Што лепш: журавель у небе ці сініца ў руках? Для няздольнага лётаць шэрага жураўля з-пад Маладзечна знайшоўся трэці варыянт – птушка, якая яго пакахала, праверыла пачуцці адлегласцю, а затым памяняла сезонныя пералёты на поўдзень на суровую зіму з мілым.

Неба пад замком – не прысуд
Яшчэ птушанятам журавель з пашкоджаным крылом трапіў да “ляснога доктара” Анатоля. Так і застаўся ў яго на падворку ў Маладзечанскім раёне. Хоць птушку падлячылі, лётаць яна, нажаль, больш не можа. Толькі выпраўляе поглядам і вітае крыкамі чароды суродзічаў падчас іх сезонных міграцый.

– І вось два гады таму з нябёсаў на заклікі Толінага жураўля спусцілася ў двор самка, – расказвае фатограф дзікай прыроды Віктар Казлоўскі. – Далей яна не паляцела, засталася з самцом. Разам пара праводзіла шмат часу, “прыціраліся” адзін да аднаго. Самка адлятала крыху далей, калі Анатоль прыносіў птушкам корм, але не панікавала і не пакідала ўчастак. Так і мінула ў іх лета 2024-га, а ўвосень новая сяброўка далучылася да вялікай чарады і накіравалася на поўдзень на зімоўку.
Праверка пачуццяў адлегласцю
Ніхто не ведаў, ці сустрэнуцца птушкі зноў, але вясна 2025-га аказалася для траўміраванага жураўля шчаслівай: яго спадарожніца вярнулася да яго. – Птушкі выканалі некалькі запальных танцаў кахання і зноў засталіся разам на падворку на ўсё лета. У Толі на ўчастку жывуць і алені, і муфлоны, і казулькі еўрапейскія, і лані, і козы розных колераў і выглядаў. Каб усім было камфортна, ён заняўся пашырэннем тэрыторыі і абгарадзіў яе плотам. Да канца лета работы былі завершаны, у распараджэнні жывёл аказалася 2 га. Мы назіралі за птушкамі і чакалі галоўнай інтрыгі: ці паляціць самка ўвосень у вырай.
Дзікія звычкі і новы лад жыцця
Самка жураўля праігнаравала чароды суродзічаў, якія праляталі міма, і засталася на падворку. Хаця “хатняй” птушка не стала. Калі на ноч самец, які жыў у няволі з дзяцінства, спакойна заходзіў у цёплую адрыну, то яго сяброўка заўсёды заставалася на вуліцы каля гаспадарчай пабудовы, зрэдку падаючы голас за сцяной і пераклікаючыся са сваім выбраннікам. А начныя маразы ў пойме побач працякаючай рэчкі Рыбчанкі даходзілі часам да -34 ° C! Нягледзячы на гэта, яна не заходзіла нават пад шматлікія падстрэшкі на гаспадарчым двары. Відаць, поўная свабода, у якой нарадзілася і вырасла гэтая велічная птушка, наклала свой адбітак на яе паводзіны.
– Я такімі халоднымі начамі амаль не спаў, перажываў, як там яна на марозе на невялікім ахапку сена або саломы, – прызнаецца фатограф. – Супакойвала толькі тое, што яна заўсёды была накормлена зернямі кукурузы ўволю. І не толькі імі: для сваёй госці Толя купляў дробную рыбінку-кільку, якую птушка ела з вялікім задавальненнем. Пасля раздзельных начлегаў раніцой самец заўсёды выбягаў з хлява, і ўвесь дзень парачка праводзіла разам. А потым пачала набліжацца вясна.
Інстынкт чарады або вернасць выбару
Над Маладзечанскім раёнам зноў праляцелі дзікія жураўлі. Адгукнуўшыся на заклікі пары, якая зімавала тут, чарада пералётных птушак прызямлілася на заснежаным агародзе Анатоля.

Самка жураўля, хоць і пасялілася на падворку, захавала свае дзікія звычкі.
– Там было 12 жураўлёў: мы турбаваліся, што яны пацягнуць за сабой нашу, – кажа Віктар Казлоўскі. – Але птушкі паперакрыкваліся, пагутарылі – і на гэтым усё. Чарада, падняўшыся ў неба і зрабіўшы развітальны круг, паляцела далей, а Толіна пара засталася. Мы з нецярпеннем чакаем развіцця іх адносін. Спадзяемся, сёлета птушкі нарэшце абзавядуцца нашчадкамі. Калі гэта адбудзецца, абавязкова падзялюся радаснай навіной.
Аўтар: Алена Парукова, фота: Віктар Казлоўскі
