Ці ведаеце вы бацьку беларускага Адраджэння?

Грамадства

28-га мая 1881 года ў горадзе Шаўлі (Ковенская губерня, Расійская імперыя, цяпер – тэрыторыя Літвы) нарадзіўся Іван Луцкевіч, грамадскі дзеяч, адзін з заснавальнікаў і ідэйных кіраўнікоў беларускага культурна-асветніцкага і грамадска-палітычнага руху. Яго справядліва называюць адным з бацькоў беларускага Адраджэння.

Нарадзіўшыся ў сям’і паўстанца 1863 года, які змагаўся за свабоду Рэчы Паспалітай, Іван Луцкевіч стаў змагаром за незалежную Беларусь. Вядома, што ў юныя гады на яго погляды аказалі значны ўплыў творы Францішка Багушэвіча і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Падчас вучобы ў Менскай класічнай гімназіі шаснаццацігадовы Іван разам з малодшым братам Антонам заснавалі гурток, удзельнікі якога былі захоплены ідэяй нацыянальнай і сацыяльнай справядлівасці.

Канчаткова пераканацца ў тым, што яны – беларусы, братам дапамагла сустрэча з пісьменнікам і мастаком Карусем Каганцом (Казімірам Кастравіцкім).

У 1902 годзе браты Луцкевічы паступілі ў Пецярбургскі ўніверсітэт: старэйшы – на юрыдычны факультэт, малодшы – на фізіка-матэматычны. Пасля Іван вучыўся ў Маскоўскім археалагічным інстытуце, а Антон атрымаў адукацыю юрыста ў Дэрпцкім універсітэце. Разам з аднадумцамі з Пецярбурга і Вільні сыны паўстанца сталі членамі Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады. Маладыя рэвалюцыянеры ставілі за мэту барацьбу супраць царызму, за дэмакратычную Расію і аўтаномію Беларусі, за перадачу сялянам абшарніцкай, царкоўнай і казённай зямлі, за правы беларускай мовы. У канцы 1903 г. адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускай Сацыялістычнай Грамады (БСГ). Іван Луцкевіч стаў яе сапраўдным лідэрам, а Антон – галоўным ідэолагам і публіцыстам партыі.

Праз пераслед паліцыі, Івану Луцкевічу прыйшлося пераехаць у Вільню. Тут ён прыняў удзел у стварэнні першай легальнай беларускай газеты “Наша Доля”, а затым сумесна з братам і сацыялістам Аляксандрам Уласавым заснаваў новае выданне – “Нашу Ніву”, якая адыграла выключную ролю ў нацыянальным адраджэнні, згуртаваўшы вакол сябе лепшыя сілы інтэлігенцыі.

Іван Луцкевіч удзельнічаў у стварэнні ў 1913 годзе ў Вільні Беларускага выдавецкага таварыства, якое праіснавала каля дваццаці гадоў да закрыцця польскімі ўладамі. Тут убачылі свет кнігі Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Наталлі Арсенневай, Канстанцыі Буйла, Уладзіміра Жылкі.

Іван Луцкевіч адным з першых усвядоміў неабходнасць дзяржаўнай самастойнасці Беларусі і разам з братам стаў ініцыятарам абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).

У апошнія гады жыцця хварэў на туберкулёз, выехаў на польскі курорт Закапанэ, дзе і памёр 20-га жніўня 1919 года. У 1991 годзе ён быў перапахаваны на могілках Росы ў Вільні.

https://planetabelarus.by/publications/28-maya-ivan-lutskevich

чытаць больш пра Івана Луцкевіча

https://people.onliner.by/opinions/2021/10/02/ivan-luckevich-zbirau-dauninu-kali-geta-yashche-ne-bylo-mejnstrymam-gistoryya-topavaga-kalekcyyanera

😀
0
😍
0
😢
0
😡
0
👍
0
👎
0