Спецыяльная навукова-даследчая група падводнай археалогіі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пачала палявыя работы. Археолагі вывучаюць падводныя напластаванні тарфянікавага паселішча позняга неаліту Крывіна-3, размешчанага ў Сенненскім раёне каля вёскі Галоўск.
У даследаванні бяруць удзел супрацоўнікі аддзелаў археалогіі першабытнага таварыства, Сярэднявечча і Новага часу. Сярод іх і Максім Чарняўскі, які з 27-га ліпеня будзе працягваць даследаваць Асавецкія стаянкі першабытнага чалавека.
«Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, экспедыцыя працуе ў звычайным рэжыме. Сярод першых знаходак — фрагменты посуду, вушка касцяной падвескі, косці звяроў і рыб. Выяўленыя артэфакты датуюцца другой паловай III тысячагоддзя да нашай эры», — расказалі ў Інстытуце гісторыі НАН.
На дадзены момант даследуецца раскоп у рэчышчы р. Крывінка. Культурныя адкладанні утрымліваюць выдатна захаваныя рэшткі драўляных пабудоў.
Сярод выяўленых артэфактаў: — фрагменты глінянага посуду — вырабы з дрэва і косткі, у тым ліку ўпрыгожанні: падвескі і пацеркі.
Стаянка Крывіна-3 узнікла ў другой палове 3 тысячагоддзя да нашай эры (4500 гадоў назад). У гэты час на тэрыторыю паўночнай Беларусі праніклі прадстаўнікі індаеўрапейскага насельніцтва, пад уплывам якіх адбылася трансфармацыя матэрыяльнай культуры мясцовага насельніцтва сярэдняга неаліту. У выніку дадзеных працэсаў была ўтворана паўночна-беларуская культура, носьбіты якой і заснавалі стаянку Крывіна-3.