Сёлета — сто пяцьдзясят гадоў з дня нараджэння патрыярха беларускай мастацкай фатаграфіі

Культура

Сёлета спаўняецца сто пяцьдзясят гадоў з дня нараджэння чалавека, якога слушна называюць патрыярхам беларускай і польскай мастацкай фатаграфіі. Ян Булгак (нарадзіўся 6 (18) лістапада 1876 года ў маёнтку Асташын на Навагрудчыне) не проста пакінуў нам неацэнны візуальны архіў мінулага стагоддзя – ён заклаў саму філасофію стаўлення да роднай зямлі праз аб’ектыў фотакамеры. І сённяшні дзень, насычаны адметнымі культурнымі падзеямі, найлепшым чынам пацвярджае: зерне, пасеянае майстрам больш за сто гадоў таму, працягвае даваць моцныя ўсходы.

01 Ян Булгак, имение Осташин под Новогрудком.jpg

Святло, якое стварае вобраз Радзімы

Ян Булгак узяў у рукі фотаапарат даволі позна – у дваццаць дзевяць гадоў, калі ў 1905 годзе ягонай жонцы Ганне падарылі просценькую камеру. Але менавіта сталы ўзрост і якасная гуманітарная адукацыя дазволілі яму вельмі хутка падняць фатаграфію з узроўню аматарскага захаплення да сапраўднага высокага мастацтва. Ён стаў адным з галоўных тэарэтыкаў і практыкаў піктарыялізму – плыні, дзе фатограф працуе са святлом, паветрам і перспектывай так, быццам піша карціну пэндзлем.

Аднак для нас, беларусаў, найважнейшым застаецца ягоны краязнаўчы подзвіг. У першай трэці ХХ стагоддзя, калі многія помнікі архітэктуры стаялі ў руінах пасля Першай сусветнай вайны або павольна знікалі пад націскам часу, Булгак метадычна і з вялікай любоўю фіксаваў аблічча Бацькаўшчыны. Навагрудак і возера Свіцязь, Мірскі і Нясвіжскі замкі, муры Крэва, храмы Гродна, непаўторнае Палессе і Нарачанскі край – усё гэта фіксавалася на ягоных шкляных пласцінах.

На жаль, у 1944 годзе падчас баёў за Вільню майстэрня фатографа згарэла. Агонь знішчыў дзясяткі тысяч арыгінальных негатываў. Але нават тая частка спадчыны, што ацалела ў музеях і бібліятэках Польшчы, Літвы, Беларусі і ЗША, сёння служыць галоўным дакументам для рэстаўратараў, гісторыкаў і ўсіх, хто любіць свой край.

Адкрываючы невядомага Булгака

Доўгі час біяграфія і творчасць майстра былі аточаны шматлікімі міфамі і недакладнасцямі. Нават дата яго нараджэння доўгі час заставалася прадметам спрэчак, пакуль даследчыкі не звярнуліся да метрычных кніг.

Менавіта пра гэта – пра сапраўдныя архіўныя адкрыцці, вяртанне імя Яна Булгака ў беларускі кантэкст і малавядомыя старонкі ягонага жыцця – сёння пойдзе размова на спецыяльнай лекцыі краязнаўцы Змітра Юркевіча. Дзякуючы такім даследчыкам, постаць Булгака перастае быць проста «знакамітым фатографам з падручніка», а набывае жывыя рысы нашага земляка, для якога Навагрудчына назаўжды заставалася галоўнай крыніцай натхнення.

Эстафета пакаленняў: філасофія погляду і паэзія прыроды

Традыцыя, закладзеная Булгакам, заўсёды трымалася на двух кітах: глыбокім філасофскім, мастацкім поглядзе на свет і нястомным услаўленні прыгажосці роднай зямлі. І вельмі сімвалічна, што менавіта ў дзень нараджэння класіка ў Мінску адбываюцца дзве падзеі, якія ўвасабляюць абодва гэтыя напрамкі.

01-1 Вядрэнка, афиша.jpg

Першы кірунак – эстэтычны і філасофскі – сёння бліскуча працягвае вядомы беларускі фотамастак і даследчык фатаграфіі Валерый Вядрэнка. Адкрыццё ягонай выставы і прэзентацыя новай кнігі ў гэты святочны дзень – гэта прамы дыялог з Булгакам-тэарэтыкам і Булгакам-мастаком. Як калісьці аўтар «Эстэтыкі святла» шукаў у звыклых краявідах глыбінны сэнс і музыку святлаценю, так і Вядрэнка ў сваіх работах ператварае фотаздымак у прастору для роздуму, запрашаючы гледача бачыць не толькі форму, але і душу прадмета ці пейзажа. 01-2 Пескі, В.Ведренко.jpgБрама былой сядзібы Пуслоўскіх у Пясках. Фота Валерыя Вядрэнкі

01-3 В.В. +==.jpg
Касцёл у мястэчку Смаляны. Фота Валерыя Вядрэнкі 0001 В.Ведренко_1330.jpg

Другі кірунак – тонкае адчуванне прыроды Бацькаўшчыны – увасабляе выстава Сяргея Плыткевіча «Імгненні зімы», якая сёння адчыніла свае дзверы ў Нацыянальным гістарычным музеі.

Афиша. Плыткевич.BY_900.jpg

Дзясяткі гадоў Сяргей Плыткевіч, як і некалі Булгак, вандруе па самых аддаленых кутках Беларусі. У экспазіцыі «Імгненні зімы» прырода нашай краіны паўстае ва ўсёй сваёй ціхай, часам суровай, але непаўторнай велічы – менавіта так, з вялікай пашанай і любоўю да кожнага заснежанага дрэва і лясной сцежкі, здымаў родныя краявіды і сам патрыярх беларускай фатаграфіі.

Дыялог праз стагоддзе: замкі, палацы і погляд з акна

Найбольш ярка пераемнасць часоў адчуваецца тады, калі побач кладуцца два здымкі, зробленыя з розніцай амаль у сто гадоў. Паглядзіце на фатаграфіі, якімі праілюстраваны гэты матэрыял – гэта сапраўднае падарожжа ў часе па знакавых мясцінах Беларусі.

01-5 Руины Мирского замка, Булгак, 1918.jpg

Вось велічны Мірскі замак. На старым здымку Булгака ён паўстае рамантычнай, паўразбуранай цвярдыняй з ранамі мінулых войнаў, якая толькі пачынала сваё вяртанне з небыцця.

01-6 2008-06-27_1425.webp

А побач, з таго ж ракурсу праз аб’ектыў Сяргея Плыткевіча – ужо адроджаны, дагледжаны шэдэўр сусветнай спадчыны, які сустракае тысячы гасцей. 01-7 Мирский замок, зима, вечер.jpg

Час змяніўся, Сяргей Плыткевіч карыстаецца новымі тэхналогіямі, робіць панарамныя здымкі з верталётаў і самалётаў, з дапамогай квадракоптэра. І гэта дае магчымасць па-новаму зірнуць на архітэктурныя помнікі. 01-8 Руины Новогрудского замка, Булгак.webp

Іншы настрой – на здымках руін замка ў родным для Булгака Навагрудку. Гэтыя старажытныя вежы на Замкавай гары майстар здымаў незлічоную колькасць разоў, любуючыся іх суровай прыгажосцю ў любую пару года. 01-9 Новогрудок, городище 6.jpg

Праз стагоддзе сучасная камера фіксуе тыя ж самыя велічныя руіны, якія, нягледзячы на ўсе віхуры гісторыі, працягваюць трымаць неба над першай сталіцай Вялікага княства Літоўскага, застаючыся нязменным сімвалам нашай гістарычнай памяці. 01-10 Жиличи, дворец, панорама 2026-05-22.webp

Асабліва ўражваюць інтэр’еры палаца ў Жылічах, які некалі належаў далёкаму сваяку фатографа Эмануілу Булгаку. 01-11 Жиличи, зал, фото Булгака (1).jpg

На чорна-белых кадрах першай трэці ХХ стагоддзя захавалася атмасфера шляхецкага гнязда: вытанчаная ляпніна, кафляныя печы, гульня святла ў высокіх парадных залах. 01-12 Pałac w Dobośni, wnętrze wielkiego salonu.webp

Пасля вайны і дзесяцігоддзяў запусцення рэстаўратары абапіраліся менавіта на гэтыя дакументальныя кадры. 01-13 2025-08-04-8 _I3A2785.webp

І вось перад намі – той жа самы ракурс інтэр’ераў у выкананні Сяргея Плыткевіча: адноўленыя залы зноў дыхаюць гісторыяй і святлом, замыкаючы кола часу. 01-14 2025-08-04-7 _I3A2738.webp

А здымкі сучаснага бала ў гістарычным палацы яшчэ больш узмацняюць нашу гістарычную памяць. 01-15 Жиличи, зал, бал (6).webp

Асабліва, калі ў зале гучаць тыя ж мелодыі, пад якія крыху больш за сто гадоў таму танчылі госці гаспадароў палаца. 01-16 Пинск, фото Яна Булгака.webp

Але ёсць у гэтым візуальным дыялогу сюжэты, якія кранаюць да глыбіні душы сваёй непаўторнасцю і стратай. Паглядзіце на пінскі здымак Яна Булгака з велічным касцёлам Святога Станіслава. Некалі гэтая магутная святыня вызначала сілуэт усяго горада над Пінай. 01-17 Пинск, руины замка, Гравюра Орды (9).jpg

На сучасным фота Сяргея Плыткевіча – той жа былы калегіюм іезуітаў, але ўжо без касцёла, знішчанага ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Гэтая пара здымкаў – найлепшы доказ таго, навошта патрэбна праца фатографа-краязнаўцы: там, дзе сёння пустэча, дзякуючы аб’ектыву майстра мы ўсё яшчэ можам бачыць страчаную веліч. 01-18 Булгак, поле, снопы 4.webp

Такім жа ўнікальным сведчаннем адыходзячай эпохі выглядае і параўнанне жытнёвага поля са снапамі. На фотаздымку Булгака – традыцыйны сялянскі краявід пачатку ХХ стагоддзя, поўны ціхай гармоніі ручной працы. Сёння снапы на беларускіх палях амаль нідзе не ўбачыш – іх даўно замяніла сучасная тэхніка. 01-19 2002-06-02-1 57_11.webp

Але Сяргей Плыткевіч яшчэ паспеў злавіць гэты знікаючы вобраз, зафіксаваўшы жывую сувязь пакаленняў і традыцый, якія сыходзяць у гісторыю проста на нашых вачах. 1_1_1.webp

Ёсць у гэтым візуальным дыялогу яшчэ адзін, асабліва кранальны сюжэт. Ян Булгак вельмі любіў свайго блізкага сябра, выдатнага мастака Фердынанда Рушчыца, і неаднаразова здымаў ягоную радавую сядзібу ў Багданаве. На адным з самых паэтычных здымкаў майстра – адчыненае вакно сядзібы Рушчыца, праз якое ў пакой льецца святло і адкрываецца краявід роднай зямлі. Побач з гэтым кадрам мы бачым здымак Сяргея Плыткевіча: амаль такое ж адчыненае вакно, але ўжо ў пакінутай вёсцы ў Чарнобыльскай зоне.

Гэтае супастаўленне выклікае моцны эмацыйны роздум. Два вакны, два стагоддзі, дзве эпохі. Адзін здымак поўны ціхага шчасця і гармоніі творчага дома, другі – балючы напамін пра крохкасць чалавечага быцця і спынены час. Але абодва кадры аб’ядноўвае адно: здольнасць фатографа ўбачыць у звычайнай дэталі глыбокі сімвал і захаваць памяць пра тое, што можа знікнуць назаўжды.

Ян Булгак марыў пра тое, каб фатаграфія стала «свядамай працай на карысць роднага краю», каб праз вобразы сваёй зямлі людзі вучыліся яе любіць і берагчы. І гледзячы на поўныя залы на краязнаўчых лекцыях, на новыя фотаальбомы, на адроджаныя помнікі архітэктуры і на выставы сучасных беларускіх фатографаў, можна з упэўненасцю сказаць: мара майстра здзейснілася. Справа Яна Булгака сапраўды жыве.

https://planetabelarus.by/publications/sprava-yana-bulgaka-zhyve

😀
0
😍
0
😢
0
😡
0
👍
0
👎
0