Якія таямніцы хаваюць курганы ў Беларусі?

Культура

Археолагі Нацыянальнай акадэміі навук разам са студэнтамі МДУ ім. А.А.Куляшова праводзяць вялікія археалагічныя даследаванні ў Круглянскім раёне каля вёскі Азёры. Тут яны вывучаюць старажытныя земляныя курганы, расказаў карэспандэнту БЕЛТА загадчык цэнтра археалогіі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Аляксей Аўласовіч.

Даследаванне гэтых могільнікаў пачалі яшчэ ў 2022 годзе. Ён налічвае чатыры насыпы. У 2022 і 2023 гадах гісторыкі вывучалі курган пад нумарам тры, а з 2024 года – курган нумар адзін. Гэта самы вялікі курган у Магілёўскай вобласці: яго вышыня дасягала 6 м, а дыяметр – каля 30 м.

За час працы ўжо адкрылі чатырохмятровы пласт. Унікальныя знаходкі не прымусілі сябе чакаць. Знайшлі фрагменты жаночых упрыгожванняў са шкла і косці, посуд, наканечнікі стрэл. Як адзначыў Аляксей Аўласовіч, усё гэта клалі разам з памерлымі, каб у замагільным свеце яны ні ў чым не мелі патрэбу. Наяўнасць праху ў урнах дазваляе датаваць пахаванні сярэдзінай – другой паловай Х стагоддзя.

“Толькі ў адным сектары мы выявілі чатыры пахаванні па абрадзе крэмацыі і тут ёсць пазнейшае падпахаванне – знайшлі пяць дзіцячых касцякоў. Мабыць, была нейкая эпідэмія або дзеці былі няхрышчаныя, таму іх пахавалі не на могілках, а ў кургане, – распавёў загадчык цэнтрам археалогіі.

– Па наяўных матэрыялах мы можам з упэўненасцю казаць, што гэты могільнік 950-980 ці 990 гадоў. Па сукупнасці керамікі і пахавальнага абраду ў нас выпадаюць вось гэтыя даты”. Выяўленыя элементы керамікі і пахавальны абрад гавораць аб тым, што гэта былі паўднёвыя славяне, данскія.

“Пахавальны абрад – урновыя пахаванні ў скрынях, якія знаходзяцца не ў цэнтры насыпу, а на яго схіле. Гэта было характэрна для роменскай і баршчэўскай археалагічных культур, якія крыху пазней, мігруючы ўверх па цячэнні Дняпра, ператвараюцца ў вядомых нам летапісных радзімічаў. Вось тут мы фіксуем іх паўночнае распаўсюджванне”, – адзначае ён.

Зараз спецыялісты рэзюмуюць: магільны склеп калектыўны. “Але пакуль мы не знайшлі самага галоўнага пахавання, мяркуючы па ўсім, яно будзе ніжэй або ў іншым сектары. Такую масу зямлі маглі насыпаць або для вельмі вялікай колькасці пахаванняў, або для нейкай дамінанты, – кажа Аляксей Аўласовіч.

– Дзяжурная версія, якую трэба будзе або пацвердзіць, або абвергнуць, што ў гэтым кургане можа быць пахаванне племяннога правадыра. Студэнты жартам называюць гэты курган “Радзімаў курган”, мяркуючы, што тут пахаваны сам летапісны Радзім”.

Студэнты разам з археолагамі будуць працаваць тут цягам двух тыдняў. Для хлопцаў гэта выдатная практыка. Але на гэтым вывучэнне курганных насыпаў не скончыцца. Як адзначыў Аляксей Аўласовіч, яны ўключаны ў спіс нацыянальных археалагічных праектаў НАН. Работы працягнуцца і ў наступным годзе.

https://belta.by/regions/view/kakie-tajny-skryvajut-kurgany-istoriki-i-studenty-provodjat-bolshie-raskopki-v-krugljanskom-rajone-790550-2026

😀
0
😍
0
😢
0
😡
0
👍
0
👎
0