У віцебскім Мастацкім музеі да верасня выстаўлены сусветны шэдэўр – карціна Марка Шагала “Над горадам” са збору Траццякоўскай галерэі ў Маскве. Марк і Бэла, якія лунаюць над Віцебскам, абляцелі ўвесь свет. Былі і на другой радзіме Шагала: карціна экспанавалася ў Францыі яшчэ пры жыцці мастака. Але ў Беларусі самы вядомы твор майстра выстаўляецца ўпершыню.
Выстава адкрыта да 14-га верасня. Мастацкі музей (вуліца Леніна, 32) працуе ва ўсе дні, акрамя панядзелка, з 11.00 да 19.00. Каса закрываецца ў 18.30.
Кошт “Над горадам” эксперты ацэньваюць у 150-160 млн. долараў. Страхавая ацэнка – 1 млрд 800 млн расійскіх рублёў. У Віцебск карціна прыехала дзякуючы генеральнаму спонсару – Беларусбанку.
Твор гасцюе на другім паверсе, у зале Юдэля Пэна – настаўніка Марка Шагала. І гэта сімвалічна.
Для шэдэўра стварылі асаблівыя ўмовы. У Траццякоўцы, перад адпраўкай у Віцебск, на карціну дадаткова паставілі спецыяльнае музейнае шкло — з ультрафіялетавым фільтрам, безблікавае, 6-міліметровае.
У віцебскім музеі ўстанавілі відэаназіранне, кругласутачную ахову. Закупілі клімат-кантроль: шэдэўру проціпаказаны спецэфект у выглядзе абдзімання кандыцыянерам.
Шагалаўскія закаханыя два дні адаптаваліся да віцебскага клімату. І толькі потым выставу адкрылі. Вернісаж адбыўся 16-га ліпеня, на “Славянскім базары”. Уваход быў толькі па запрашальных.
З 17-га ліпеня экспазіцыя даступна наведвальнікам па білетах. У Мастацкі музей пацягнуліся натоўпы.
“Навіны Віцебска” пабывалі на выставе ў фестывальныя выходныя. Я ніколі не бачыла ў Мастацкім музеі такой вялікай чаргі па білеты. Людзі падыходзяць да акенца і гавораць касіру: “На Шагала!” Віцябляне з гонарам паказваюць пашпарт. Ён патрэбен для атрымання скідкі.
Для дарослых жыхароў Віцебска білет каштуе 5 рублёў, для іншагародніх – 15 рублёў. Такі камплімент віцяблянам зрабілі арганізатары. У інтэрнэце ўжо зламалі дзіды на гэтую тэму: маўляў, а чаго гэта віцебскім такая халява, а нам плаці ўтрая даражэй?
З трапятаннем уваходжу “ў святая святых” — у залу, дзе выстаўлена карціна. Як звычайна, на ўваходзе правяраюць білет. У залі дзяжурыць міліцыянер. У невялікім памяшканні шматлюдна. Але перад карцінай не тоўпяцца. Да яе падыходзяць невялікімі групамі. За лінію перад карцінай, як і просяць наведвальнікаў, ніхто не заступае.
Прыкметна, што людзі прыемна ўсхваляваныя. Не кожны ж дзень бачыш арыгінал Шагала! Многія доўга глядзяць на карціну, вывучаюць дэталі. Бо ні на адной рэпрадукцыі ў інтэрнэце не ўбачыш столькі жывых, сапраўдных падрабязнасцей!
Я, напрыклад, сто разоў бачыла “Над горадам” віртуальна, але ўпершыню залюбавалася чаравічкамі Бэлы. Якія ж яны мілыя!
Кожны першы фатаграфуе закаханых. Кожны другі робіць на іх фоне сэлф. Некаторыя потым тут жа, у музеі, выстаўляюць фота ў сацсетцы. Як жа, я сфоткаўся з “нетленкай” Шагала! Падзея выдатная.
Некаторыя не спяшаюцца сыходзіць са спаткання з Шагалам. Паглядзяць на карціну, адыдуць. Паходзяць па зале, пасядзяць на кушэтцы. Зноў вернуцца да палатна, стаяць, любуюцца.
Закаханыя зачароўваюць. Магія іх палёту прыцягвае і доўга не адпускае. Ад карціны ідзе добрая, цёплая і светлая энергетыка. Магчыма, я яшчэ раз прыйду да Марка і Бэлы. У нейкі дзень больш спакойны, калі ажыятаж вакол твора спадзе.
Апроч шагалаўскага шэдэўра, на выставе прадстаўлены дзве працы Юдэля Пэна: аўтапартрэт і “Партрэт Марка Шагала”. Абедзве карціны – з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.
“Над горадам” Шагал пачаў пісаць у 1914-м. Ён прыехаў у Віцебск з Парыжа, каб пабачыцца з сям’ёй і нявестай Бэлай. Хацеў потым вярнуцца ў Францыю. Але не змог: пачалася Першая сусветная вайна. Мастак скончыў карціну праз чатыры гады. Ён не раз вяртаўся да кампазіцыі, удакладняючы дэталі. Упершыню публіка ўбачыла “Над горадам” у 1919 году на выставе ў Петраградзе. Потым яе купіў Дзяржаўны музейны фонд. У Траццякоўскую галерэю ў Маскве карціна трапіла ў 1929 годзе і да гэтага часу знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі.
Таццяна Мацвеева
https://www.facebook.com/groups/vitebsk.news/?locale=ru_RU
