Леў Сапега

Леў Іванавіч Сапега (4 красавіка 1557, в. Астроўна, цяпер Бешанковіцкі раён — 7 ліпеня 1633, Вільня) — адзін з найбольш уплывовых дзяржаўных дзеячоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай канца XVI — першай траціны XVII стагоддзя.

Нарадзіўся ў магнацкай сям’і, якая мела ўплывовыя сваяцкія сувязі і багатыя маёнткі, што давала магчымасць зрабіць бліскучую кар’еру. Род Сапег быў праваслаўны, але Л. І. Сапегу ў сем гадоў аддалі вучыцца ў Нясвіжскую пратэстанцкую школу, дзе выкладалі запрошаныя ўласнікам Нясвіжа Мікалаем Радзівілам Чорным вядомыя тагачасныя дзеячы навукі і культуры. Леў Іванавіч авалодаў польскай, нямецкай, лацінскай і грэчаскай мовамі і быў падрыхтаваны да засваення тагачаснага ўніверсітэцкага курса. У 13 гадоў ён паехаў у Лейпцыгскі ўніверсітэт, дзе некалькі гадоў вывучаў гісторыю рымскага і царкоўнага права і знаёміўся з мастацтвам Адраджэння.

Пасля вяртання ў ВКЛ Л. І. Сапегу па хадайніцтве Мікалая Радзівіла Рыжага прынялі на службу пры двары караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя, які быў уражаны эрудыцыяй і ведамі юнака.

У 1580 годзе, ва ўзросце 23 гадоў, Л. І. Сапега атрымаў пасаду сакратара гаспадарскага, а ў 1581 годзе — пісара гаспадарскага ў Канцылярыі ВКЛ. У тым жа годзе ён стаў галоўным арганізатарам стварэння Трыбунала ВКЛ — найвышэйшага апеляцыйнага суда краіны. З дазволу Жыгімонта Вазу, пераемніка Стэфана Баторыя, Л. І. Сапега ўзначаліў працу над трэцяй рэдакцыяй Статута ВКЛ, выбітнага помніка юрыдычнай думкі, які быў апублікаваны ў 1588 годзе на ўласныя сродкі Л. І. Сапегі з двума прадмовамі: адрасаванай Жыгімонту Вазе і грамадзянству ВКЛ.

Аўтарытэт Л. І. Сапегі ў ВКЛ быў вялікі, таму, нягледзячы на рознагалоссі ў поглядах на палітыку, Жыгімонт Ваза ў 1589 годзе прызначыў яго канцлерам ВКЛ, пасаду, якую ён займаў 34 гады. У 1621 годзе стаў таксама віленскім ваяводаў, а з 1625 — адначасова вялікім гетманам літоўскім.

Да бацькоўскай спадчыны Леў далучыў Лососін, Ружаны і Зэльву на Слонімшчыне, Асвею і Бешанковічы на Палоччыне, Белынічы, Цяцерын і Круглае ў Аршанскім павеце, частку валоданняў князёў Лукомскіх, Здзяцель (Дзятлава) на Новагародчыне, Чарнабыль на Кіеўшчыне і шмат іншых меншых уладанняў. Ён таксама выкупіў Іказнь і Друю ў нашчадкаў кодаўскай галіны роду Сапег. У яго валоданнях знаходзіліся і вялікія дзяржаўныя маёнткі (староствы): Слонім, Свіслач, Магілёў, Курэнец, Маркова, Мядзел і інш. Багацці Льва Сапегі дазвалялі яму нават фінансаваць вайну са Швецыяй за Інфлянты. Ён быў адным з натхняльнікаў паходу на Маскву падчас так званай «Рускай смуты» пачатку XVII стагоддзя.

Л. І. Сапега падтрымліваў ідэю царкоўнай уніі ў ВКЛ (1596), лічыўшы, што рэлігійная адзінасць умацавала б дзяржаву і вызваліла яе ад многіх унутраных канфліктаў. Адначасова Сапега быў катэгарычным праціўнікам гвалту як сродку ўмацавання веры. Сам перайшоў з праваслаўя ў кальвінізм, а ў 1588 прыняў каталіцтва і быў адным з прыхільнікаў караля Жыгімонта Вазы, пры якім асабліва ўзмацнілася Контррэфармацыя.

Яго час прыпаў на перыяд цяжкіх ваенных канфліктаў на паўночна-заходніх, усходніх і паўднёвых межах Рэчы Паспалітай. Ён неаднаразова ўдзельнічаў у баявых дзеяннях (у т.л. Лівонская вайна), ахвяраваў маёмасцю на ўтрыманне войска ВКЛ — сабраны на яго сродкі гусарскі полк удзельнічаў у бітве пад Вялікімі Лукамі і аблозе Пскова. Узначальваў пасольства ВКЛ па прадаўжэнні дзеяння Ям-Запольскага міру (1582), заключаў мірныя дагаворы з Фёдарам Іаанававічам і Барысам Гадуновым (1600).

Л. І. Сапега таксама праславіўся як мецэнат: на свае сродкі будаваў касцёлы (у т.л. Віленскі касцёл Міхаіла, дзе пазней быў пахаваны), уніятскія і праваслаўныя цэрквы, адкрываў школы, шпіталі, прыюты. У сваіх маёнтках сабраў каля 3 тыс. кніг, апекаваўся мастакамі і літаратарамі. Пачаў Ружанскі архіў, а ў познім узросце займаўся ўладкаваннем Метрыкі ВКЛ.

Апошнія навіны