Бітва на рацэ Вуле

Перадгісторыя бітвы. Пачатак Лівонскай (Інфлянцкай) вайны

Маскоўскі цар Іван Грозны працягваў захопніцкую палітыку сваіх папярэднікаў. Напрыканцы 50-х гадоў XVI стагоддзя ён заваяваў Паволжа. Потым павярнуў меч у бок Прыбалтыкі, імкнучыся «прарубіць» выхад да незамярзаючага мора. Перад ім знаходзіліся аслабленыя ўнутранымі супярэчнасцямі Інфлянты, або, інакш кажучы, Лівонія (сучасныя Латвія і Эстонія). І ў 1558 годзе велізарная маскоўская арда пачала нашэсце на захад.

Нешматлікія лівонскія загоны не змаглі стрымаць наступленне шматкроць пераўзыходзячых сіл праціўніка. Пад агнём царскай артылерыі, якой кіравалі найміты-немцы, абвальваліся сцены гарадоў і замкаў. Захопнікі вынішчалі, рабавалі, выводзілі насельніцтва ў палон. Тыя, каму ўдавалася ацалець, шукалі ратунку ў пушчах і балотах. Непакорных саджалі на кол, з іх жыўцом здзіралі скуры. Такога спусташэння і жаху край не ведаў за ўсю сваю гісторыю.

Напрыканцы лета наступнага года, калі значная частка Эстоніі і Латвіі ляжала ў руінах і папялішчах, лівонскія паслы з’явіліся ў Вільні з просьбай аб ратаванні ў Вялікага Княства Літоўскага. Узамен дэкларавалася ўключэнне Прыбалтыкі ў склад нашай дзяржавы як аўтаномнай часткі з захаваннем самакіравання.

Перад вялікім князем, нашымі магнатамі і шляхтай стаяў цяжкі выбар. Канчатковы захоп Ніжняга Падзвіння Масквой пагражаў тым, што смяротная небяспека ўзнікла б не толькі на ўсходніх, але і на паўночных межах дзяржавы. Да таго ж трэба было ўлічваць пастаянную крымскую пагрозу з поўдня. У выпадку ж поспеху ў Інфлянтах Вялікае Княства вяртала сабе былы водны шлях у Балтыйскае мора.

Але задавальненне просьбаў прыбалтаў азначала і непазбежную крывавую сутычку з бязлітасным ворагам, уступленне ў распачатую Іванам Грозным Інфлянцкую (ці, як яе яшчэ называюць, Лівонскую) вайну… І выбар быў зроблены. Землі Латвіі і Эстоніі далучыліся да Вялікага Княства, а вялікакняжацкія войскі ўвайшлі ў Ніжняе Падзвінне.

Тым часам Іван Грозны прымірыліся са Швецыяй, якая захапіла частку эстонскага ўзбярэжжа. Пераканаўшыся таксама, што крымскія татары больш не пагражаюць паўднёвым межам Маскоўскай дзяржавы, ён пачаў энергічна рыхтавацца да паходу на ВКЛ.


Маскоўскае войска на беларускіх землях

У студзені 1563 года васьмідзесяцітысячнае маскоўскае войска, узначаленае самім царом, рушыла на Полацк. Горад не вытрымаў аблогі. Пасля жорсткіх артылерыйскіх абстрэлаў гарнізон здаўся.

Пасля падзення Полацка баявыя дзеянні на некалькі месяцаў сціхлі. Адбываліся толькі дробныя сутычкі. Нават пачаліся перамовы. Нашы паслы патрабавалі пакінуць у спакоі Інфлянты, вярнуць Смаленшчыну і заходнюю Браншчыну, а таксама Пскоў і Ноўгарад, якія ў часы Вітаўта знаходзіліся ў залежнасці ад Вялікага Княства. Масква ж дамагалася не толькі Прыбалтыкі, але і беларускіх зямель разам з Вільняй, а таксама Украіны.

У студзені наступнага, 1564 года, маскавіты распачалі новую ваенную кампанію. Дзве варожыя арміі — з боку Полацка (25–30 тысяч) і з-пад Смаленска (каля 50 тысяч) — павінны былі злучыцца ў Аршанскім раёне, а затым рушыць на Мінск, Навагрудак і на саму сталіцу нашай дзяржавы — Вільню.

Полацкая групоўка маскавітаў рухалася па левым беразе Вулы, расцягнуўшыся па заснежаным шляху. На чале яе стаяў князь Пётр Шуйскі, які да таго часу праславіўся перамогамі ў Прыбалтыцы. Вялікі гетман Мікалай Радзівіл Руды і палявы гетман Грыгорый Хадкевіч, маючы пад рукой крыху больш за 4 тысячы коннікаў, а таксама невялікую колькасць казакоў і ўзброеных сялян, спрабавалі перашкодзіць небяспечнаму злучэнню праціўніка. Наша войска было нешматлікае, але дасведчанае і загартаванае ў паходах. Сярод камандзіраў вылучаліся такія славутыя ваяры, як пляменнік палявога гетмана Ян Хадкевіч, князь Багдан Саламарэцкі, Раман Сангушка, Богуш Карэцкі, Мікалай Сапега, Юрай Зяновіч, Юрай Тышкевіч — усе з вядомых вялікакняжацкіх родаў.


Бітва на рацэ Вуле

Ведаючы з разведкі пра рух Шуйскага, вечарам 26 студзеня 1564 года Мікалай Радзівіл схаваў ад вачэй праціўніка асноўныя сілы і невялікім загонам атакаваў маскоўскі авангард. Беларусы ўвязаліся ў сечу, а затым пачалі адступаць, завабліваючы за сабой самаўпэўненага ворага. Так адкрылася прастора для ўдару масы конніцы па самой калоне, якая ўжо падыходзіла да вёскі Іванск, што знаходзіцца за 10 кіламетраў на поўдзень ад Бачэйкава. Маскавіты, відаць, рыхтаваліся стаць лагерам: рухаліся спакойна, зброю везлі на санях, небяспекі не чакалі.

З’яўленне ж радзівілаўцаў было, як гром сярод зімовай цішы. Лава коннікаў з дзідамі і шаблямі абрынулася на захопнікаў так імкліва і неўтаймоўна, што тыя не ведалі, што рабіць. Ім не было часу ні станавіцца ў баявыя парадкі, ні хапацца за зброю, каб абараняцца. Заставалася толькі панічна кідацца наўцёкі.

І цэлую светлую месячную ноч коннікі, як пісаў тагачасны гісторык, «сяклі маскалёў», не даючы ім апамятацца, знішчалі ўцекачоў, заганялі іх на тонкі рачны лёд.

Да Полацка дабегла толькі каля пяці тысяч маскавітаў, «ды і тыя параненыя». Астатнія на многія кіламетры ўздоўж Вулы ляглі на снег, некалькі тысяч патанулі ў ледзяной рачной вадзе. Невялікая частка трапіла ў палон. Сам няўдалы Шуйскі скончыў жыццё пад сякерай мясцовага селяніна. Паводле іншых звестак, яго знайшлі ў калодзежы з прабітаю стралой галавой. На полі бою засталіся Шарамецьевы, Прозараўскі і іншыя маскоўскія ваяводы, князі, знатныя баяры. Імёнаў жа простых ратнікаў ніхто і не ўспамінаў. Яшчэ праз 20 гадоў пасля бітвы падарожнікі бачылі каля Іванска мноства костак загінулых маскавітаў.

З боку вялікакняжацкага войска, як сведчыла данясенне нашых гетманаў, загінула не больш за 20 воінаў. Параненых было каля 700. У руках пераможцаў апынуўся і ўвесь велізарны абоз праціўніка, артылерыя, мноства коней.

Такім знакамітым чынам было цалкам знішчана полацкая групоўка царскіх войскаў. Заставалася смаленская — значна большая, якую вёў князь Пётр Абаленскі-Серабраны.


Новы поспех Мікалая Радзівіла

Невялікую частку свайго войска Мікалай Радзівіл накіраваў пад Оршу. Яе ўзначалілі аршанскі стараста Філон Кміта-Чарнобыльскі і мсціслаўскі ваявода Юрай Остик. Каб не выпрабоўваць лёс, Кміта-Чарнобыльскі вырашыў выкарыстаць новую хітрасць.

Ён накіраваў у Дуброўна ганцоў з весткамі пра перамогу на Іван-полі. Шлях наўмысна быў абраны праз занятую ворагам тэрыторыю. Ганцы, адпаведна, трапілі ў рукі маскалям, і тыя даведаліся, што змагацца ўжо няма з кім, што армія Шуйскага разбіта. Пачалася паніка. А тут з’явіўся аддзел беларускіх коннікаў… Захопнікі падумалі, што гэта падыходзіць Радзівіл з усёй сваёй сілай. І армія Абаленскага-Серабранага кінула абоз з 25 тысяч вазоў, тысячы коней, баявое знаряддзе і ў спешцы пачала адступаць да Смаленска.

Неўзабаве Вільня ўрачыста вітала пераможцу Мікалая Радзівіла, які ўехаў у сталіцу на кані Шуйскага. Цела ж самога царскага ваяводы з усімі хрысціянскімі пачэсцямі было пахавана ў віленскай царкве Багародзіцы. Па-людску абышліся і з палоннымі: знатных трымалі ў замках, простых за харч і адзенне выкарыстоўвалі на розных работах. Тыя ж з баяраў, хто згадзіўся служыць Вялікаму Княству, атрымалі зямельныя надзелы.

Калі ж весткі пра няўдачу маскавітаў у Вялікім Княстве дайшлі да Івана Грознага, ён у той час бяседаваў. Цар уз’юшыўся і разам са сваімі п’янымі застольнікамі выразаў у крамлёўскіх падвалах больш за сотню палонных палачан.


Значэнне бітвы

Бітва на Іван-полі (часта яе называюць таксама бітвай на Вуле) стала нашай першай вялікай перамогай над ардой маскоўскага цара ў Інфлянцкай (Лівонскай) вайне. Яна перакрэсліла планы маскавітаў на паход у цэнтральныя землі Вялікага Княства, стала натхняльным прыкладам у далейшых нялёгкіх змаганнях — аж пакуль шабля Стэфана Баторыя не ўтаймавала ўсходняга драпежніка.

Апошнія навіны