Сям’я медыкаў Дзмітрыя і Алесі Ляшук стала пераможцам раённага этапа конкурсу “Сям’я года-2026” Кастрычніцкага раёна Віцебска

Грамадства

Дзмітрый – урач-хірург хірургічнага аддзялення № 1 Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, Алеся – урач-стаматолаг-артапед Бешанковіцкай ЦРБ. У сям’і медыкаў выхоўваюцца трое дзяцей.

У час конкурсу сям’і дэманстравалі свае відэаролікі, прэзентавалі з дапамогай творчага праекта “Сям’я: формула шчасця” і рабілі сацыяльны праект на тэму Года беларускай жанчыны.

Дарэчы, формула шчасця сям’і Ляшук складаецца з таго, што ўсіх іх натхняе ў жыцці: клопат адзін аб адным, творчасць, мэтанакіраванасць, падарожжы і традыцыі.

– З пакалення ў пакаленне ў нашай сям’і па жаночай лініі перадаецца лялька-берагіня, зробленая рукамі прабабулі, бабулі, як сімвал жаночай мудрасці, а значыць і сямейнага шчасця, – кажа Алеся. – Важнае значэнне мае беларускі арнамент, выкарыстаны пры вырабе абярэга. На фартуху ў лялькі намаляваны “знак дзіцяці”.

Абярэгі з такім арнаментам вешалі ў люльку з нованароджаным або вышывалі на прадметах адзення. Мы і самі робім такіх берагінь для сваіх сяброў і знаёмых, каб мацнелі путы дабра, якія злучаюць людзей. Такіх маленькіх лялек мы падарылі кожнай сям’і, якая ўдзельнічала ў конкурсе. Створанае з любоўю абавязкова прыносіць шчасце. Пакуль мы разам, пакуль захоўваем вернасць традыцыям і ведаем свае карані – нашы беларускія жанчыны будуць непераможныя!

– Шчасце – гэта дзеці і дружная сям’я, – прызнаецца Зміцер. – З дзецьмі некалі сумаваць, заўсёды вучышся разам з імі новаму. Пасля напружанага працоўнага дня прыемна вяртацца дадому, дзе цябе вельмі кахаюць і чакаюць. Цяпло дзіцячых сэрцаў дае энергію і сілы, хатнія клопаты і абавязкі бацькі мне заўсёды ў радасць!

Алеся і Зміцер пазнаёміліся яшчэ падчас вучобы ў школе. Сустрэліся ў Брэсце, куды прыехалі на алімпіяду, будучы дзевяцікласнікамі. Алеся – з Віцебску, Зміцер – з Аршанскага раёна. Сустрэча стала лёсавызначальнай. Сяброўства перарасло ў каханне. Маладыя людзі адначасова паступілі ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, стварылі моцную, шчаслівую сям’ю.

Усе яны любяць бавіць час разам. Агульнае захапленне – гульня ў шахматы. 11-гадовая дачка Таццяна і 8-гадовы сын Ягор займаюцца музыкай. Мама зараз знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцем (малодшай Віцы 1 год і 8 месяцаў), калі ўдаецца выкраіць вольны час, то з задавальненнем займаецца рукадзеллем. Тата радуе сям’ю кулінарнымі шэдэўрамі. Падарожнічаючы па Беларусі, бацькі і дзеці разам адкрываюць для сябе новыя і новыя месцы.

– Сям’я – самая вялікая каштоўнасць для нас. Немалаважна, што яна з’яўляецца каштоўнасцю і для дзяржавы, падтрымку і ўвагу якой мы заўсёды адчуваем! – адзначае кіраўнік сямейства Дзмітрый. Фота прадастаўлена ВДКБХМД

https://vitvesti.by/obshestvo/semia-medikov-dmitriia-i-alesi-liashuk-stala-pobeditelem-raionnogo-etapa-konkursa-semia-goda-2026-oktiabrskogo-raiona-vitebska.html

😀
0
😍
0
😢
0
😡
0
👍
0
👎
0