Леў Даватар

Леў Міхайлавіч Даватар

Вядомы савецкі ваеначальнік, генерал-маёр, Герой Савецкага Саюза Леў Даватар нарадзіўся 20 лютага 1903 года ў вёсцы Хоціна Віцебскай губерні (цяпер Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласці). Беларус.

У РСЧА з верасня 1924 года (па іншых звестках — з 1923 года). У 1925 годзе скончыў Ваенна-хімічныя курсы ў Маскве. У 1926 годзе — Барысаглебска-Ленінградскую кавалерыйскую школу камсаставу РСЧА. У 1939 годзе — Ваенную акадэмію РСЧА імя М. В. Фрунзэ.

У першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны ў званні палкоўніка Даватар Л.М. знаходзіўся пры штабе Заходняга фронту. У ліпені 1941 года за выдатнасць у абаронных баях на Саловеўскай пераправе праз Днепр узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. У жніўні 1941 года ўзначаліў асобную кавалерыйскую групу Заходняга фронту ў складзе 50-й і 53-й кавалерыйскіх дывізій, укамплектаваных кубанскімі, тэрскімі і данскімі казакамі. 20 лістапада 1941 года на базе групы быў сфарміраваны 3-ці кавалерыйскі корпус. За баявыя заслугі 27 лістапада 1941 года корпус быў пераўтвораны ў 2-гі гвардзейскі.

Сумесна з 8-й гвардзейскай дывізіяй генерал-маёра І.В. Панфілава, 1-й гвардзейскай танкавай брыгадай генерала М.Е. Катухова і іншымі войскамі 16-й арміі корпус абараняў падыходы да Масквы на Валакаламскім кірунку. 11 снежня 1941 года 2-гі гвардзейскі кавалерыйскі корпус Даватара быў перакінуты ў раён Кубінкі. 150 км ён ішоў па тылах нямецка-фашысцкіх войскаў, пераследуючы іх адыходзячыя часткі, і 19 снежня выйшаў да ракі Рузы. 17 снежня 1941 года Даватар быў вызвалены ад пасады камандзіра 2-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса, камандаванне якім прыняў генерал-маёр І.А. Пліеў, які да таго камандаваў 3-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіяй.

19 снежня 1941 года перадавыя часткі 2-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса (22-й і 103-й палкі 20-й кавалерыйскай дывізіі) знаходзіліся ў раёне вёскі Палашкіна (Рузскі раён Маскоўскай вобласці), дзе размяшчаліся вялікія сілы праціўніка — 2-гі батальён 472-га пешага палка, 3-ці батальён 7-га пешага палка і 9-я батарэя 252-га артылерыйскага палка 252-й пешай дывізіі вермахта (Сілезія, эмблема «Дубовы ліст»). Перад баем, аглядаючы пазіцыі праціўніка ў бінокль, генерал-маёр Даватар быў смяротна паранены чаргой з кулямёта. Кавалерысты акружылі вёску Палашкіна і разбурылі вузел абароны праціўніка.

Крэміраваны на тэрыторыі Данскіч могілак, да 1959 года урна з попелам стаяла ў самым крэматорыі. Пахаваны ў Маскве на Навадзевічых могілках.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 21 снежня 1941 года гвардзейскаму генерал-маёру Даватару Льву Міхайлавічу «за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі» пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Узнагароды: 2 ордэны Леніна (3 лістапада 1941 года, 21 снежня 1941 года), ордэн Чырвонага Сцяга (9 жніўня 1941 года), ордэн Чырвонай Зоркі.

Апошнія навіны