4-га красавіка 1557 года ў маёнтку Астроўна (цяпер Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласці) нарадзіўся Леў Сапега. Ён паходзіў з уплывовага роду, прадстаўнікі якога займалі высокія пасады ў Вялікім княстве Літоўскім.
Льва Сапегу ў сямігадовым узросце аддалі да двара Мікалая Радзівіла Чорнага, дзе ён вучыўся ў Нясвіжскай пратэстанцкай школе. У школе вучылі запрошаныя ўладальнікам Нясвіжа вядомыя тагачасныя дзеячы навукі і культуры. Сапега авалодаў польскай, нямецкай, лацінскай, грэчаскай мовамі і быў падрыхтаваны да засваення тагачаснага ўніверсітэцкага курса. У 13-гадовым узросце ён паехаў у Лейпцыгскі ўніверсітэт, дзе разам з сынамі Мікалая Радзівіла Чорнага некалькі гадоў вывучаў гісторыю рымскага і царкоўнага права, азнаёміўся з мастацтвам Рэнесансу. У часе навучання ў Ляйпцыгу перайшоў у кальвінізм.
Вярнуўшыся на радзіму, доўга не мог пачаць службу, але ў 1579 годзе быў прыняты на службу да двара караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя, а пазней – пісарам Вялікага княства Літоўскага.
Пасля заканчэння ў 1582 годзе чарговай вайны з Маскоўскім царствам Леў Сапега ўзначаліў пасольства Рэчы Паспалітай у Маскву, дзе падпісаў з царом Фёдарам Іванавічам мірнае пагадненне на 10 гадоў. У 1600 годзе зноў ездзіў з пасольствам у Маскву, дзе зноў склаў мірнае пагадненне на 20 гадоў ужо з Барысам Гадуновым.
Адным з галоўных дасягненняў Сапегі стаў удзел у стварэнні і зацвярджэнні Статута ВКЛ 1588 г., які ўмацаваў самастойнасць княства. Ён адыграў ключавую ролю ў яго прыняцці.
Пазней Леў Сапега перайшоў у каталіцтва, але падтрымліваў як каталіцкія, так і праваслаўныя ўстановы.
У 1589 г. стаў канцлерам ВКЛ, кіруючы ўнутранай і знешняй палітыкай Вялікага Княства Літоўскага. Правёў рэформы канцылярыі, абараняў інтарэсы княства і адстойваў яго аўтаномію у канфліктах з каралём.
Неаднаразова ўдзельнічаў у дыпламатычных місіях і ваенных кампаніях супраць Маскоўскай дзяржавы і Швецыі, уключаючы аблогу Смаленска.
У кастрычніку 1618 года Леў Сапега падпісаў Дэулінскае перамір’е, па якім ВКЛ атрымаў назад Смаленск.
Займаў вышэйшыя дзяржаўныя пасады: віленскі ваявода і вялікі гетман літоўскі.
Леў Сапега памёр 7-га ліпеня 1633 года, пакінуўшы значны след у гісторыі як адзін з самых уплывовых палітыкаў Вялікага княства Літоўскага — так называлася ў той час наша дзяржава.
11-га верасня 2010 года ў Лепелі паставілі помнік Льву Сапегу. 22-га жніўня 2019 года ў гістарычным цэнтры Слоніма ўсталявалі помнік Льву Сапегу; у горадзе таксама ёсць плошча Льва Сапегі.
У Бешанковіцкім раёне помніка пакуль што няма.
Па матэрыялах Вікіпедыі
https://be.wikipedia.org/wiki/%D0%9B%D0%B5%D1%9E_%D0%A1%D0%B0%D0%BF%D0%B5%D0%B3%D0%B0
