«Я душою ў радзіме разліўся да скону…»

Культура

У гэтых словах – увесь Адам Міцкевіч…

mickiewicz main_6264103_0_0.webp

Сёння, 26 лістапада, – дата ягонага скону ў Канстанцінопалі.

Паэмай «Пан Тадэвуш», выдадзенай у Парыжы ў чэрвені 1834 года, па сутнасці, завяршылася паэтава творчасць у эміграцыі – Адаму з Наваградка было толькі 35 гадоў. Праўда, захаваліся накіды далейшых фрагментаў «Дзядоў», думаў ён і пра другую частку «Пана Тадэвуша», але нічога не друкаваў і большасць рукапісаў ператварыў у попел. Ці то была боязь паўтарэння ўжо створанага, ці то муза натхнення пакінула яго? Хто ведае… Але ж нешматлікія вершы, якія пазбеглі знішчэння (і перш-наперш жамчужына лірыкі Міцкевіча – ягоныя лазанскія вершы), пераканаўча сведчаць: талент паэта не пацьмянеў, не згас…

Аднак яго адольвалі сумневы: «Я пераконваюся, што занадта шмат жыў і працаваў толькі для святла, дзеля пустых пахвал і дробных мэт. Мабыць, ніколі ўжо не вазьму ў рукі пяра для забаўкі… Мне здаецца, гістарычныя паэмы і наогул усе ранейшыя формы ўжо напалову спарахнелі і іх можна ажывіць толькі дзеля ўцехі чытачоў… Паэзія занадта доўга была альбо акторкай, альбо распусніцай, альбо палітычнай газетай. Гэтыя думкі часта наводзяць на мяне сум і ледзь не душэўную пакуту; мне часта ўяўляецца, што я, нібы Майсей, бачу з гары запаветную зямлю паэзіі, але ўсведамляю сябе нявартым ступіць на яе…»

Адам не знаходзіў аднадумцаў ні ў адной з эмігранцкіх груповак. І хоць да яго ставіліся з глыбокай павагай, як да вялікага паэта, і кожная партыя ахвотна бачыла б яго ў сваіх шэрагах, тым не менш ён трымаўся ад іх убаку – яму былі агідныя іхнія бясконцыя ўнутраныя звады.

Шлюб з Цэлінай Шыманоўскай не прынёс яму шчасця. На свет прыходзілі дзеці (іх было шасцёра), а ў дом паэта ўсё часцей зазірала галеча. У 1839 годзе Лазанскі ўніверсітэт запрасіў Міцкевіча чытаць лекцыі па рымскай літаратуры. У дэкрэце аб яго прызначэнні на кафедру гаварылася: «Адзін з першых паэтычных геніяў нашага часу, акружаны арэолам еўрапейскай славы». Лазана была яму даспадобы, але добразычлівасць і гасціннасць швейцарцаў не маглі наталіць тугу па радзіме, што ўзрастала год ад году. З прыязнай Лазаны ён пісаў у Чылі земляку і сябру юнацтва Ігнату Дамейку: «Я часта сумую па Літве, і вечна сняцца мне Наваградак і Туганавічы».

2 Тугановичи, Усадьба Верещаков.jpg

Туганавіцкі парк у пачатку XXI стагоддзя

Праз год Міцкевіч вярнуўся з Швейцарыі ў Парыж, дзе перад ім нечакана адкрывалася новае поле дзейнасці: Калеж дэ Франс прапанаваў яму ўзначаліць кафедру славянскай літаратуры, якая тут адкрылася. Тым самым ён атрымаў трыбуну, з якой мог прапаведаваць ідэалы свабоды і сваё разуменне гісторыі. Лекцыі Міцкевіча карысталіся вялікім поспехам, і ўсё ж выкладчыцкая праца не змагла поўнасцю задаволіць яго.

Ягонае сямейнае жыццё рабілася ўсё цяжэй: стан жонкі, якая пакутавала ад душэўнае хваробы, пагаршаўся… Менавіта тады, у самы трагічны момант эмігранцкага жыцця, з’явіўся чалавек, у якім ён убачыў пасланца лёсу, прарока, закліканага растлумачыць сэнс нацыянальнай трагедыі і наставіць на шлях праўдзівы.

Гэта быў выхадзец з Літвы Анджэй Тавяньскі, стваральнік містычнай сістэмы, у якой элементы хрысціянства перапляталіся з кабалістыкай. На некалькі год паэт стаў самым адданым яго прыхільнікам, слупам заснаванай ім сектанцкай арганізацыі. Але ж з цягам часу пачаў вызваляцца ад уплыву «Настаўніка», і ў 1846 годзе нарэшце разышоўся з ім канчаткова. Ад злой чароўнасці «тавяньшчыны» Міцкевіч назаўжды вызваліўся пад уплывам палітычных падзей, якія адкрылі перад ім перспектывы канкрэтнай дзейнасці. То быў год 1848-ы – год новых рэвалюцыйных узрушэнняў у Еўропе, эпоха «Вясны народаў».

Лютаўская рэвалюцыя ў Парыжы змяла з прастола Арлеанскую дынастыю. Вызваленчы рух ахапіў большасць еўрапейскіх краін, і мацней за ўсё – землі Аўстра-Венгрыі, другой пасля царскай Расіі апоры абсалютызму ў Еўропе. Калі ў Італіі пачалася барацьба за вызваленне паўночных правінцый ад аўстрыйскага ярма, Міцкевіч у ліхаманкавай спешцы едзе з Францыі ў Італію, каб там арганізаваць польскі легіён, у ідэйнай праграме якога ён абвяшчае свабоду слова і веравызнання, роўнасць усіх грамадзян перад дзяржавай, раўнапраўе жанчын, брацтва славянскіх народаў…

З поўным разуменнем паставіўся да гэтых планаў вялікі змагар за свабоду Італіі Джузэпэ Мадзіні – ён пісаў Міцкевічу ў Мілан: «Брат, дазволь назваць цябе гэтым імем. Мяне не аб’ядноўвае з табой братэрства па генію, але я адчуваю братэрства імкненняў, надзей і веры ў крыжовы паход чалавецтва і маёй радзімы, якая, будучы яго часткай, імкнецца да вялікіх мэт братэрства…»

«Вясну народаў», аднак, хутка захліснула хваля палітычнай рэакцыі. Міцкевіч быў звольнены з Калеж дэ Франс. Тады сябры выклапаталі для яго сціплае месца ў бібліятэцы Арсенала. Яму было ўжо за пяцьдзесят. А фатаграфіі Міцкевіча таго часу прадстаўляюць нам заўчасна састарэлага, сівога мужчыну з выразам смяротнай стомленасці на твары. Гэта – твар чалавека, які ніколі не шкадаваў сваіх сіл і жыў у сталай напрузе. Абагаўляемы мільёнамі людзей, ён адначасова з усіх бакоў падвяргаўся злым нападкам: рэтраградамі як непахісны змагар за свабоду, левымі – за свой містыцызм, царкоўнікамі – як ледзь не вераадступнік…

3 Адам Міцкевіч на фота 1853 года. Здаецца, з вуснаў Прарока мы вось-вось пачуем пранізлівыя словы расчаравання і пяшчоты, горычы і замілавання….jpg

І ўсё ж дастаткова было з’явіцца пробліску надзеі, каб Міцкевіч зноў актыўна ўключыўся ў барацьбу. У 1853 годзе пачалася Крымская вайна. Частка польскай эміграцыі ўгледзела ў ёй магчымасць узброенага выступу супраць царызму. Міцкевіч неадкладна – ды хіба ж магло быць інакш для Пілігрыма свабоды! – сабраўся ў Канстанцінопаль. Хуткая смерць спыніла яго дзейнасць – на 57-м годзе жыцця. Па ўсёй верагоднасці, ён заразіўся халерай, што лютавала ў той час у Турцыі, хоць доўгі час хадзілі, ніколі зрэшты не пацверджаныя, чуткі аб тым, што ён быў атручаны…

Вынас цела памерлага ў Канстанцінопалі Паэта выліўся ў сапраўдную дэманстрацыю: у глухім маўчанні ішлі за яго труною прадстаўнікі розных народаў. Адзін з відавочцаў успамінаў: «… нібы рака, плыў натоўп людзей з чорнымі цюрбанамі на галовах – натоўп неабсяжны». Цела Міцкевіча было перавезена ў Францыю і пахавана на могілках у Манмарансі. На вестку пра смерць Адама Міцкевіча паэт Зыгмунт Красінскі адгукнуўся трапяткімі словамі: «Ён быў для людзей майго пакалення і мёдам, і малаком, і жоўцю, і крывёю сардэчнай, мы ўсе – ад яго…»

З 1890 года прах Адама Міцкевіча знаходзіцца ў Кракаве, у склепе Кафедральнага сабора Вавельскага замка, побач з каралеўскімі грабніцамі. Дзесяткі помнікаў яму пастаўлены ў розных краінах свету – ад Атлантыкі да Ціхага акіяна. Генію паэзіі прысвечаны экспазіцыі музеяў. Ягонае імя носяць вуліцы, плошчы, бібліятэкі, навучальныя ўстановы…

Ён працягвае жыць у сваіх бессмяротных творах. Яго палымянае сэрца б’ецца ва ўнісон з сэрцамі ўдзячных чытачоў…

6 А.Мицкевич, Заосье.jpg Завоссе. Тут нарадзіўся будучы паэт. Гравюра Напалеона Орды

4 Заосье, 2.jpg

Музей-сядзіба Адама Міцкевіча ў Завоссі адкрыты ў 1998 годзе

5 Заосье, дом-музей.jpg

Экспазіцыя музея пераносіць наведвальнікаў у атмасферу паэмы «Пан Тадэвуш».

Ваколіцы Завосся, блізкія і далёкія, адлюстраваны ў баладзе Міцкевіча «Тукай, або Выпрабаванні дружбы» (1820).

Над балотам дождж імгліцца…
Прамінулі ўжо Гніліцу
І Калдычаўскія хвалі.
Дзе дрыгвы купчастай шыры
Абступіў гушчар сасновы,
На гары відаць Жарновай
Чуб, насунуты са жвіру.

7 Новогрудок, пам. А.Мицкевичу.webp

Помнік А. Міцкевічу каля Замкавай гары ў Наваградку (1992 год)

8 Курган бессмертія.webp

Наваградак. Курган Бессмяротнасці Адама Міцкевіча. Адкрыты ў 1931 годзе

9 Новогрудок, дом-музей 2022.jpg

Наваградак. Дом-музей А. Міцкевіча

10 2023-12-16-4 A29V1144.webp

Помнікі Адаму Міцкевічу каля музея

11 2023-07-15-8 A29V9662.webp

Музей пачаў работу ў бацькоўскім доме паэта ў 1938 годзе.

12 Новогрудок. Семейный дом Мицкевичей, общий вид. 1865 год.jpg Вось так будынак выглядаў на здымку 1865 года

13 Новогрудок, рис.Н.Орды.jpg

Такім яго намаляваў Напалеон Орда

Музей быў зруйнаваны падчас Другой сусветнай вайны, адноўлены і адкрыты для наведвальнікаў 26 лістапада 1955 года – да 100-годдзя з дня смерці паэта. Сёння яму спаўняецца 70 год!

14 AJ3I2802.webp

Адам Міцкевіч і вежы Навагрудскага замка ўпрыгожваюць адзін з дамоў у Навагрудку

15 Мицкевич в Минске.jpg

Адам Міцкевіч у Мінску (2003)

15-1 Гродно, пам.А.Мицкевичу.jpg

Адам Міцкевіч у Гродна

16 2024-05-24-2 AJ3I3450.webp

Адам Міцкевіч у Вільнюсе (1984)

У літоўскай сталіцы ёсць музей А. Міцкевіча, які пачаў работу ў 1911 годзе. Нанова адкрыты ў 1955 годзе.

17 А. Міцкевіч у Варшаве (1955).jpg

Адам Міцкевіч у Варшаве (1955)

У польскай сталіцы з 1952 года дзейнічае музей А. Міцкевіча.

18 А. Міцкевіч у Львове (1898)..jpg Адам Міцкевіч у Львове (1998)

19 А. Міцкевіч у Адэсе (2004). Меньше.jpg Адам Міцкевіч у Адэсе (2004)

20 Бюст А. Міцкевіча у Пецярбургу (1998). Меньше.jpg Адам Міцкевіч у Санкт-Пецярбургу (1998)

21 А. Міцкевіч у Парыжы (1929)..jpg А. Міцкевіч у Парыжы (1929)

Памяць пра Адама Міцкевіча ўвекавечана ў Парыжы ў музеі, створаным намаганнямі сына паэта Уладзіслава Міцкевіча ў 1903 годзе.

Пра гэта ўсё я на парыжскім бруку
І думаў з болем, стомлены ад груку,
Праклёнаў і дакораў, сварак, спрэчак
І позніх шкадаванняў недарэчы.

О гора ўсім нам, што ў часіны смуты
Уцяклі за межы краю на пакуты!
Дзе ні ішлі мы, а трывогі вечна
Апераджалі нас…

(Пер. Я. Семяжона)

22 Тут завяршыўся зямны шлях Паэта, Прарока, Пілігрыма Свабоды....jpg Тут завяршыўся зямны шлях Паэта, Прарока, Пілігрыма Свабоды….

Будынак, дзе памёр Адам Міцкевіч, знаходзіўся ў гістарычнай частцы Стамбула (да 1930 года – Канстанцінопаля) і, на жаль, не захаваўся. Але на яго месцы пазней быў пабудаваны дом, які паўтарае форму першапачатковага будынка. І ў 1955 годзе, да 100-годдзя з дня смерці Паэта, тут быў адкрыты музей, пра што сведчыць мемарыяльная дошка на фасадзе. 

23 Саркофаг в Вавельском кафедральном соборе.jpg Партрэт Адама Міцкевіча на саркафагу ў Вавельскім кафедральным саборы

***

Ва ўсім мінулым і ва ўсім, што будзе,
Нам, эмігрантам, непатрэбным людзям
У свеце, дзе нам доля быць судзіла,
Застаўся родны кут, свая радзіма –
Дзяцінства край! Спазнаўшы смак выгнання,
Ён дораг нам, як першае каханне,
Бо не атручаны самадакорам
За ўсё памылкі, зробленыя ўчора.
У ім задумы спраўджваліся складна
І не былі выпадкам падуладны;
Там рэдка плакаў я, не ведаў злосці.
Туды, у край дзяцінства, хоць бы ў госці
Мне думкай заляцець і сенакосам
Прабегчы па траве ў калена босым,
Нарваць званкоў з расой пучок ліловы,
Сцінаючы дубцом балігаловы!
Ў ім, небагатым, цесным, я быў шчасны;
Як Богу – божы свет, так мой уласны
Дом на радзіме быў шырокім светам
Усіх маіх вытокаў…

Аўтар: Анатоль Варава

Фота: аўтара, Сяргея Плыткевіча i з адкрытых крыніц

https://planetabelarus.by/publications/ya-dushoyu-radzime-razli-sya-da-skonu-

😀
0
😍
0
😢
0
😡
0
👍
0
👎
0