Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч (1892-1938), адзін з лідараў нацыянальна-вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі, знакаміты вучоны- філолаг, аўтар першай “Беларускай граматыкі для школ”.
Нарадзіўся ў былым засценку Мацюлішкі, Літва. Скончыў Петраградскі універсітэт. У 1917 г. адзін з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады, з 1918 г.- Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі.
У 1918 годзе, як загадчык культурна-асветнага аддзела Белнацкама, падрыхтаваў і выдаў у Вільні першую «Беларускую граматыку для школ». У Тарашкевіч абагульніў і замацаваў пісьмовыя традыцыі, што складаліся тым часам у выданні мастацкай, навукова-папулярнай і публіцыстычнай літаратуры, агулам у друку; улічыў здабыткі тагачаснай лінгвістычнай навукі (даследаванні Аляксея Шахматава, Яўхіма Карскага) і досвед папярэднікаў. Граматыку пасля 6 разоў перавыдавалі, працяглы час яна была галоўным падручнікам па беларускай мове, асабліва падчас беларусізацыі 1920-х гадоў у БССР.
Пераклаў на беларускую мову «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча.
За сваю палітычную дзейнасць двойчы сядзеў у польскай турме. У верасні 1933 года польскія ўлады выменялі зняволенага Б. Тарашкевіча на беларускага пісьменніка Францішка Аляхновіча, які сядзеў тады ў савецкім канцлагеры.
5-га мая 1937 года арыштаваны па сфабрыкаванай справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». Яму інкрымінавалася змова дзеля звяржэння савецкай улады і ўтварэнне пад апекай Польшчы буржуазнай Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Антонам Луцкевічам. У спісе членаў выдуманага ўрада, нібыта сфармаванага членамі БНЦ, быў і Тарашкевіч.
5-га студзеня 1938 года «двойкай» НКУС і Пракуратуры СССР прыгавораны да расстрэлу. Паводле афіцыйнай версіі, расстраляны 29-га кастрычніка 1938 года ў Менску. Даследчык Леанід Маракоў выказаў меркаванне, што Браніслаў Тарашкевіч загінуў праз катаванні, якія цягнуліся дзевяць месяцаў. Пасмяротна рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 31-га студзеня 1957 года.
https://be.wikipedia.org/wiki/
