Сёлета ў лютым на палігоне цвёрдых бытавых адходаў недалёка ад раённага цэнтра 55-гадовы мужчына знайшоў пакет з лекавымі прэпаратамі. Сярод іншага там аказаўся псіхатроп фенабарбітал.
Інфармацыю аб яго дзеянні мужчына знайшоў у інтэрнэце і вырашыў прыняць таблеткі, каб палепшыць сон. Пра сваю задуму блізкім расказваць не стаў, схаваў факт знаходкі, аднак эксперымент са здароўем абярнуўся трагедыяй: замест доўгачаканага сну было вострае атручэнне. Мужчына быў экстрана шпіталізаваны ва ўстанову аховы здароўя.
Следчыя агледзелі месца здарэння, хату падазраванага і прылеглую тэрыторыю, дзе выявілі блістэры з таблеткамі. Яны былі канфіскаваныя.
Экспертыза пацвердзіла, што ў іх складзе змяшчаецца небяспечнае псіхатропнае рэчыва – фенабарбітал. Дзеянні мясцовага жыхара кваліфікаваны следчымі па ч. 1 арт. 328 КК Рэспублікі Беларусь (незаконнае без мэты збыту набыццё і захоўванне псіхатропных рэчываў).
Следчыя нагадваюць, што асоба, якая добраахвотна здала наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы і актыўна садзейнічала выяўленню або спыненню злачынства, звязанага з незаконным абаротам гэтых сродкаў, садзейнічала выкрыццю асоб, якія іх учынілі і выяўленню маёмасці, здабытай злачынным шляхам, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці за дадзенае злачынства.
