Аб чым пісала “Крывінка” ў чэрвені 2018 года

Грамадства

Зробім Бешанковічы прыгажэйшымі

16-га чэрвеня 2018 года ў рамках наўпроставай лініі намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Заблоцкі адказаў на некалькі пытанняў, звязаных з праблемамі і перспектывамі нашага раёна.

1. Сёння дажджлівае надвор’е, і на дарогах па райцэнтру прыходзіцца трапляць у шматлікія лужыны. Напрыклад, насупраць аўтастаянікі каля бальніцы, ці па вуліцы Віцебская шаша каля бешанковіцкага лясніцтва і далей па ўсяму райцэнтру. Пытанне гэта лёгка вырашальнае, хто дапаможа яго вырашыць?

— Згодны. Праблема ёсць Я даю даручэнне начальніку аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Анатолю Журко і дырэктару «Бешанковіцкага камунальніка» Ігару Сліўцу разабрацца ў сітуацыі і прыняць дзейсныя меры.

2. Чатыры гады таму мы ваявалі з жыхарамі вуліцы Ясеніна з-за будаўніцтва моста праз Дзвіну. Людзям знеслі гаражы, парушылі іхні спакойны лад жыцця. А будаўніцтва моста так і не распачалося. Калі плануецца яго распачаць?

— Па падыходам і па інвестыцыям будаўніцтва моста не плануецца. Ужо сёлета плануецца будаўніцтва Бешанковіцкай ГЭС з тэхнічным пераходам. Згодна іфармацыі, якая паступіла з Віцебскэнерга і Мінэнерга, на будаўніцтва ГЭС ужо вызначаныя падрадчыкі, работы мусяць быць распачаты або напрыканцы лета або напачатку восені.

3. А на вашу думку як грамадзяніна і жыхара Бешанковічаў, ці патрэбна, гэта ГЭС нашаму раёну? У тым плане, што нам затопяць 200 га лесу, мы будзем той гніллю дыхаць, не зразумела, што будзе далей з экалогіяй.

— Як чалавек дзяржаўны, я мушу падпарадкаўвацца тым рашэнням, якія прынімаюцца на ўзроўні дзяржаўных праграм. Думаю, што спецыялісты падрахавалі плюсы і мінусы будаўніцтва. Што гэта будзе потым, калі пабудуюць, пэўна, пакажа час.

4. Ці будзе ў Бешанковічах у найбліжэйшы час працягнута будаўніцтва басейна?

— Пакуль што Міністэрства эканомікі ў інвестыцыйнай праграме на 2019 год будаўніцтва басейна не плануе. А ў дальнейшым пытанне застаецца адкрытым.

У сувязі з тым, што ў інвестыцыйнай праграме ёсць аб’екты будаўніцтва Бешанковіцкай ГЭС і атамнай станцыі, то-бок, больш важныя аб’екты, пакуль што будаўніцтва басейна ў Бешанковічах у праграму не ўключана. А што будзе далей, я сказаць не магу.

5. Хто і калі будзе аднаўляць пашкоджаныя пры будаўніцтве ходнікі, добраўпарадкоўваць тэрыторыю каля гасцініцы?

— На апошняй планёрцы старшыня райвыканкама А.Булаўкін даваў даручэнне намесніку па будаўніцтву С.Аўчыннікаву, які курыруе пытанне, і дырэктару «Бешанковіцкага камунальніка» І.Сліўцу, прыняць меры па добраўпарадкаванню, уладкаванню малых формаў, пасадцы дрэваў і г.д.

Г.Станкевіч

😀
0
😍
1
😢
0
😡
0
👍
1
👎
0