Як паведамілі ў аддзеле архітэктуры і будаўніцтва, ЖКГ райвыканкама, уключэнне вонкавага асвятлення будзе адбывацца праз 45 хвілін пасля заходу сонца і выключэнне за 45 хвілін да ўзыходу сонца.
У мэтах арганізацыі рацыянальнага выкарыстання электраэнергіі будуць арыентавацца на астранамічны каляндар усходу-захаду сонца.
Пры гэтым, у залежнасці ад метэаралагічных і сезонных умоў вонкавае асвятленне ў ранішнія гадзіны можа адключацца пазней часу ў графіках, у вячэрнія гадзіны – уключацца раней.
Такі графік вызначаны на ўзроўні Віцебскага аблвыканкама.
«Каб перабудавацца на новы графік, даналадзіць аўтаматычную сістэму, у Бешанковічах спатрэбілася некалькі дзён, – растлумачыў начальнік аддзела Яўген Кандраценка. – Таму ўзнікалі некаторыя адхіленні па часе пры ўключэнні і адключэнне асвятлення. Цяпер сістэма наладжана і працуе ў штатным рэжыме».
Пры гэтым на ўчастках падвышанай адказнасці – на цэнтральных праязных вуліцах – працягвае дзейнічаць адмысловы рэжым асвятлення. Пытанні бяспекі з’яўляюцца абсалютным прыярытэтам.
