Планы супрацоўніцтва рэалізуюцца ў развіццё дамоўленасцей прэзідэнтаў дзвюх краін. Размова ідзе аб інвестыцыях у розныя сферы і запрашэнні на работу ў Беларусь грамадзян Узбекістана. “Я паабяцаў Прэзідэнту, што мы гэта зробім. Нам гэта выгадна. Такім чынам атрымае развіццё Віцебская вобласць, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Малако, мяса перапрацуеце ў што вам трэба. Трэба яшчэ пабудаваць перапрацоўчае прадпрыемства, калі вы палічыце патрэбным, – мы яго пабудуем разам. Або вы сваё пабудуеце. Гэта ваша справа.”
“У нас у вёсках ёсць больш-менш нармальнае жыллё. Разам прывядзем у парадак. І ўсё, што будзем будаваць, будзем будаваць для людзей. Для ўзбекаў і для беларусаў – розніцы не будзе. Дзеткі вашыя ў дзіцячы сад, школу на такіх жа ўмовах, як і беларусы, – падкрэсліў беларускі лідэр. – Прыехаўшы сюды, яны павінны ведаць, што яны не чужыя для нас людзі. Мы гэта ўсё зробім. Адзінае, каб працавалі”.
Аляксандр Лукашэнка таксама заклікаў хакіма Андыжанскай вобласці звярнуць увагу не толькі на Віцебскую вобласць. Ёсць магчымасць аналагічнай работы і на паўднёвым усходзе Магілёўскай вобласці, дзе выпрацавана праграма развіцця рэгіёна. “Мы яе адмяняць не будзем. Там ” пернікі” і іншыя льготы. Там галоўнае – людзі. Няхай прыязджаюць і працуюць. Гэта мы павінны вызначыцца. Урад цяпер займаецца, каб вам на стол пакласці, колькі чалавек трэба, якія кадры павінны быць”, – сказаў ён.
Грамадзян Узбекістана плануецца прыцягваць не толькі ў сельскую гаспадарку, але і ў будаўніцтва, прамысловасць, сферу паслуг, для работы ў якасці малодшага медыцынскага персаналу. Напярэдадні прыбылі 250 чалавек, усіх размеркавалі. Дадаткова дамовіліся аб прыездзе ў рэгіён яшчэ 5 тыс. чалавек з Андыжанскай вобласці. Яны пачнуць прыбываць па 500 чалавек з верасня. У Віцебскай вобласці падрыхтуюць неабходныя ўмовы для іх прыёму.
Дамоўленасці прадугледжваюць прадастаўленне ўзбекскаму боку ў сямі раёнах 10 памяшканняў для адкорму бычкоў, а таксама выдзяленне пад гэта 8 тыс. га сельгасугоддзяў. Пакуль яшчэ абмяркоўваюцца ўмовы камплектавання буйной рагатай жывёлай, тэхнікай. Прадукцыя будзе прызначана для пастаўкі ва Узбекістан.
“Трэба ўзяць пад кантроль эканоміку – што Віцебская вобласць ад гэтага атрымае. Вось гэта трэба дакладна пралічваць”, – сказаў Лукашэнка.
Дадаткова на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна ўзбекскі бок возьме 2 тыс. га для вырошчвання бульбы. У неабходным аб’ёме будуць прадастаўлены бульбасховішчы. У сваю чаргу Беларусь дапаможа з тэхналогіяй, забяспечыць пасадачным матэрыялам. “Пры іх будуць усе спецыялісты, якія будуць дапамагаць у тэхналогіі вырошчвання. З іх толькі тэхніка, людзі. Уся астатняя дапамога – наша”, – расказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік.
“Ну і наша тэхніка не павінна быць убаку. Мы ім таксама будзем дапамагаць. Калі яны пераканаюцца, што ты тут не цягнешся, то будуць укладвацца”, – заўважыў беларускі лідэр.
Перспектывы ёсць і ў дрэваапрацоўцы. Выбралі пляцоўку пад будаўніцтва з удзелам узбекскіх інвестыцый сучаснай дрэваапрацоўчай вытворчасці. Акрамя таго, партнёры маюць намер займацца вытворчасцю драўняных паліўных пелет, пастаўляючы прадукцыю ва Узбекістан. Усе неабходныя пляцоўкі ўжо падабраны.
“Трэба, не зацягваючы, пачынаць рабіць”, – заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Ёсць таксама дамоўленасць, што ўзбекскі бок створыць будаўнічы трэст, які ўкамплектуе сваімі людзьмі. За кошт гэтага яны ў тым ліку будуць ажыццяўляць будаўніцтва і рамонт усіх сваіх комплексаў.
У Віцебску ўжо пачаў працаваць гандлёвы дом па рэалізацыі тавараў з Узбекістана, выбралі памяшканне для адкрыцця рэстарана ўзбекскай кухні.
Плануецца, што партнёрам таксама перададуць былую санаторную школу ў гарадскім пасёлку Багушэўск Сенненскага раёна, якую пераабсталююць пад турбазу для адпачынку грамадзян Узбекістана.
