Дэлегацыя з Андыжанскай вобласці Узбекістана азнаёмілася з мясцовымі гаспадаркамі, агледзелі малочнатаварны комплекс “Клешчыно” ТАА “Сушчава-Агра”, якое з’яўляецца прыкладам эфектыўнай работы.
На ферме “Рассвет” выбраны пляцоўкі і ўжо зарэгістравана новае прадпрыемства – ТАА “АндыжанАгра”.
“Кампанія зоймецца развядзеннем буйной рагатай жывёлы: у гаспадарак “Вядзерава” і “Палітаддзелец Агра” плануюць закупіць 200 галоў бычкоў з наступным нарошчваннем пагалоўя да 1000. Для гэтага спатрэбіцца рэканструкцыя пяці існуючых памяшканняў”- распавёў першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Бешанковіцкага райвыканкама Міхаіл Самахвалаў.
Акрамя жывёлагадоўлі, партнёры з Узбекістана праявілі цікавасць да раслінаводства. “Папярэдне намечаны пасяўныя плошчы: 1,2 тыс. га пад бульбу і 800 га пад пшаніцу, хаця канчатковае рашэнне яшчэ не прынята”, – падкрэсліў першы намеснік старшыні райвыканкама. На пачатковым этапе кармы плануюць закупляць у беларускіх пастаўшчыкоў.
“Таксама будуць закупляць тэхніку беларускай вытворчасці, а нешта возьмуць у арэнду ў нас”, – расказаў Міхаіл Самахвалаў. Ён падкрэсліў: для раёна прыцягненне інвестыцый, безумоўна, плюс. “Мы настроены на далейшае развіццё гэтага супрацоўніцтва”, – рэзюмаваў Міхаіл Самахвалаў.
