У Расійскай імперыі яе кнігі былі забароненымі. На тэрыторыю Беларусі іх дастаўлялі нелегальна: расказваем пра беларускую паэтку Цётку

Грамадства

Алаіза Пашкевіч пакінула глыбокі след у айчыннай культуры. Яе талентам захапляліся прызнаныя класікі літаратуры.

Спасала других, но не убереглась: рассказываем о белорусской поэтессе Тетке
Калаж: nlb.by

З дня нараджэння паэткі, празаіка, грамадска-палітычнага дзеяча, актрысы і педагога Алаізы Сцяпанаўны Пашкевіч, вядомай як Цётка, прайшло 150 гадоў.

Янка Купала і Якуб Колас захапляліся яе грамадзянскай мужнасцю і паэтычным дарам. Яны лічылі Цётку адной з цэнтральных фігур у станаўленні сучаснай беларускай літаратуры, сімвалам нязломнай народнай волі.

Дзе і як вучылася Алаіза Пашкевіч

Алаіза нарадзілася ў шматдзетнай шляхецкай сям’і Пашкевічаў, якая валодала 100 га зямлі ў цяперашнім Шчучынскім раёне. У даведачнай літаратуры ўказваецца, што ў будучай паэткі было ці то 11, ці то 16 братоў і сясцёр.

Фота: wikimedia.org

Іхняя маці памерла, калі Алаіза была зусім маленькай (бібліёграфы адзначаюць, што дзяўчынцы было некалькі гадоў).

Яе разам з братам Юзікам бацька аддаў у сям’ю дзеда ў суседні маёнтак. Выхаваннем дзяўчынкі займалася ў асноўным бабуля Югася. Яна ведала вялізную колькасць народных казак, баек, песень і абрадаў. Менавіта гэта паўплывала на любоў Алаізы да роднага слова.

Чытаць яна навучылася рана. Пачатковую адукацыю дзяўчынка атрымала дома. Гэта дазволіла ёй паступіць у прыватную сямікласную школу ў Вільні.

Вучылася Алаіза настолькі паспяхова, што ёй выдзелілі стыпендыю. Атрымаўшы атэстат за шэсць класаў гімназіі і пасведчанне хатняй настаўніцы, Алаіза некаторы час выкладала ў сельскай школе. Затым працягнула вучобу.

Падобна, ёй падабалася атрымліваць новыя веды і навыкі. Зрэшты, часам гэта даводзілася рабіць вымушана.

Фота: wikimedia.org

На двухгадовых вышэйшых курсах Лесгафта ў Санкт-Пецярбургу Пашкевіч вывучала педагогіку, медыцыну, гігіену і асновы фізічнага выхавання. Паралельна атрымала базавыя медыцынскія веды, якія дазволілі ёй пазней працаваць фельчарам.

У Кракаве Алаіза вывучала філалогію і літаратуру на філасофскім факультэце Ягелонскага ўніверсітэта.

У Львове яна працягнула навучанне і атрымала вышэйшую гуманітарную адукацыю на філасофскім факультэце мясцовага ўніверсітэта.

Такі доўгі і перарывісты шлях да ведаў тлумачыцца ўдзелам Алаізы Пашкевіч у рэвалюцыйным руху і частымі пераездамі.

Як Алаіза займалася рэвалюцыйнай дзейнасцю

Яна натхнілася рэвалюцыйнымі ідэямі, лічачы, што галоўнае прызначэнне чалавека – барацьба з несправядлівасцю, галечай, людскім горам.

Па ўспамінах сучаснікаў, Алаіза была добрым аратарам, яе палымяныя прамовы на мітынгах карысталіся вялікім поспехам. Яна выступала на беларускай мове. Пісала таксама па-беларуску.

У 1905 годзе Пашкевіч была дэлегатам ад віленскіх работніц на з’ездзе жанчын у Маскве, удзельнічала ў рэвалюцыйных маніфестацыях у Вільні.

Працуючы фельчарам у псіхіятрычным шпіталі пад Вільняй, яна падтрымлівала сувязь з літоўскімі і расійскімі сацыял-дэмакратамі. Пашкевіч нават хавала рэвалюцыянераў у лякарні, а ў склепе хавала шапірограф для капіявання рукапісаў.

У час вучобы ў Пецярбургу яна ўступіла ў гурток студэнтаў-беларусаў “Кола беларускай народнай прасветы”. Тады ж пачаўся шлях Алаізы Пашкевіч у літаратуру.

У нелегальных выданнях гуртка былі апублікаваныя яе вершы – гэта”Мужык не змяніўся”, “Музыкант беларускі”, “Нямаш, але будзе”.

Як з’явіўся псеўданім Цётка

З-за пераследу царскай ахранкі Пашкевіч падпісвала свае творы псеўданімамі, найчасцей мужчынскімі: “Гаўрыла”, “Гаўрыла з Полацка”, “Мацей Крапіўка”, “Банадысь Асока”.

Знакаміты псеўданім Цётка замацаваўся за ёй у 1905 году, калі яна забараніла парабкам у бацькоўскай хаце зваць сябе “пані”, прапанаваўшы клікаць проста цёткай Алаізай.

Два першыя знакавыя зборнікі вершаў – “Скрыпка беларуская” і “Хрэст на свабоду” – яна выдала на ўласныя сродкі ў Львове ў 1906 годзе. Туды яна з’ехала, хаваючыся ад жандараў.

Беларускай інтэлігенцыяй кнігі Цёткі былі сустрэты з вялізным натхненнем, яны сталі сапраўдным ідэйным маніфестам нацыянальнага адраджэння.

Фота: wikimedia.org

Цётку сталі называць “беларускай Элізай Ажэшкай” і “музай беларускай рэвалюцыі”. Чытачы і крытыкі асабліва адзначылі спалучэнне лірычных матываў у “Скрыпцы” і магутных, лютых заклікаў да барацьбы ў “Хрэсце”.

Вершы Цёткі чыталі на падпольных зборах і сялянскіх сходках. Іх вучылі на памяць і бралі за ўзор такія класікі, як Янка Купала, Змітрок Бядуля, Цішка Гартны.

У Расійскай імперыі кнігі Цёткі былі забаронены. На тэрыторыю Беларусі яны дастаўляліся нелегальна. Знойдзеныя падчас ператрусаў у рэвалюцыйна настроенай моладзі асобнікі канфіскоўваліся і спальваліся. Так што творы Цёткі сталі бібліяграфічнай рэдкасцю.

Чым, акрамя літаратуры, займалася Цётка

У 1912-м Алаіза выйшла замуж за літоўскага інжынера і сацыял-дэмакрата Сцяпанаса Кайрыса і, змяніўшы прозвішча, змагла вярнуцца ў Расійскую імперыю.

Апошнія гады жыцця Цёткі былі напоўнены актыўнай асветніцкай, літаратурнай і дабрачыннай дзейнасцю. У 1914-м у Мінску яна заснавала і ўзначаліла рэдакцыю часопіса для моладзі “Лучынка”. Ён стаў сапраўднай энцыклапедыяй для юных чытачоў на беларускай мове. Алаіза сама пісала для яго апавяданні.

Пашкевіч таксама горача захаплялася тэатрам. Яна ўвайшла ў склад Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Пачала выходзіць на сцэну. Гастралявала па розных гарадах і мястэчках Беларусі, папулярызуючы нацыянальнае сцэнічнае мастацтва сярод простага народа.

Тады ж паэтка здзейсніла пешае падарожжа са Стакгольма ў Гётэборг. Мала намер прайсці далей, па Нарвегіі, але Першая сусветная вайна перапыніла гэтыя планы.

Фота: wikimedia.org

Пасля пачатку вайны Алаіза пераехала ў Вільню. Там у 1915-м яна прыняла актыўны ўдзел у арганізацыі першых афіцыйных беларускіх пачатковых школ і настаўніцкіх курсаў, імкнучыся даць дзецям адукацыю на роднай мове. Яна таксама дапамагала адкрываць бясплатныя сталовыя для бежанцаў і беднаты.

У канцы 1915 – пачатку 1916 года ў Вільні і родных мясцінах пісьменніцы ўспыхнула эпідэмія сыпнога тыфа. Успомніўшы свае навыкі фельчара, Алаіза пайшла працаваць сястрой міласэрнасці ў тыфозны барак Віленскага шпіталя, даглядаючы цяжкахворых салдат.

Як увекавечылі памяць аб Цётцы

У студзені 1916-га, даведаўшыся пра смерць бацькі, яна паехала на яго пахаванне ў Лідскі павет і засталася ў роднай вёсцы Стары Двор, каб лячыць хворых на тыф землякоў.

Тое, што яна ўбачыла ў вёсках і на хутарах, яе шакавала. Ніякай медыцынскай дапамогі сяляне не атрымлівалі, яны лячыліся змовамі і святой вадой, прытрымліваліся парадаў мясцовых знахароў. Эпідэмія разрасталася.

Цётка распачала адчайныя спробы здабыць медыкаменты, але ў канцы студзеня сама захварэла на тыф. Раніцай 5-га лютага Алаіза памерла. Ёй было 39 гадоў.

Пахавалі паэтку ў вёсцы Стары Двор Шчучынскага раёна. Праз 20 гадоў пасля пахавання, калі гэтая вёска яшчэ знаходзілася на польскай тэрыторыі, над магілай Алаізы ўстанавілі шэры мармуровы крыж.

Фота: wikimedia.org

Бронзавы помнік паэтцы адкрылі ў цэнтры Шчучына да 115-годдзя з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч. Яе імем названы вуліцы ў Мінску, Гродне, Шчучыне, Лідзе, Маладзечне і Смалявічах.

У 1991 годзе на кінастудыі “Беларусьфільм” была знята чатырохсерыйная стужка “Крыж міласэрнасці”, прысвечаная жыццю і творчасці Алаізы Пашкевіч.

https://youtube.com/watch?v=h4XB_tA2o2g%3Fsi%3DwoBJ2dIwIX4LvbeF

У рэпертуар знакамітага ансамбля “Сябры” ўваходзіць песня “Кася” на вядомы верш Цёткі “Лета”. Музыку напісаў кампазітар Ігар Лучанок.

Кампазіцыя атрымалася шчырай, напеўнай, далікатнай, зразумелай і блізкай вельмі шматлікім слухачам.

https://tochka.by/articles/weekend/spasala_drugikh_no_ne_ubereglas_rasskazyvaem_o_belorusskoy_poetesse_tsyetke_

😀
0
😍
0
😢
0
😡
0
👍
1
👎
0