Казкі з вёскі Мілашова

Культура

2-9 жніўня 2026 года ў Друі пры кляштары касцёла Святой Троіцы адбыўся чарговы, ужо пятнаццаты, мастацкі плэнэр. З ініцыятывы ксяндза-пробашча Вячаслава Адамовіча сёлета да яго далучыліся літаратары.

Партал “Планета Беларусь” працгвае расказ пра творчыя праекты і вечарыны, здзейсненыя падчас літаратурна-мастацкага плэнэру “Друя – месца спаткання гісторыі і мастацтва”.

Прастора ўмее сама ствараць казкі

Нехта з людзей ніколі іх не заўважыць, пройдзе міма. Нехта здзівіцца ўбачаным цудам.

А нехта – казачнік – знойдзе сілы прапусціць цуд праз сэрца, каб увабраць усе яго адценні, і словы, каб падзяліцца гісторыяй з ахвотнымі. І часам здараецца так, што пасля гэтага пераказу нават абыякавыя раней людзі пачынаюць самі заўважаць цуды, становяцца больш адкрытымі для іх.

1-1.Н.Бучынская партрэт_900.jpg

Наша радзіма – Ідолта-Мілашова – стварыла столькі казак, што ёй спатрэбіліся ажно дзве казачніцы з адной сям’і. Відаць, для таго, каб больш дакладна маглі пераказаць іх, не занядбаўшы і не прапусціўшы ніводнай.

4-4.Н.Бучынская з А.Масла. 1977г..webp

Я, Наталля Бучынская, малодшая сястра казачніцы Алены Масла. У нас невялікая разніца ва ўзросце, менш за тры гады. Гадаваліся ў адной сям’і, дыхалі адным паветрам, любаваліся вясёлкай над адным і тым жа возерам, А казачны голас кожная атрымала свой! Дарэчы, больш падрабязна пра нашы родныя мясціны, што наталялі нас дзівосамі, вы можаце прачытаць у Аленіным артыкуле.

Усё пачынаецца з дзяцінства – і казкі таксама!

1.Зорны карагод над возерам. ілюстрацыя Крысціны Пержуковай.jpg

“Зорны карагод над возерам” – мая казка, якая увабрала ў сябе і загадкавую вышыню космасу над нашым возерам, і таямніцы глыбіняў самога возера. Яна расказвае пра знаёмства зорак з русалкамі, пра іх агульныя вясёлыя святы, і нават здагадку пра ўтварэнне зіхоткіх сузор’яў.

“Калісьці, даўным-даўно, зоркі на небе не проста мігцелі і зіхацелі дзе каторай у галаву ўзбрыдзе. Яны безупынна вадзілі незвычайныя карагоды: зоркі не трымаліся за праменьчыкі, а беглі адна за адной роўненькімі шнурочкамі ўсяго ў двух кірунках. Так, насамрэч, карагоды былі два. Адзін – з поўначы на поўдзень, другі – з поўдня на поўнач. Яны рухаліся побач, ніколі не збіваючыся са свайго шляху, не спыняючыся ні на імгненне, не перасякаючыся. Тым, хто з захапленнем глядзеў на неба, здавалася, што ў начной вышыні насустрач адзін адному цякуць два зіхоткія ручайкі.

А возера, у роўнядзі якога, нібы ў люстэрку, адбіваліся карагоды, ажно кішэла русалкамі і вадзянікамі. Яны таксама любілі вадзіць карагоды, але іх ніхто не бачыў. Ніхто не захапляўся вытанчанасцю і зграбнасцю русалчаных постацей, ззяннем іх вачэй і серабрыстымі галасамі. А русалкам так хацелася, каб іх заўважылі! Яны нават спрабавалі карагод наладзіць тым жа парадкам, што і ў зорак, але нешта не атрымівалася. І таму русалкі танчылі, пабраўшыся ў мноства невялічкіх карагодаў”.

Казка дарагая мне яшчэ і таму, што “…нарадзіліся ў глыбінях космасу дзве зоркі-блізняткі”. Мы з сястрыцай не блізняты, але часам здаецца, што глядзім на свет аднымі вачыма.

Ілюстрацыю да гэтай казкі стварыла мая пляменніца, Крысціна Пержукова, Аленіна дачушка, якая таксама нарадзілася ў Мілашове. Хто б яшчэ так дакладна мог перадаць адчуванне сусвету над нашымі роднымі мясцінамі?! Надрукавана ў зборніку “Залаты талер” (серыя “Беларуская аўтарская казка”)

2.Вусень у Чароўных пацерках. Мастак.JPG

Казка “Яблык і вусень” – нарадзілася ад маладзенькай яблынькі з нашага саўгаснага сада. Як яна бараніла ад пражэрлівага вусеня свайго першынца – маленькі зялёны яблычак, што нацярпеўся страху! “У яблыка ад страху аж дыханне перахапіла. Тузануўся раз-другі, імкнучыся збегчы, выратавацца ад гнуткага зялёнага чарвяка, які марудна, але няўмольна набліжаўся. Ды маладая пімпачка надзейна трымалася за галінку. Яблык затрымцеў усімі сваімі семачкамі, што таіліся ў глыбіні яго цельца”.

Дарэчы, казка падказала важнае на ўсе часы:

“Бывае, нешта не ладзіцца ў жыцці, табе самотна і няўтульна. І хочацца адпомсціць усяму свету за свае няўдачы. Успомні тады, што ў тваёй душы ёсць светлага і чыстага. Магчыма, твае намеры зменяцца”.

Надрукавана ў зборніку “Чароўныя пацеркі” (серыя “Беларуская аўтарская казка”)

3.Наталля Бучынская. Атракцыёны для вадзянікоў_900.jpg

Кніга “Атракцыёны для Вадзянікоў” складаецца з трох казачных гісторый. І хаця ў казцы “Наяда марская” гучаць салаўіныя спевы, якую мяне саму не аднойчы зачароўвалі, усё ж самая “ідолта-мілашоўская” гісторыя ў кнізе “Як бабры прытулак шукалі”. У нас багата азёр, рэчак, рачулак, сажалакі і ручаёў. Не дзіва, што бабры, выправіўшыся шукайць сабе сталага прыстанку, абжылі нашы водныя прасторы і атабарыліся тут. Шлях бабрынай сямейкі пачынаўся ці то са Шчавенскага возера, ці то з рэчкі Вяты… Бабёр Руф дакладна гэтага не памятае, бо сам тады быў маленькім бабраняцем. З тае пары яго ўласная сям’я, ды і сем’і родзічаў разрасліся настолькі, што прыйшлося рассяляцца па ўсёй ваколіцы. Бабёр Руф аблюбаваў сажалку ў в. Цілеўшчына, ля самай хаты бабулі Юльці, маёй свякрові.

“Пад падлогай хаты быў велічэзны склеп. Праз колькі часу бабрыха Руфіна асмялела настолькі, што згадзілася-такі разам з бабром наведацца ў склеп сваёй суседкі. Як жа бабрыха радавалася: па ўсім было відаць, што суседка трапілася ўвішная, гаспадарлівая. Акрамя бульбы ды бурачкоў з морквай, што высіліся гурбамі па сваіх загончыках, на паліцах стаялі роўненькімі радамі слоікі з сочывам, кампотамі і крамянымі салёнымі агурочкамі. Канешне ж, бабры ніколі тых агурочкаў не каштавалі, але ў кожнага, хто пабачыў бы іх, слінкі пацяклі б!”

Бабрыха Руфіна вельмі ж хацела пазнаёміцца з бабуляй Юльцяй.

“Нагоду бабрыха Руфіна прыдумала сама: самавольна забрала са склепу слоік з агурочкамі, узамен пакінуўшы колькі бярозавых ды таполевых паленцаў.

– Вось пакаштуем агурочкаў, бабуля Юльця нашых пачастункаў паспрабуе – адразу знойдзецца прычына пазнаёміцца, – так разважала бабрыха Руфіна, смакуючы хрумсткія агуркі.

Праз нейкі час бабуля заўважыла падмену. Спачатку вельмі дзівілася, чаму гэта слоікаў паменела і адкуль у склепе паленцы ўзяліся. На памяць яна пакуль што не наракала (не тое, што на ногі), і таму дакладна памятала, колькі слоікаў з сочывам, агурочкамі ці кампотам захоўвалася ў склепе. І што б там сабе ні прыдумала бабрыха Руфіна, але падмене бабуля не зарадавалася”.

Шчырага сяброўства не атрымалася, але не столькі праз падмену слоікаў, як праз тое, што распладзіўшыся, бабры надта многа шкоды пачалі чыніць людзям. Дайшло да таго, што нават з Чырвонай кнігі Беларусі іх вылучылі. А бабёр Руф так ганарыўся сваім родам, так цяжка перажываў гэтае вылучэнне, што насмеліўся аднойчы падыйсці да мяне з просьбай “замовіць слоўца за баброў там, дзе кнігі выдаюць”.

4.Наталля Бучынская. Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй.jpg

Слова я стрымала – напісала цэлую гісторыю з заклікам шукаць шляхі добрасуседства паміж чалавекам і дзікай прыродай.

Падзеі маёй кнігі “Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй” адбываюцца ў асноўным у горадскіх рэаліях, але як толькі героі выбіраюцца за горад, перад маім унутраным зрокам адразу паўстаюць лясныя палянкі каля “жалезкі” (чыгуначнай дарогі), што праходзіць паўз Ідолта. Ды і самі козачкі, авечкі і баранчыкі адмыслова для кнігі набраліся рыс ад маіх дзіцячых сяброў.

5.Наталля Бучынская Смоўжыкі, Гурман і насатая каманда.jpg

“Смоўжык іграе на скрыпачцы” – казка з кнігі “Смоўжыкі, гурман і насатая каманда”, якую таксама вельмі цікава праілюстравала Крысціна Пержукова. Казачная падзея насамрэч адбывалася проста на сцяжынцы ад бацькоўскай хаты да возера. Перакажу кораценька:

Мне сустрэўся смоўж-музыка.

Ён на скрыпачцы пілікаў!

Торгаў рожкам за травінку,

Запрашаў на вечарынку!

Казка не вершаваная, але гэтыя чатыры радочкі прыдумаліся ёй наўздагон і цяпер успрымаюцца мной як яе неад’емная частка. А яшчэ ў гэтай казцы я дзялюся мудрагелістым спосабам правільна загадваць жаданні, вядомым мне з дзяцінства.

“Спосаб круціцца на адной ножцы і загадваць жаданні я неаднаразова праверыла. Але вынік залежыць ад розных акалічнасцей: з якой нагі ўстала, ці віталася сёння з суседзямі, ці не пакрыўдзіла каго, ці не шпурлялася камянямі ў ката. І нават ад таго, колькі порцый марозіва з’ела”.

Ну і вядома, кніга ажно кішыць жамярой, што суправаджала наша летняе жыццё на вясковым прыволлі: камары, мошкі, мушкі, жукі і конікі, мурашы і матылькі.

6.Наталля Бучынская. Прынцэса Алівія і жабіны вочкі.jpg
7.Наталля Бучынская. рыцар Квых і жабіны вочкі.jpg
8.Наталля Бучынская Ква-фея, Кваканцыя і жаюіны вочкі.jpg

Ёсць у мяне дзіцячы фотаздымак: мне гадоў 6-7, я стаю ля возера, сціскаю ў руцэ букет незабудак. Фотаздымак выцвілы, яго не надта разгледзеш. Але я і сёння памятаю пяшчотныя кветачкі, што прынеслі мне ў той дзень столькі радасці, а праз многа гадоў сталі галоўнай цудадзейнай сілай у маёй трылогіі “Прынцэса Алівія і “жабіны вочкі”, “Рыцар Квых і “жабіны вочкі”, “Ква-Фея, Кваканцыя і “жабіны вочкі”.

“Жабіны вочкі” – адна з многіх назваў незабудкі, зафіксаваная Зоськай Верас у яе “Беларуска-польска-расійска-лацінскім батанічным слоўніку” 1924 г. Дык якая ж сувязь незабудак з жабкамі?

“Артыкул з энцыклапедыі пра земнаводных пацвердзіў здагадку дзяўчынкі пра назву незабудкі. Выявілася, што кавалеры вастрамордых жабак сапраўды на тры-чатыры дні змяняюць колер сваёй скуры на блакітны. Праўда, у прыродзе гэта адбываецца ў канцы сакавіка – пачатку красавіка. У гэты час жабкі шукаюць сабе пару. Дык тое ў прыродзе! А ў Зосьчыных снах такія дзівы адбываюцца па жаданні Ква-Феі!”

Вось так і атрымліваецца, што родная прастора жывіць казкі і гісторыі, напаўняе іх падрабязнасцямі і важнымі сэнсамі. А я дзялюся цудам казкі з ахвотнымі.

https://planetabelarus.by/publications/kazki-rodam-z-milashova-chastka-2

😀
0
😍
1
😢
0
😡
0
👍
0
👎
0