Двойчы арыштаваны, але не расстраляны: беларускі пісьменьнік Ян Скрыган

Культура

Чалавек няпростага лёсу, таленавіты пісьменнік, тонкі стыліст, майстар мастацкага слова нарадзіўся 16-га лістапада 1905 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Труханавічы (цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці). У 1918 годзе скончыў мясцовую царкоўна-парафіяльную школу, вучыўся ў Слуцкім духоўным вучылішчы, затым у школах першай і другой ступені, рэальнай вучэльні, гімназіі, у Слуцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, адкуль сышоў у 1924 годзе.

ceekg764ddgmdoacb669yrtbtwvznv31.jpg

З 1924 года працаваў у рэдакцыі слуцкай акруговай газеты “Вясковы будаўнік”. Тут ён трапляе ў кампанію маладых беларускіх літаратараў, якую ўзначальвае першы беларускі футурыст Паўлюк Шукайла. Моладзь пад кіраўніцтвам Шукайлы вучылася пісаць «лесвічкай», пад Маякоўскага, «каб толькі папасці ў гэты футурызм».

Ян Скрыган загадваў Народным домам у Расонах і ў 1925–1926 гадах з’яўляўся сакратаром мясцовай камсамольскай ячэйкі, затым працаваў стыль-рэдактарам полацкай газеты «Чырвоная Полаччына», удзельнічаў у працы полацкай філіі беларускага літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

skryganzh2_984.jpg Сябры рэдкалегіі акруговай газеты “Чырвоная Полаччына”.Злева направа: Сцяпан Сямашка, Паўлюк Шукайла, Пятрусь Броўка, Янка Відук (Скрыган).Полацк, 1927г.

У 1928–1932 вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага БДУ імя У. І. Леніна.

У 1933–1936 гадах стаў супрацоўнікам рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”, сябрам літаратурнага аб’яднання беларускіх футурыстаў “Літаратурна-мастацкая камуна”.

Пачалі публікавацца зборнікі яго прозы: “Затока ў бурах” (1929), “Каця Лапянкова” (1932), “Сустрэчы” (1935).

Сучаснікам стала зразумела, што ў айчынную літаратуру прыйшоў тонкі стыліст, які незвычайна адчувае слова.

v8vt3h46tbxto0ia75br0qcwe2yo461e.jpg Ян Скрыган з першай жонкай Галінай

У гэтыя гады адбыліся змены і ў асабістым жыцці: Скрыган пазнаёміўся з прыгажуняй Галінай, якая працавала машыністкай у Дзяржаўным выдавецтве, і ажаніўся. Неўзабаве жонка зацяжарыла.

А 13-га лістапада 1936 года Скрыгана арыштавалі ў Пухавіцкім доме творчасці, куды ён паехаў, каб папрацаваць над артыкулам. З яго здзекаваліся, білі, аблівалі халоднай вадой, садзілі ў карцэр, дзе вязень «вісеў, здушаны яго цеснатой да болю ва ўсім целе».Следства працягвалася цэлы год. Потым быў хуткі і няправедны суд і прысуд: 10 гадоў лагераў і 10 гадоў ссылкі ў Кемераўскую вобласць (Нова-Іванаўскі лагер). Ён ніколі больш не ўбачыцца з жонкай, і ніколі не ўбачыць сына.

У 1946 годзе Ян быў вызвалены з пазбаўленнем грамадзянскіх правоў на пяцігадовы тэрмін. З 1946 па 1948 гады працаваў бухгалтарам на гідролізным заводзе ў Фергане, затым на сланцахімічным камбінаце ў Ківіілі (Эстонія).

У Фергане Скрыган зноў ажаніўся, і ў яго нарадзілася дачка Галіна.

Але спакойнае жыццё і сямейнае шчасце былі перапынены: 25-га чэрвеня 1949 года ён зноў быў арыштаваны і высланы ў Сібір – у Краснаярскі край (Сухабузімскі раён), дзе працаваў бухгалтарам у райкамгасе і МТС.

Не паспела сям’я (з Ферганы прыехала другая жонка Ганна з дзецьмі) абжыцца на новым месцы, як 29 снежня 1954 года прыйшло распараджэнне аб рэабілітацыі.

Сям’я вярнулася ў Мінск, дзе пісьменніку ўсё прыйшлося пачынаць літаральна з нуля. Добра, што знайшліся людзі, якія падтрымалі – Заір Азгур, Пятрусь Броўка…

skryganzh5_1.jpg

З 1955 года Ян Скрыган стаў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР, літкансультантам СП БССР, рэдактарам аддзела прозы і намеснікам галоўнага рэдактара беларускага літаратурнага часопіса “Полымя”. З 1967 па 1975 гады працаваў намеснікам загадчыка літаратурна-кантрольнай рэдакцыі выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”. У 1975-1985 гадах займаў пасаду адказнага сакратара Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.

І ўвесь гэты час працаваў над сваімі творамі. Гэта быў пэрыяд актыўнай творчай дзейнасьці. Выйшлі зборнікі: “Апавяданні” (1956), “Наталя” (1957), “Няпрошаная сляза” (1958), “Скажы адно слова” (1961), “Свая аповесць” (1964), выбранае “Кругі” (1969), аповесць “Кругі 2 (1975; 1985), “Выбраныя творы” (2005), кніга ўспамінаў і нарысаў “Раннішнія росы: Літаратурныя нататкі, успаміны, партрэты” (1965), кніга ўспамінаў і нарысаў “Некалькі хвілін чужога жыцця” ((1979, 1990).

Пісьменнік таксама перакладаў на беларускую мову з рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, эстонскай моў. Пераклаў на беларускую мову творы І. Бабеля, І. Буніна, Ф. Гладкова, М. Горкага, А. Астроўскага, К. Федзіна.

Памёр 18-га верасьня 1992 года.

У 1998 годзе ў эстонскім горадзе Ківілі мясцовымі беларусамі ўсталяваны мемарыяльны знак у памяць Янкі Скрыгана.

https://planetabelarus.by/publications/16-noyabrya-yan-skrygan

Чытаць прозу Яна Скрыгана можна тут:

https://knihi.com/Jan_Skryhan/Kruhi.html

😀
0
😍
0
😢
0
😡
0
👍
2
👎
0