Старажытныя дубы расказалі, што адбывалася аж за стагоддзе да з’яўлення крэпасці на Менцы

Грамадства

Вызначэнне дакладнай даты будаўніцтва магутных дубовых сцен на рацэ Менцы — зіма 997—998 гадоў — стала навуковай сенсацыяй. Цяпер навукоўцам удалося выцягнуць з драўніны яшчэ больш інфармацыі, якую яны «запомнілі». Яна сведчаць, што актыўнае жыццё на гэтай тэрыторыі пачалося яшчэ ў самым пачатку X стагоддзя, амаль за сто гадоў да будаўніцтва крэпасці.

Навуковы артыкул з новымі данымі быў апублікаваны ў аўтарытэтным міжнародным часопісе Dendrochronologia (выдавецтва Elsevier) групай беларускіх даследчыкаў, у якую ўвайшлі супрацоўнікі Інстытута эксперыментальнай батанікі і Інстытута гісторыі НАН Беларусі Максім Ярмохін, Віталь Моцны, Віталь Лукін, Аляксандр Пугачэўскі і кіраўнік раскопак Андрэй Вайцяховіч, заўважыў тэлеграм-канал «De facto. Беларуская навука».

І калі вызначэнне даты будаўніцтва вала — гэта фіксацыя канкрэтнай даты ў гісторыі, то глыбінны аналіз драўніны дазволіў навукоўцам убачыць цэлы працэс развіцця паселішча ў дынаміцы.

Важным аспектам з’яўляецца і сам факт публікацыі гэтых даных у выданні ўзроўню Dendrochronologia. Гэта азначае, што методыка беларускіх даследчыкаў прайшла строгае рэцэнзаванне.

Анамалія ў лесе: пра што маўчалі дубы з 910 года

Для будаўніцтва абарончых збудаванняў нашы продкі выкарыстоўвалі велізарныя дубы, узрост якіх на момант высечкі дасягаў 170 гадоў. Гэта значыць, што гэтыя дрэвы раслі побач з паселішчам на працягу ўсяго X стагоддзя і сталі міжвольнымі сведкамі таго, што адбывалася навокал. Каб расшыфраваць гэты летапіс прыроды, навукоўцы правялі аналіз сінхроннасці росту дрэў.

Звычайна дрэвы ў адным лесе растуць сінхронна і падпарадкоўваюцца агульным кліматычным умовам: у спрыяльны год ва ўсіх утвараюцца шырокія кольцы, у засушлівы — вузкія.

Аднак даследчыкі выявілі дзіўную анамалію ў драўніне на Менцы. У перыяд прыкладна з 910 па 980‑я гады сінхроннасць росту ў даследаваных узорах рэзка парушаецца. Замест адзінага рытму ў розных дрэў у абсалютна розны час назіраюцца рэзкія скачкі росту альбо, наадварот, з’яўляюцца сляды прыгнечанасці і механічныя пашкоджанні.

Навукоўцы адназначна інтэрпрэтуюць гэтыя даныя дэндрахраналогіі як сведчанне моцнага і працяглага антрапагеннага ўздзеяння. Рэзкае паскарэнне росту асобнага дрэва звычайна азначае, што яго «суседа» ссеклі, дзякуючы чаму ацалелае дрэва атрымала доступ да большай колькасці святла і пажыўных рэчываў.

Гэта непасрэдна сведчыць пра тое, што людзі актыўна высякалі лес для нарыхтоўкі драўніны або расчысткі тэрыторыі пад палі. Акрамя таго, на ствалах былі зафіксаваны прыжыццёвыя раны, якія зарасталі пасля. Гэта верная прыкмета таго, што ў непасрэднай блізкасці вялася гаспадарчая дзейнасць — магчыма, выпасалася жывёла, пракладаліся лясныя дарогі або будаваліся першыя жытлы.

Гэты перыяд экалагічнай «турбулентнасці» працягваўся з першага дзесяцігоддзя X стагоддзя і аж да самага моманту будаўніцтва крэпасці ў канцы стагоддзя.

Горад паўстаў не на пустым месцы

Гэтае адкрыццё карэнным чынам змяняе ўспрыманне ранняй гісторыі Менска. Яно даказвае, што грандыёзнае будаўніцтва магутнай крэпасці ў 997—998 гадах не было пачаткам жыцця ў гэтай мясцовасці.

Узвядзенне сцен стала лагічным этапам развіцця і ўмацавання ўжо існуючага буйнога паселішча, якое фармавалася і актыўна развівалася на працягу як мінімум 80—90 гадоў да таго.

Людзі абжылі берагі Менкі і рачулкі Дунай задоўга да таго, як нечы загад ператварыў багатае паселішча ў непрыступны бастыён. Гэта абвяргае магчымыя тэорыі пра тое, што крэпасць была пабудавана «ў чыстым полі» выключна як вайсковы фарпост. Тут ужо жылі людзі, якія дзесяцігоддзямі вялі гаспадарку, змянялі ландшафт і нарыхтоўвалі рэсурсы.

Магчыма, што гэтыя даныя ўскосна пацвярджаюць гіпотэзу, што Рагнеду з Ізяславам маглі выслаць не на голае месца, дзе для іх збудавалі Заслаўе, якое згадваецца ў крыніцах нашмат пазней, толькі ў 1127—1128 гадах, а ў паселішча на Менцы, якое, як мы цяпер ведаем, пазней умацавалі сценамі.

https://www.sciencedirect.com/science/article

😀
0
😍
0
😢
0
😡
0
👍
0
👎
0