20-га лістапада — дзень памяці Аляксандра Рыпінскага, нашага зямляка. Ён нарадзіўся 10 (22-га) верасня 1809 года ў вёсцы Кукавячына Віцебскага павета.
Ужо ў раннім юнацтве А. Рыпінскі вёў фальклорныя запісы, пазней захоўваў іх у ваенным ранцы, які згубіў у час паўстання 1830—1831 гадоў, у якім ён удзельнічаў. Эміграваў у Францыю.
На пасяджэнні Польскага літаратурнага таварыства ў Парыжы, 21.11.1839 прачытаў першы даклад пра беларускую этнаграфію і фальклор. У 1840 на аснове гэтага дакладу выдаў асобнай кнігай фалькларыстычна-этнаграфічнае даследаванне «Беларусь», дзе ўпершыню ў гісторыі беларусістыкі сістэматызаваў беларускую народную вусную творчасць паводле жанраў і тэматыкі.
Паводле М. Хаўстовіча, у працы «Białoruś…» аўтар апісваў не толькі песенную традыцыю, але і шэраг іншых відаў вуснай творчасці, імкнучыся паказаць культурны кантэкст і «паэтычнасць» народнага жыцця; асобныя матэрыялы падаваліся ў сувязі з абрадамі, святамі і побытавымі практыкамі.
Магчыма, па парадзе А. Міцкевіча падрыхтаваў да друку ўспаміны з часоў паўстання — «Паўстанне Вілейскага, Завілейскага і Дзісенскага паветаў» (фрагменты выдадзены ананімна ў Парыжы, 1836). Працаваў над рукапісам «Выпісы польскіх гарадоў і вёсак, згаданых у творы Нарбута „Гісторыя старажытнай Літвы“».
У Лондане заняўся выдавецкай і творчай дзейнасцю, таксама выкладаў розныя мовы, матэматыку і маляванне. У сваёй, супольнай І. Яцкоўскім, друкарні выдаў зборнікі сваіх польскіх вершаў «Паэтычныя творы» (1853), «Сяржант-філосаф» (1854). У 1853 выдаў беларускамоўную рамантычную баладу «Нячысцік», адну з першых у беларускай літаратуры, у аснову яе пакладзены фальклорныя ўзоры.
Быў шырока вядомы як мастак, сам афармляў свае кнігі, выявіў выключныя здольнасці да мастацкай фатаграфіі, стаўшы адным з піянераў фотамастацтва.
Па вяртанні ў Расію, працаваў над гісторыяй беларускай літаратуры, быў першым біёграфам шэрагу пісьменнікаў. У прыватнасці, А. Рыпінскім напісаны біяграфіі Я. Баршчэўскага, Г. Марцінкевіча, В. Рэута, Ф. Рысінскага, Т. Заблоцкага, але гэтыя працы не захаваліся. Дапамагаў маладым мастакам і літаратарам з Беларусі і Літвы.
Паводле М. Хаўстовіча, у пасляэмігранцкіх нататках Рыпінскі спрабаваў акрэсліць гісторыю літаратурнага працэсу на беларускіх землях і пакінуў уласны спіс аўтараў (каля 55 імёнаў), ад XVI да канца XIX ст., што адлюстроўвае ягонае імкненне да сістэматызацыі і біяграфічнага апісання літаратуры.
Асабісты архіў А. Рыпінскага, багаты на факталагічныя звесткі пра беларускую культуру 18-19 ст., не захаваўся. Некалькі сшыткаў А. Рыпінскага з каштоўнымі фальклорнымі і літаратурнымі запісамі ў 1930-я гады захоўваліся ў прафесара БДУ М. Піятуховіча. Некаторыя запісы па копіях Піятуховіча апублікаваў В. Скалабан у 1990 (Зборнік «Шляхам гадоў», 1-ы вып.).
Паэзіі Рыпінскага ўласціва фальклорна-рамантычная скіраванасць у спалучэнні з дыдактычнасцю і сентыменталісцкім стылем. А. Рыпінскі адзін са стваральнікаў жанру балады ў беларускай літаратуры. У гісторыю беларускай культуры А. Рыпінскі ўвайшоў як адзін з першых даследчыкаў літаратуры Беларусі.
Рыпінскі быў адным з першых аўтараў і выдаўцоў, хто ўвёў ва ўжытак літару Ŭ — «у нескладовае» у лацінскім алфавіце — у беларускіх тэкстах у 1853-54 гг.
