У шляхецкай Рэчы Паспалітай існаваў своеасаблівы культ госця. «Госць у дом — Бог у дом», — гаварыла старая прымаўка. У шляхціца «ледзь сэрца не выскоквала з радасці», калі ён пабачыў пыл на дарозе. Гасцей чакалі, сілай заварочвалі ў дом, віталі доўгімі прамовамі, а потым днямі не адпускалі — здымалі і хавалі колы, спойвалі фурмана. Праўда, некаторыя падарожнікі злоўжывалі звычаямі. Гэта пра іх тады склалі прымаўкі: «Госць не ў пару горш татарына», «Госць і рыба на трэці дзень смярдзяць».
Асабліва нахабна паводзілі сябе госці ў час «карнавала» — ад Каляд да Вялікага посту. Перад запустамі (Масленіцай) шляхта наладжвала так званыя кулігі. Яны выглядалі прыкладна так: два або тры суседы дамаўляліся паміж сабой, бралі з сабой жонак, дачок, сыноў, слуг — усіх дарослых, што былі ў доме, пакідалі ў ім толькі малых дзяцей пад наглядам якіх двух чалавек, мужчыны і жанчыны. Самі ж, напакаваўшыся ў санкі, калі ж саннай дарогі не было — у каляскі, карэты, вазочкі, а таксама на ездавых коней, як хто мог, кіраваліся да бліжэйшага суседа, які ані прасіў іх, ані папярэджваўся (бо мог скрыцца ці з’ехаць з хаты). Там, застаўшы яго знячэўку, загадвалі даваць ім есці, піць, коням і людзям, без ніякай цырымоніі — як салдаты ў час збору падаткаў. Да таго часу ў яго дэбашырылі, пакуль не апаражнілі ў яго склеп, камору, свіран. Калі ж ужо выелі і выпілі ўсё, што было, бралі таго небараку з сабой з цэлай яго сям’ёй і цягнуліся да іншага суседа, якому рабілі такое ж спусташэнне, затым ехалі далей, пакуль не даходзіла чарга да тых, хто пачаў куліг. Але ў іх дамах кампанія не доўга весялілася, бо ўжо стамілася дэбошамі ў іншых, больш багатых дамах, да таго ж незаможныя ініцыятары кулігаў, звычайна п’яніцы, не мелі ні запасаў спіртнога, ні залежаў у каморы». Кулігі суправаджаліся пераапрананнямі. А калі пачынаўся Вялікі пост, дзяўчатам прычэплівалі драўляныя калоды, «курыныя ногі, шкарлупінне ад яек, індычыя шыі, валовыя кішкі і іншае плюгаўства», пасыпалі попелам галовы. У канцы ж посту аблівалі ўсіх халоднай вадой, кідалі ў рэчку.
На баляванні шляхта збіралася часта. Повад мог быць самы розны: рэлігійнае свята, хрэсьбіны, вяселле або хаўтуры, выбранне на нейкую пасаду, імяніны (радзей — дзень нараджэння) гаспадара і членаў яго сям’і. Імяніннікаў звычайна вязалі, спачатку ў прамым сэнсе, а потым у пераносным — «стрыножвалі сэрца падарункам» (канём, гончым сабакам, шабляй, дываном, пярсцёнкам, табакеркай, гадзіннікам). Мяняліся каштоўнымі падарункамі таксама ў рэлігійныя святы, на развітанне. Прытым мужчыны не саромеліся браць паднашэнні ад жанчын, каханак. Ахоцкі «ад каханкі падкаморыны дастаў на «незабудзь» прыгожы пярсцёнак брыльянтавы і два скруткі па сто дукатаў». «Паэт сэрца» Карпінскі ўзяў ад прыхільніцы свайго таленту пяць тысяч злотых.
Асноўнай часткай кожнага гасцявання з’яўлялася застолле. На яго траціліся грошы, прынесеныя чыншавымі сялянамі, заробленыя на сплаве збожжа і драўніны па Нёману, Дняпру. Кожны шляхціц імкнуўся пераўзысці суседзяў па колькасці і каштоўнасці выпітага і з’едзенага.
Калі чытаеш мемуары, магнацкае і шляхецкае жыццё ўяўляецца як бесперапыннае баляванне. Вось некалькі запісаў. 1700 год: «Паўтара тыдня бесперапынна гуляў я ў Мінску на банкеціках. Аднойчы на вячэры ў нас цэлую ноч правялі ў танцах, пры добрым пітве, досыць шуму было ад тостаў за здароўе Сапегаў і іншых маіх сяброў, ад гукаў труб і стрэлаў драгунаў». 1709 год: «Вялікдзень прайшоў весела, пры сумленных гасцях; пілі, танцавалі і весела гулялі тры дні, прыдумваючы розныя ўцехі; на чацвёрты ўсёй кампаніяй паехалі ў Дварэц, прыдумваючы новыя забавы. Таму Здзенцел (Дзятлава) назвалі Венецыяй, бо там пачатак вясёласці і людзі заўсёды, нібы венецыянцы, мокнуць у віне і мёдзе. Раготну мы празвалі Парыжам — дзеля досціпу і вывучэння розных французскіх танцаў і манераў, асабліва ў застоллі, дзе весела спявалі французскія песенькі пра бутэлькі і кілішкі для піцця. Дварэц назвалі Іспаніяй — дзеля сваіх прычын. Здарылася потым быць у адным інтарэсе за Слонімам, у я. пана Быкоўскага, харунжага слонімскага… паколькі нам не вельмі добра там паводзілася, бо гаспадар хаця багаты, але скупы, нібы карчмар, назвалі яго маёнтак Амстэрдамам, дзе купец багаты жыве».
У XVIII стагоддзі шляхта выпрацавала багаты застольны рытуал. Тосты ішлі ў строга акрэсленай чарговасці. «Спачатку гаспадар, з’еўшы кавалак мяса, наліваў у маленькі кілішак віна і піў ім «здароўе» ўсіх, хто сядзеў за сталом, — пачынаючы ад самых паважаных і канчаючы астатнімі. Называючы кожную значную асобу, прытыкаў да вуснаў і адымаў кілішак. Скончыўшы ж са знакамітымі, астатніх застольнікаў называў аднаго за другім па прозвішчу або агульным: «Васпана здароўе»; калі каго не ведаў, скіроўваў толькі на яго позірк, не прытыкаў да губ кілішка, толькі трымаў яго ў руцэ; назваўшы ж апошняга, лыкнуў крыху або да дна піў, калі яму падабалася, і ставіў кілішак». Калі гаспадар піў чыё «здароўе», той браў свой кілішак і адказваў тым жа. «Таму калі разам усе адны другіх здароўе пілі, рабіўся шум, да касцельнага падобны, калі людзі ўслед за плябанам разам спавядаюцца, так што адзін другога не чуў і не разумеў. Ані таксама хто зважаў на тое, ці быў названы ў гэтай літаніі, ці не быў, хіба хто гучна гаркнуў яго імя, тады даводзілася кланяцца».
Калі прыносілі гарачую страву, гаспадар браў вялікі келіх, напаўняў яго, стоячы піў «здароўе» самага знакамітага госця і перадаваў яму посуд. Той прымаў «здароўе» і адказваў сваім тостам. Так перабіралі ўсіх гасцей. За кожным тостам гучалі трубы, барабаны і гарматныя выстралы, а ўсё застолле дружна ўставала. «І была ў гэтым уставанні і сяданні такая цяжкасць, што іншыя слабелі, яшчэ не напіўшыся». Хто не хацеў п’янець, выліваў кілішак у талерку (дамам гэта дазвалялася) або пад стол. Але слугі з бутэлькамі стаялі ззаду і нават сядзелі з імі пад сталом. Кілішкі тут жа напаўняліся (сёе-тое перападала і слугам), баляванне працягвалася да глыбокай ночы. На «штэмпель» (каб прыпячатаць дружбу), «адыходнае», «страмянное» і «аглаблёвае» прыносілі дарагое віно. Яно пілося «пад прынукай».
Найбольш «сумленныя» госці заставаліся начаваць за сталом і пад сталом, валіліся з ног у сенцах. «Гаспадар задаволена лічыў, што пачастунак дасягнуў мэты, калі назаўтра даведваўся ад слуг, што ніводзін з гасцей не адышоў цвярозы; як адзін, перакуліўшыся, усю лесвіцу — клубком коцячыся — перамераў; як другога аднеслі на пасцель, нібы нежывога; як той збіў сабе аб сцяну галаву; як тыя, пасварыўшыся, морды сабе панабівалі; як, урэшце, той ягомасць, пахіснуўшыся, упаў у балота і да таго зуб сабе аб камень выбіў». Назаўтра гаспадар збіраў «пакрыўджаных», лячыў іх галовы — усё пачыналася нанава.
Асабліва пышныя балі праводзіліся ў Гродне ў апошнія гады існавання Рэчы Паспалітай. Мясцовыя магнаты спаборнічалі ў грашовых затратах. Але ўсіх пераўзыходзіў рускі пасол, які спыніўся ў палацы Сапегаў. «Тры велізарныя салоны і некалькі крыху меншых пакояў — усе былі заняты гасцьмі. А колькі сталоў для гульні ў карты і колькі на іх золата — гэта толькі ў сне можна сабе ўявіць… Па салонах, па пакоях слугі бесперапынна нешта разносілі. Баль быў вельмі пышны. Унутры кожны найменшы закутак асвятляўся свечкамі, якіх гарэла некалькі тысяч. Знадворку палац і двор ззяў ад каляровых лямпаў. У трох салонах падавалі парадную вячэру». На гродзенскіх балях пілі з жаночых туфляў або з вялізных кулявак, а пусты посуд білі аб падлогу або аб сваю ж галаву.
Вядома, балі не зводзіліся да аднаго застолля. Пад гукі прыдворнай музыкі наладжваліся танцы. Найбольшай папулярнасцю цешыўся шматгадзінны паланез. Уваходзілі ў моду заходнееўрапейскія танцы — менуэт, кадрыля, англез, гавот. Крыху падпіўшы, ішлі казачка, успаміналі «старасветчыну» — «ходжанага» і «гоненага». У магнацкіх палацах наладжваліся тэатральныя прадстаўленні, ілюмінацыі і піратэхнічныя феерверкі. Моладзь гуляла ў фанты, «перапёлачку», «сляпую бабку» (жмуркі), строіла фіглі (найбольш дасціпнай лічылася «фінфа», калі п’янаму ў нос засоўвалі скручаную паперу, а затым падпальвалі). Старэйшыя аддавалі перавагу картам. Увайшоўшы ў азарт, ігракі ставілі чырвонцы мераю — цэлымі шклянкамі, прагульвалі ўсе асабістыя рэчы. За картамі часта ўзнікалі бойкі, якія канчаліся «пераломамі і нават смерцю».
Зрэдку балі і гульні наладжваліся на ўлонні прыроды. Радзівілы тлумна выязджалі ў прыгарад Нясвіжа Альбу, дзе кожны з членаў сям’і і гасцей меў над каналам свой ідылічны домік і лодку. Пад уплывам моднага тады сентыменталізму арыстакраты гулялі «ў сялян», вырошчвалі гародніну і кветкі. У Альбе наладжваліся муштры шляхецкіх дзяцей, якія вучыліся тут «на матросаў». Кульмінацыяй вучэнняў быў «штурм Гібралтара». У ім удзельнічала да трыццаці караблёў, узброеных гарматамі і ракетамі. Восенню любілі фехтавацца «пальцатамі» (у Брэсце гэтая гульня часта завяршалася пагромамі мясцовага насельніцтва), зімой — катацца на каньках, якія рабіліся з касцей жывёл. Вясной гайдаліся на гушкалках, спаборнічалі ў хаджэнні на хадулях.
https://knihi.com/Adam_Maldzis/Jak_zyli_nasy_prodki_u_XVIII_stahoddzi.html
Адам Мальдзіс «Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі»
