28-га танкавых палкоў праніклі ў глыбіню абароны на 3–5 км, але, сустрэтыя з гаёў моцным супрацьтанкавым агнём дробных і сярэдніх калібраў і танкамі праціўніка, а таксама з-за моцнага ўздзеяння авіяцыі праціўніка, былі вымушаны адысці на зыходныя пазіцыі.
Да 17.00 7.07.1941 года ацалелыя танкі і падраздзяленні засяродзіліся на ўсходнім беразе р. Чарнагасніца. Праціўнік бесперапынна бамбіў пераправы і танкі КВ. Група танкаў 27-га танкавага палка на чале з камандзірам палка маёрам Раманаўскім прарвалася праз супрацьтанкавы рубеж праціўніка і адышла ў глыбіню яго абароны. Спробы ўсталяваць сувязь з камандзірам 27-га танкавага палка па радыё поспеху не мелі. 27-ы танкавы полк увёў у бой 51 танк. З іх у глыбіні абароны засталося 21 танк.
У баі 7.07.1941 года ўдзельнічала 126 танкаў, з іх: КВ — 11, Т-34 — 24. У баі было страчана больш за 50 % танкаў і больш за 200 чалавек забітымі і параненымі. З-за выключна цяжкай мясцовасці на ўчастку ад зыходных пазіцый да ракі Чарнагасніца (тарфянік) завязла 17 танкаў (з іх: два КВ і сем Т-34). Пад агнём праціўніка было эвакуіравана дзевяць танкаў, з іх адзін КВ. Астатнія танкі былі разбіты артылерыяй і авіяцыяй праціўніка.
У гэтым баі загінулі: намеснік начальніка аддзела палітычнай прапаганды старшы батальённы камісар Фядосееў (Іван Фёдаравіч), камандзір 27-га танкавага палка маёр Раманаўскі Сяргей Іванавіч, 1904 г. нараджэння, памочнік начальніка палітаддзела старшы палітрук Раманаў Аляксандр Архіпавіч, 1914 г. нараджэння. З курсантскага батальёна Т-34: забіта 4, паранена 13, без вестак знікла 38 чалавек; камандзір батальёна цяжкіх танкаў капітан Старых, камандзір батальёна танкаў Т-34 маёр Грышын, камісар Шынкарэнка; у 28-м танкавым палку — 7 чалавек сярэдняга каманднага складу і 19 чалавек — экіпажы танкаў. Камандзір дывізіі палкоўнік Васільеў быў паранены асколкамі ў твар і руку, але застаўся ў страі.
14-ы гаўбічна-артылерыйскі полк за 7.07.1941 года знішчыў 3 батарэі праціўніка, 2 кулямётныя ўзводы і 2 артылерыйскія назіральныя пункты. 27-ы танкавы полк знішчыў 20 танкаў, 24 гарматы розных калібраў, 4 матацыклы, 1 кулямёт, 1 транспартную машыну і 1 пікіруючы бамбардзіроўшчык. 28-ы танкавы полк знішчыў 22 танкі, 19 супрацьтанкавых ружжаў, 2 мінамёты і да 2 узводаў пяхоты. Адзін танк маркі Т-2 ваентэхнікам 2-й роты Разанавым быў захоплены і прыведзены ў наша размяшчэнне. 14-м зенітна-артылерыйскім дывізіёнам было збіта 3 самалёты праціўніка».
Страты матэрыяльнай часткі 14-й танкавай дывізіі падчас бою каля р. Чарнагасцінка, згодна са справаздачай аб руху матэрыяльнай часткі 27-га танкавага палка за 7 ліпеня 1941 года (ЦАМА РФ, фонд 14 тд, вопіс 1, справа 6), склалі:
— Т-34 — 2 машыны згарэлі, 2 машыны разбіты снарадам, 7 машын падбіты і затоплены на пераправе цераз р. Чарнагасце, 6 машын зніклі без вестак;
— БТ-7 — 5 машын згарэлі ад снарадаў праціўніка, 4 машыны разбіты снарадамі і авіябомбамі, 1 машына ўзвода кіравання затоплена на пераправе.




















