Як выглядае вёска Старыя Ранчыцы пасля дажджу (фота)

Грамадства

Вёска Старыя Ранчыцы ляжыць побач з Бешанковічамі. Яна даволі вялікая і працяглая: ад пачатку да канца — 2,5 км. Яшчэ гадоў 10 таму тут пражывала больш за 150 чалавек. Сёння лічба жыхароў ужо двухзначная. Праўда, улетку тут пражываюць некалькі дзясяткаў дачнікаў, якія набылі сабе ў вёсцы лецішчы.

Калісьці пры саветах у Старых Ранчыцах на рацэ Крывінцы пабудавалі помпавую станцыю для паліва сельгаскультур. Тады ж у вёсцы з’явіўся водаправод, які ўжо даўным-даўно не функцыянуе. Будынак станцыі разрабавалі. Шлюз, які быў месцам адпачынку мясцовых і бешанкоўцаў, узнялі. А каб ніхто не мог яго апусціць, то пагрузілі кранам і вывезлі ў невядомым кірунку.

Адразу пасля выбуху на Чарнобыльскай атамнай станцыі ў Старых Ранчыцах паклалі асфальт. За амаль 40 гадоў ад яго засталіся толькі сляды.

Сёння раніцай я праехаў праз вёску на ровары і зрабіў маленькую фотасесію.

Нягледзечы на мноства ямак, для рамонту вуліцы дастаткова тры ці чатыры машыны старога асфальту, які здымаюць пры рамонце дарог. Такім асфальтам у Бешанковічах за апошнія гады засыпаныя кіламетры вуліц з гравійным пакрыццём. Для Ранчыцаў не хапіла трох машын. Шкада, што няма тут дачы хоць якога-небудзь саліднага чыноўніка…

Г.Станкевіч

😀
0
😍
0
😢
0
😡
0
👍
1
👎
0