Ён маляваў у Бешанковічах. Сёння – Дзень нараджэння Напалеона Орды

Грамадства

11-га лютага 1807 года нарадзіўся беларускі мастак, кампазітар, скульптар, педагог Напалеон Матэуш Тадэвуш Орда, дзякуючы мастацтву якога мы сёння можам узнавіць знешні выгляд многіх дваранскіх сядзіб і замкаў.

ORDA1N_887.jpg

Орда нарадзіўся ў вёсцы Варацэвічы Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер – Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці) у сям’і ваеннага інжынера.

Хрысцілі хлопчыка ў Крыжаўзвіжанскім каталіцкім храме ў суседнім Янаве (цяпер Іванава). Бацькі не стала, калі хлопчыку было два гады. Выхоўвала Напалеона маці – Юзэфа Бутрымавіч, дачка пінскага старасты, таленавітая піяністка.

Пачатковую адукацыю ён атрымаў у бацькоўскай хаце, затым працягнуў навучанне ў знакамітай Свіслацкай гімназіі (вучыліся браты Віктар і Кастусь Каліноўскія), якая славілася сваім вальнадумствам. У 1823 годзе паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Але скончыць вышэйшую навучальную ўстанову яму так і не ўдалося.

Niaśviž,_Radzivił._Нясьвіж,_Радзівіл_(N._Orda,_28.07.1876)a.jpg

Замак Радзівілаў у Нясвіжы. 28.07.1876.

Падчас вучобы Напалеон стаў членам тайнага студэнцкага таварыства “Заране”, за ўдзел у якім быў выключаны з 4-га курса універсітэта і арыштаваны. Амаль 15 месяцаў Напалеон Орда правёў у Віленскай турме. Пасля вызвалення вярнуўся ў родную вёску, дзе знаходзіўся пад наглядам паліцыі.

Прыняў актыўны ўдзел у польскім паўстанні 1831 года супраць Расійскай імперыі, за што быў узнагароджаны крыжом ордэна “Virtuti Militari” і атрымаў званне капітана.

Аднак ужо ў 1833 годзе Напалеон Орда быў вымушаны эміграваць пад чужым імем у Парыж. Жыў у Аўстрыі, Швейцарыі, Італіі, а ў верасні 1833 года атрымаў статус эмігранта ў Францыі і застаўся ў Парыжы. У гэты час вызначаюцца яго асноўныя прыярытэты ў творчасці – музыка і жывапіс.

Парыжскі перыяд жыцця прынёс Напалеону Ардзе вядомасць у шырокіх колах еўрапейскай інтэлігенцыі. Ён быў знаёмы з Ферэнцам Лістам, Джаакіна Расіні, Джузепе Вердзі, Шарлем Гуна, Гектарам Берліёзам, Анарэ дэ Бальзакам, Анры Стэндалем, Палінай Віярда, Іванам Тургеневым. Разам з Фрыдэрыкам Шапэнам ён музыцыраваў на вечарах у дамах Плятэраў і Чартарыйскіх. Браў удзел у літаратурных зборах, суправаджаючы ігрой на фартэпіяна паэтычныя імправізацыі Адама Міцкевіча.

Монастырь иезуитов в Минске.jpg

Манастыр езуітаў у Мінску. 1864-1876.

Кампазітарская спадчына ўключае больш за 20 паланэзаў, мазурак, вальсаў, накцюрнаў, серэнад, рамансаў і песень. Яго творы адрозніваюцца меладычнасцю і віртуозным стылем, а падручнік Н. Орды «Граматыка музыкі», выдадзены ў 1873 г. у Варшаве, на думку сучаснікаў, быў лепшым дапаможнікам па тэорыі музыкі. З 1847 года Напалеон Орда працаваў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы.

Пачаткам мастацкай дзейнасці можна лічыць 1840 год, тым часам ён шмат падарожнічае па Францыі і Рэйнскай вобласці і фіксуе на малюнках пейзажы і архітэктурныя помнікі. Потым былі цыклы па Іспаніі, Партугаліі, Алжыры.

Пазней мастак рабіў замалёўкі гарадоў і мястэчак па Украіне, Польшчы, Літве, Беларусі. Свае малюнкі мастак выконваў алоўкам, затым дапаўняў малюнак алоўкам акварэллю, гуашшу і сэпіяй. Менавіта гэтая тэхніка малявання, якой Арда дасканала валодаў, дазваляла аператыўна і найбольш дакладна адлюстроўваць архітэктурны пейзаж ва ўмовах падарожжа.

У Беларусі Напалеон Орда зрабіў каля 200 замалёвак, у тым ліку сядзіб і памятных мясцін, звязаных з імёнамі такіх вядомых дзеячаў культуры, як Адам Міцкевіч, Станіслаў Манюшка, Уладзіслаў Сыракомля і многіх іншых. Найбольш шырока ў работах мастака прадстаўлена гарадская архітэктура. У серыі малюнкаў, зробленых у Гродне, Віцебску, Мінску, Магілёве, Полацку, Пінску, Навагрудку, Нясвіжы, Тураве і шэрагу іншых мясцін ён стварыў шырокую панараму шматстылёвай мураванай забудовы XIX стагоддзя. З асаблівай увагай мастак замалёўваў старажытныя замкі, многія з якіх ужо ў той час ляжалі ў руінах.

Палац Храптовіча ў Бешанковічах. 20.06.1876

Помнік Напалеону Ордзе ў Іванаве

Усяго ж агульная калекцыя мастака налічвае больш за 1150 пейзажаў. Яны дапамаглі аднавіць Андрэеўскую царкву ў Кіеве, касцёл Іаана Прадцечы ў Белай Царкве, крэпасць у Камянцы-Падольскім, Падгарэцкі, Дубенскі, Астрожскі і Лецічаўскі замкі.

Памёр Напалеон Орда 26 красавіка 1883 года ў Варшаве.

Імем Напалеона Орды названы вуліцы ў Мінску, Брэсце і Гродне, мастацкая школа ў Пінску.

У 1997 годзе, у горадзе Іванава (на скрыжаванні вуліц Леніна і Савецкай) устаноўлены адзіны ў Еўропе помнік Напалеону Ордзе (скульптар І. В. Голубеў, архітэктар В. І. Касяк).

У вёсцы Варацэвічы (Іванаўскі раён) знаходзіцца музей-галерэя імя Напалеона Орды.

https://planetabelarus.by/publications/11-fevralya-napoleon-orda

😀
0
😍
0
😢
0
😡
0
👍
0
👎
0