Памерла беларуская пісьменніца Святлана Курс (Ева Вежнавец) (1972–2026)

Грамадства

Памерла пісьменьніца і журналістка Сьвятлана Курс (Ева Вежнавец). Пра гэта ў фэйсбуку паведамілі яе родныя.

У першым нумары часопісу «Аrche» ў 1998 годзе было апублікавана яе першае апавяданьне «Мы два Хохлікі». У 2008 годзе ў Кнігарні Нашай Нівы выйшаў зборнік апавяданьняў «Шлях дробнай сволачы». У 2015 годзе ў Нашай Ніве апублікавала сваё апавяданьне «Параска і яе чорны бык», не пад псэўданімам, а пад сапраўдным прозьвішчам.

У 2020 годзе выйшла кніга «Па што ідзеш, воўча?» Яна была перакладзеная на мноства замежных моваў.

Кнігу можна паслухаць на YouTube.

Піша Алесь Аркуш:

Еву Вежнавец я запомніў адразу — яшчэ па першых публікацыях яе апавяданьняў у «Нашай Ніве» і Arche. Было ў іх нешта метафізічнае і нават трывожнае. Магчыма, таму, што беларускую вёску другой паловы ХХ стагодзьдзя я больш-менш ведаў. Перыядычна мы з гарадскімі стрыечнымі братамі прыязджалі да бабулі ў вёску на радоўку – пасьвіць кароў. Нас чакалі цікавыя прыгоды: вогнішча, на якім мы смажылі скрылікі сала, суседні лясок Цыганка, куды бабуля пасылала нас па чарніцы, што пасля сушыла на печы, або варыла адмысловы густы жур, які мы елі лыжкамі. А яшчэ — начлег усёй кодлай у пуні на сенавале разам з двума братамі, што жылі ў той хаце, яны да позняй ночы расказвалі свае вясковыя гісторыі.

Для мяне гэта была сьветлая, амаль ідылічная вёска: з роснымі ранкамі, сырадоем, паходамі праз балаціну на возера Вялікае, з цудоўнай беларускай мовай бабулі, з яе просьбамі-накіраваньнямі схадзіць па грыбы і ягады. Хіба што адзінай сапраўднай бядой былі выпадкі, калі каршун краў куранят.

І калі я прачытаў першыя апавяданьні Евы Вежнавец, быў сапраўды зьдзіўлены, што беларуская вёска мае яшчэ і такі, адваротны бок. Прычым гэта быў выключна жаночы, вельмі ўважлівы і праніклівы погляд. А кніга «Па што ідзеш, воўча?» увогуле спачатку падалася мне своеасаблівай вяскова-сацыяльнай антыўтопіяй.

Але неўзабаве я зразумеў, што мой дзіцячы, павярхоўны погляд на вёску амаль не датыкаўся сапраўдных чалавечых лёсаў. Ён не бачыў трагедый, здрад, самаахвярнасьці, не ведаў пра чалавечыя жарсьці і схаваныя таямніцы. Менавіта пра гэта і кніга «Па што ідзеш, воўча?». У ёй аўтарка ўвасобіла свае шматгадовыя назіраньні, пачутыя гісторыі, асабісты жыцьцёвы досвед і тонкае жаночае прадчуваньне чалавечай душы.

Калі ж паспрабаваць знайсьці нешта падобнае ў сучаснай беларускай літаратуры, то мне на розум прыходзіць хіба што імя Уладзіміра Сьцяпана — такога ж летапісца невялікага беларускага мястэчка. Разам яны ўтвараюць нібы два паўшар’і сучаснай беларускай вяскова-мястэчкавай прозы — жаночае і мужчынскае. Абодва адкрываюць схаваныя пласты жыцьця, псіхалогію сваіх герояў, іхнія душэўныя таямніцы. Толькі Ева Вежнавец рабіла гэта праз містычную, амаль архетыповую вобразнасьць, а Уладзімір Сьцяпан — праз стрыманую дакладнасьць жыцьцёвай дэталі.

Сьветлай дарогі табе, Сьвета, і цёплых сустрэч з дарагімі табе людзьмі! Бывай!

😀
0
😍
0
😢
0
😡
0
👍
0
👎
0