28 жніўня — дзень народзінаў Генадзя Бураўкіна. Адмыслова да яго 90-гадовага юбілею выйшла кніга «Пражытае-напісанае. Кніга Генадзя Бураўкіна. Кніга пра Генадзя Бураўкіна» — плён шматгадовага вывучэння хатняга архіва паэта і працы ў Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва.
Хоць сам Бураўкін не пакінуў, уласна кажучы, мемуараў, але засталіся ягоныя аповеды пра Р. Барадуліна, В. Блакіта, П. Броўку, В. Быкава, Я. Глебава, У. Караткевіча, М. Матукоўскага, П. Машэрава, І. Мележа і І. Шамякіна, пра працу ў «Маладосці» і «ЛіМе», на Дзяржтэлерадыё, якія ўпершыню сабраныя разам пад адной вокладкай.
Аднак асоба Бураўкіна ярка праявілася не ў адных ягоных аповедах, але і ва ўспамінах і дзённікавых запісах тых, хто добра яго ведаў (найперш размова пра адданую спадарожніцу жонку Юлію Якаўлеўну), а таксама ў эпісталярыі і архіўных дакументах, што ў пераважнай большасці публікуюцца ўпершыню. Нетрывіяльныя літаратурныя сюжэты і невядомы Генадзь Бураўкін і ёсць зместам гэтай кнігі.
Як і выхад новага выдання «Нагаварыцца з зоркамі», так і з’яўленне «Пражытага-напісанага» сталася магчымым дзякуючы найперш Юліі Якаўлеўне Бураўкінай. Абедзве кнігі ўжо ёсць у «Акадэмкнізе».
Малітва
Мы здалёку ўбачылі свабоду
I яшчэ не вырваліся з пут…
Божа,
Не дабаў майму народу
Пошасці,
Няпраўды
I пакут.
У чужым нялюдскім землятрусе
Хіба ў нечым мелі мы віну?..
Божа,
Адвядзі ад Беларусі
Здраду,
Вераломства
I вайну.
Смутнаю парою нелюдзімай,
Калі ўсё вакол ідзе на злом,
Божа,
Захіні маю Радзіму
Мудрасцю,
Спакоем,
I цяплом.
https://knihi.com/Hienadz_Buraukin/Malitva.html
