Падзеі рэвалюцыйных гадоў

Усталяванне савецкай улады

26 кастрычніка (8 лістапада па н. ст.) 1917 года на Прыдзвінне прыйшла вестка аб перамозе ўзброенага паўстання ў г. Петраградзе. У архіўных дакументах таго часу зафіксавана, што савецкая ўлада ў Бешанковічах была ўсталявана 26 лістапада (па н. ст.), у Бачэйкаўскай і Бешанковіцкай воласцях — 1 снежня. У гэты дзень былі створаны валасныя рэвалюцыйныя камітэты, якія ўзначалілі: у Бешанковічах — В. А. Матусевіч, у Бачэйкаве — А. М. Карэнь, у Астроўне — А. С. Саланікін, ва Уле — І. К. Тэцерын.

На сходах сялян, якія праходзілі ў вёсках і пасёлках Лепельскага павета, рэвалюцыйная ўлада атрымала ўсебаковую падтрымку. Рэвалюцыя знайшла водгук і ў іншых воласцях і населеных пунктах Прыдзвіння. Аднак у павеце працягвалі існаваць органы ўлады, прызначаныя Часовым урадам, у прыватнасці павятовыя камісары. Рашэннем надзвычайнага з’езда Саветаў Віцебскай губерні, які адбываўся з 10 па 19 снежня, яны былі ліквідаваны.

Разгарнулася дзейнасць па стварэнні апарату савецкай улады ў воласцях — валасных Саветаў сялянскіх дэпутатаў. У Бешанковічах, Уле, Стрыжаве, Астроўне, Бачэйкаве актыўнымі змагарамі за ўладу Саветаў сталі бальшавікі А. Х. Лабсвірс, І. Пестуноў, В. Берднік, Э. Фельдманіс, А. Х. Гейне.

18 лютага 1918 года войскі кайзераўскай Германіі, парушыўшы ўмовы перамір’я, пачалі наступ і захапілі значную частку Віцебшчыны. Бешанковічы апынуліся ў прыфрантавой паласе. 15 сакавіка 1918 года нямецкія войскі знаходзіліся за 6 вёрст ад Бачэйкава. Неўзабаве яны акупавалі і гэты населены пункт, а затым дайшлі да Свячы. У Бешанковічы з Лепеля часова быў перанесены павятовы цэнтр.

23–24 красавіка 1918 года на з’ездзе валасных Саветаў быў створаны Бешанковіцкі павет з неакупаваных частак Лепельскага і Полацкага паветаў, сфарміраваны выканкам павятовага Савета (старшыня — Т. Лабсвірс). З 28 верасня 1919 года пасля выгнання акупантаў павятовы цэнтр зноў размясціўся ў Лепелі, а Бешанковіччына ўвайшла ў склад Лепельскага павета.


Першая камуна

У красавіку 1918 года была створана першая ў акрузе і адна з першых у Віцебскай губерні сельскагаспадарчая камуна «Буй». У ліпені 1918 года найбяднейшыя сяляне вёсак Бараўцы і Крывiна занялі панскую сядзібу і на яе базе стварылі камуну, у якую ўвайшло 37 чалавек.

Ранняй вясной 1919 года, па ўспамінах першага старшыні камуны, а з 1920 года — старшыні першага ў раёне калгаса «Перамога» Казіміра Паўлавіча Бараноўскага, у камуне засталося 6 гаспадароў. Праз год гаспадарка ўмацавалася і ператварылася ў калгас. Савецкая ўлада падтрымала маладую арцель: калгасу было выдадзена 20 пудоў насення. Ураджай на калгасным полі быў вышэйшы, чым у аднаасобнікаў, што стала для сялян найлепшай агітацыяй.

У пачатку 1930-х гадоў да арцелі далучыліся суседнія вёскі Кошчава і Ранчыцы. Калектыўная гаспадарка працягвала аб’ядноўваць усё новыя і новыя вёскі. Пазней укрупнены калгас атрымаў назву «ХХ з’езд КПСС».

З 1 кастрычніка 1928 года па 1 мая 1929 года было арганізавана 14 калгасаў. Фарсіраванне працэсаў калектывізацыі суправаджалася раскулачваннем заможных сялян. Да вясны 1933 года калектывізацыяй было ахоплена ў цэлым 80 % сялянскіх гаспадарак.

Асноўнымі прамысловымі прадпрыемствамі ў 1930-я гады былі электрастанцыя, арцель «Чырвоны смалакур», цагельны завод, абутковая арцель, панчошная арцель. Льнозаводы дзейнічалі ва Уле, Храповішчыне, Астроўне, лесапільная арцель — ва Уле.

У 1931 годзе былі створаны Бешанковіцкая, Бачэйкаўская і Астроўненская МТС. Сельская гаспадарка раёна спецыялізавалася на льно-малочным напрамку.

Апошнія навіны