Сёння – гадавіна смерці Якуба Коласа

Грамадства

Раніцай 13-га жніўня 1956 года Якуб Колас занёс у ЦК КПБ ліст пра стан беларускай мовы. “Найвялікшым духоўным багацьцем народу зьяўляецца яго мова. У мове адлюстроўвалася гісторыя народу, яго барацьба, яго смутак і радасьць, яго любоў і гнеў. Прашу зразумець мяне правільна…” Тым самым Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, Якуб Колас, як бы завяршыў свае зямныя справы – і заняўся справамі нябеснымі.

Вось вытрымкі з ліста:

“На мой погляд, далейшае развіццё культуры рэспублікі вельмі многа праігрывае і, скажам проста, стаіць перад сурʼёзнай пагрозаю іменна ад недастаковай увагі да роднай мовы. Установы сталіцы вывелі з абыходку беларускую мову: на ёй не вядзецца перапіска, на ёй не гавораць з наведвальнікамі, у гарадах няма беларускіх шыльд і надпісаў, мала беларускіх афіш і плакатаў.

Смешна сказаць, але, праехаўшы Мінск, кавалак Слуцкага шасэ на працягу 30 км, я не ўбачыў ніводнага беларускага слова. Толькі ў Русінаве на даследчай бульбяной станцыі знайшлося два пачарнелых ад часу надпісы: «Кузьня» і «Сьвіран». Дый то, відаць, яны былі зроблены ў 30-х гадах, да рэформы правапісу, бо пасля мяккіх зычных у іх стаіць мяккі знак. Няўжо ж аўтамабілі, трактары, станкі, тканіны, цукеркі, папяросы сталі б горшымі, каб на іх былі беларускія надпісы. Хай толькі якасць не падводзіць! Бо колькі ні пішы «Казбек» на мінскіх папяросах, усё роўна спажывец патрабуе ленінградскіх. Свіслач — рэчка незайздросная, але калі папяросы з такой назвай будуць самымі лепшымі, дык яны знойдуць попыт ва ўсім Савецкім Саюзе. Чаму ж мы дапускаем, каб беларускія этыкеткі зʼяўляліся толькі на дрэнным гуталіне і на не вельмі смачных водах? Гэта ж і мала, і проста крыўдна.

Акадэмія навук, якая павінна быць цэнтрам беларускай навукі, не карыстаецца беларускаю моваю, не выдае на ёй работ, не праводзіць пасяджэнняў. Тое, што ў Акадэміі існуюць інстытуты мовы і літаратуры, яшчэ справы не рашае. У нас дасюль не распрацавана беларуская тэрміналогія па ўсіх галінах навукі, а гэта дало б магчымасць пісаць па-беларуску навуковыя працы і выкладаць па-беларуску спецыяльныя дысцыпліны. Няўжо ж навуковая работа, калі яна ўдалая і цікавая што-небудзь страціць ад таго, што будзе напісана па-беларуску! Наадварот, яе будуць перакладаць і пашыраць на многіх мовах свету, як гэта робіцца з творамі нашых літаратараў. Могуць сказаць, што, стаўшы на такі шлях, распужаеш з Акадэміі вучоных, ураджэнцаў іншых рэспублік, якія не ўладаюць мовай. Не, ніхто не збіраецца саджаць за азбуку паважаных і сурʼёзных людзей. Аднак, жывучы ў Беларусі, і ім бы не грэх навучыцца хоць бы чытаць газету. Большасць жа нашых вучоных — беларусы, і мову яны ведаюць, але ёю не карыстаюцца. У іх адрас і накіраваны гэты папрок. Бо хіба можа быць сурʼёзнае развіццё навукі, калі вучоныя не хочуць паважаць мовы народа, на зямлі якога яны працуюць?

Саюзы кампазітараў і мастакоў таксама адмовіліся ад свае мовы. Ну, няхай у іх іншыя сродкі выражэння думак і пачуццяў, не моўныя. Аднак, зрабіць уклад у нацыянальнае мастацтва і музыку, не ведаючы мовы народа, немагчыма. Мова — важнейшы элемент нацыянальнай формы, не ведаючы яе, не карыстаючыся ёю, ні мастак, ні кампазітар не здолеюць аўладаць усімі духоўнымі багаццямі народа.

Беларускую мову можна пачуць у тэатрах і па радыё. Але што гэта за мова? Гэта непрыхаваны здзек над ёю. Артысты і дыктары парушаюць элементарныя правілы вымаўлення, пастаноўкі націскаў, мова засмечана мноствам скажоных слоў-калек, няўдала запазычаных з рускай мовы. Адбываецца гэта таму, што артысты, работнікі радыё, журналісты, газетчыкі не карыстаюцца мовай у побыце. Пераклады газетных артыкулаў і матэрыялаў радыё даручаюцца машыністкам і малаграматным людзям. Адкуль жа тут узяцца добрай мове? Вось і пішуць нашы газеты і часопісы: «прадстаячы», «маючыйся», «кіруемы» і іншыя страхападобныя словы.

Тэатры, ставячы перакладныя пʼесы, па-свойму няграматна папраўляюць перакладчыкаў, замяняюць сказы і словы, бо, бачыце, беларускае слова «не гучыць». Беларускае слова гучыць, але яны не ведаюць яго, не імкнуцца зразумець сэнс і данесці яго да гледача. Назвы пʼес тэатры стараюцца даць так, каб яны былі не перакладзены, а толькі напісаны беларускімі літарамі. Дарэчы, Тэатр оперы і балета ніяк не можа ўзбіцца на арыгінальны рэпертуар, пераклады лібрэта класічных опер не робяцца. Спевакі, артысты філармоніі, чытальнікі занядбалі беларускі рэпертуар. Можна пачуць, што такога рэпертуара няма. Няпраўда, ёсць і песні, ёсць і танцы, ёсць і творы для чытання. Трэба працягнуць руку і ўзяць. А пачні шырэй выконваць, дык і рэпертуар пашырыцца, будзе больш ахвоты працаваць у стваральнікаў яго.

Студыя «Беларусьфільм» здымае фільмы на рускай мове, а потым дубліруе іх на беларускую. Такім шляхам нацыянальную кінематаграфію не створыш. Дарэчы, дубліраваныя фільмы не зʼяўляюцца на экранах сталіцы, дзе і як яны ідуць, невядома.

Што ж мы маем у галіне народнай асветы. У вузах, тэхнікумах, школах выкладанне не вядзецца па-беларуску, наша мова выкладаецца кепска, так, што робіцца нялюбым прадметам. Беларускіх школ мала, яны размешчаны на ўскраінах, у горшых будынках, у горшых умовах, як бы сумысля, каб малыя дзеці насельніцтва не маглі дабрацца туды. Нават у многіх школах вясковых мясцовасцей беларускага толькі і засталося, што паржавелыя шыльды над ганкам. Кажуць, што супраць беларускай школы зʼяўляюцца пратэсты насельніцтва. Я і мае таварышы-літаратары атрымліваем таксама абразлівыя пісьмы за абарону мовы, за работу на ёй. Трэба добра разабрацца, хто гэта піша. Праўда, разбірацца цяжка, бо пішуць ананімы. Ці выражаюць гэтыя пісьмы сапраўдную волю і жаданне народа? Можа, сапраўды наш народ раптам перастаў любіць сваю мову? Не, гэтага не было і не можа быць! Прыслухайцеся да жыхароў гарадскіх ускраін і рабочых пасёлкаў, да калгаснікаў: у іх вуснах гучыць чыстая прыгожая беларуская мова. Нікому з іх і ў думку не ўпадзе пратэставаць супраць той мовы, на якой ён гаворыць з маленства. Але ёсць мяшчанская праслойка, якая грэбліва адносіцца да нашай мовы; яна мае ўплыў на недастаткова развітых асоб. На жаль, прыслухоўваючыся да голасу гэтага мяшчанства, і некаторыя людзі з органаў народнай асветы пачынаюць імкнуцца ліквідаваць і беларускую школу і наогул выкладанне мовы ў ёй. Але не волю народа выконваюць яны, блізарукія. Пратэставаць супраць роднай мовы, з аднаго боку, могуць людзі па неразуменні, а з другога — нашы ворагі, ворагі нашай савецкай рэчаіснасці, ворагі дружбы народаў. Наогул недастатковая ўвага да мовы дае матэрыял для плётак і інсінуацый нашым замежным ворагам і іх паслугачам — беларускім нацыяналістам.

У чым жа прычына сягонняшняга становішча з мовай?

У пэўны час — ці трэба тлумачыць, калі і чаму гэта было? — вялікая група інтэлігенцыі перастала карыстацца сваёю мовай. Абазвацца па-беларуску тады — значыла зарабіць ярлык нацыяналіста.”

Чытаць цалкам:

https://knihi.com/Jakub_Kolas/List_u_biuro_CK_KP_Bielarusi_ab_stanie_bielaruskaj_movy_i_dalejsym_razvicci_kultury_u_respublicy.html

😀
0
😍
0
😢
0
😡
0
👍
1
👎
0