Іван Фаміч Хруцкі
8 лютага 2010 года споўнілася 200 гадоў Івану Фамічу Хруцкаму. Выдатны беларускі жывапісец нарадзіўся ў невялікім мястэчку Вула, якое ў той час налічвала каля 200 дамоў.
Пачатковую мастацкую адукацыю І. Хруцкі атрымаў у Полацкім ліцэі, дзе пасля ліквідацыі езуіцкай акадэміі яшчэ доўга захоўваўся малювальны клас, заснаваны на пачатку стагоддзя Габрыэлем Грубером.
У Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў Хруцкі прыйшоў ужо дастаткова падрыхтаваным вучнем. Ён добра маляваў, валодаў колерам, паветранай і лінейнай перспектывай. Малады мастак быў залічаны вольнаслухачом у клас партрэтнага і пейзажнага жывапісу. Ужо ў 1831 годзе за прадстаўленыя ў акадэмічны савет працы Хруцкаму было прысвоена званне свабоднага мастака, а ў 1838 годзе за натюрморт «Плады і кветкі» — ганаровы тытул акадэміка жывапісу. З таго часу амаль на кожнай акадэмічнай выстаўцы з’яўляюцца новыя работы мастака, выкананыя на высокім прафесійным узроўні з добрым мастацкім густам.
Пасля смерці бацькі ў 1838 годзе Хруцкі быў вымушаны пакінуць Пецярбург і пераехаць на пастаяннае жыхарства ў вёску Захарнічы Віцебскай губерні (сучасны Полацкі раён). Тут ён будуе па сваім праекце маленькі драўляны домік з мезанінам і ганкам на драўляных калонках і закладвае сад. У Захарнічах мастак шмат працуе, піша партрэты блізкіх і сваякоў, натюрморты і пейзажы. Часта наведвае Полацк, Віцебск і Вільнюс. У 1845 годзе ажаніўся з Ганнай Ксавер’еўнай Бямбноўскай, дачкой капітана паўстанцкай арміі Т. Касцюшкі, фальварк якога быў па суседстве. З 1846 года некалькі гадоў працуе над іканастасам для новай царквы. Мноства карцін напісаў ён для аздаблення архіерэйскага дома ў Вільні.
Але праца мастака давала мала сродкаў для жыцця. Іван Фоміч жыў стрымана і сціпла. Апошнія гады жыцця маляваў мала. Але работы тых гадоў паказваюць, што ён заставаўся верным традыцыям рускага мастацтва першай паловы XIX стагоддзя.
У 1885 годзе мастак памірае. Яго пахавалі ў Захарнічах на вясковым могілках побач з магіламі сваякоў. У савецкія часы за магіламі ніхто не даглядаў, таму магіла І. Ф. Хруцкага знікла і засталася невядомай. Адносна нядаўна, дзякуючы намаганням палоскіх краязнаўцаў, удалося дакладна вызначыць месца пахавання мастака і нават паставіць на магіле прыгожы помнік.
Ён, чыя работа «Старая, якая вязе шкарпэтку» адзначаная Залатой медаллю Акадэміі мастацтваў і сёння знаходзіцца ў знакамітай Траццякоўцы, на радзіме забыты. Не праводзяцца пленэры ў яго гонар, няма ганаровых прэмій яго імя. Імя вялікага чалавека не служыць выхаванню маладых беларусаў. Няма ні ў Вуле, ні ў Бешанковічах ні вуліцы яго імя, ні бюста, куды можна было б пакласці кветкі.
Але наш зямляк не забыты. Сёння ў раённай бібліятэцы можна наведаць мастацкую выстаўку ў гонар Івана Фоміча, пазнаёміцца з рэпрадукцыямі яго карцін. І тады перад вачыма адкрыецца высокі свет мастацтва, якому гэты чалавек прысвяціў сваё жыццё.




















