Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Карась і старшыня Верхнякрывінскага сельвыканкама Сяргей Акуневіч абследавалі тэрыторыі населеных пунктах Семянцова, Ржаўка і Верхняе Крывіна на прадмет захавання правілаў добраўпарадкавання.
Сяргей Карась: “Сітуацыя пакідае не найлепшае ўражанне. У населеных пунктах абочыны дарог і прыдамавыя тэрыторыі патанаюць у бытавым смецці. Пластыкавыя бутэлькі, пакеты, недакуркі і іншае часта валяюцца літаральна пад носам у жыхароў, за некалькі метраў ад іх уласных брамак”.
На асобных падворках проста на землях агульнага карыстання гніюць старыя дошкі і нядбайна зваленыя дровы, якія гаспадары не знайшлі час скласці і прыбраць пілавінне. Побач з гэтым можна ўбачыць і паламаную мэблю, якая псуе выгляд вуліц. Усё гэта разам з кучамі пяску і бітай цэглы ператварае абочыны дарог нашых населеных пунктаў у падабенства стыхійных звалак.
Старшыня Верхнекрывінскага сельвыканкама Сяргей Акуневіч: “Дзяржава выдзяляе немалыя сродкі на добраўпарадкаванне, але прыставіць персанальнага дворніка да кожнага прыватнага дома немагчыма. Парадак у населеных пунктах – гэта перш за ўсё пытанне сумлення кожнага жыхара. Недапушчальна ігнараваць завалы гнілых дошак і бытавы хлам каля свайго парога ў надзеі, што іх вывезуць за кошт бюджэту.”
Начальнік інспекцыі Сяргей Карась адзначыў, што экалагічная служба вымушана пераходзіць ад перакананняў да жорсткіх адміністрацыйных мер. У адносінах да тых, хто прывык жыць у гразі і гадамі ігнаруе заўвагі, будуць прыменены штрафныя санкцыі. У Беларусі закон адзін для ўсіх: насмеціў – прыбяры, захламіў зямлю – адказвай рублём.
