На слова «бірка» цяпер забываюцца, а даўней яго добра ведаў кожны непісьменны аканом, войт ці ляснік і кожны панскі падданы-мужык. Біркаю называецца палачка ці кавалачак шчэпкі з нарэзкамі, якія сведчылі, хто колькі прывёз коп сена ў панскую сянніцу ці вазоў жыта ў панскае гумно, хто колькі вывез калод з лесу ці паставіў у лесе шурак. На самым пачатку цяперашняга веку бірка ў нашай старонцы блізу што зусім звялася. Яна баўталася яшчэ толькі пры кавалку сукна ў сукнавалцы, пры аўчынках у дубільніка ці пры бабскіх матках у лугвенеўскага сінельніка Іршы, каб па ёй, па нарэзах, пазнаць, чыё сукно, аўчынкі ці маткі.
Можна ўважаць, з цяперашняга пункту гледжання, за пэўнае дзікунства выдумку новага асмолаўскага настаўніка завесці бірку ў школе, але ён, сам родам асмолавец, былы унтэр-афіцэр, хадзіў падскокам, калі яму прыйшло гэта ў галаву, і ажыццёвіў свой план з належнаю стараннасцю.
Пёкшы бульбу ў позны піліпаўскі вечар, настаўнік, пры гарачым святле, ад жару ў печы, выстругаў ножыкам брусочак з паўлокця ўдоўжкі і з палец угрубкі. На брусочку зрабіў ён дванаццаць нарэзаў і проці іх напісаў дванаццаць самых нялюбых яму слоў: «як, дык, хай, ці, ё, няма, трэба, добра, сёння, учора, дабрыдзень, казаў».
Уранні на другі дзень, як пачалі прыходзіць вучні, настаўнік стаяў ля дзвярэй і чакаў.
– Дабрыдзень!– сказала акуратная леснікова дачушка, беленькая-беленькая дзяўчынка, вучаніца з трэцяга аддзялення.
Настаўнік нічога не адказаў і прапусціў яе міма з пахаваным смехам.
Калі ўсе дзеці сабраліся, калі дзяжурны прачытаў «Цару нябесны» і ў класе зрабілася ціха, настаўнік выйшаў на самы пасяродак хаты, падняў бірку і сказаў гэткую прамову:
– Слухайце, дуб’ё! Як я ні ўчу вас гаварыць правільна і чыста, вы ўсё якаеце і дыкаеце. Во, прыкладам, Маша леснікова… Бацька яе пры панох часта бывае, у свеце быў, гаворыць нішто сабе і сам прасіў, каб я Машу наўчыў-ткі гаварыць чыста. А тым часам яна сёння прыйшла і бухнула мне «дабрыдзень!». Як трэба? – грозна падступіўся ён да збялелае ад страху леснікоўначкі.
Тая маўчала.
– Ну?!
У яе накруціліся слёзы, яна ўтупіла вочы. Увесь клас яшчэ болей сціх.
– Мама па-простаму гаворыць… – прашаптала Марылька і заплакала.
Яна баялася, што за яе няўмельства гаварыць па-панску настаўнік не дапусціць яе да экзаменаў.
– Ах ты, дура паласатая! – сказаў на яе настаўнік. – Слухайце ж далей, дуб’ё! – ізноў звярнуўся ён да ўсіх дзяцей. –Вось вам будзе добрая цацка! – і пакруціў бірачку ў руках з усіх бакоў. – Пакуль што я вызначыў тут дванаццаць самых нягодных вашых слоў. Хто першы скажа ў класе адно з гэтых слоў, таму даю бірку. Калі ён пачуе, што нехта яшчэ скажа якое-небудзь дрэннае слова, няхай таму аддасць бірку. У каго бірка застанецца да абеду, той будзе пакінуты без абеду; у каго застанецца да канца дня, таго я пакіну сядзець у класе да познага вечара. Зразумелі?
– Зразумелі! – вясёла адказалі бойкія хлопчыкі.
– Ну дык добра. Цяпер наўчыцеся тых слоў, якіх трэба высцерагацца. Для ўсіх аддзяленняў тры словы: як, дык, хай. Скажыце ўсе па колькі разоў гэтыя словы. Ну!
– Як, дык, хай! Як, дык, хай! – зашумелі зацікаўленыя вучні і некаторыя нават смяяліся ад такое пацешнае забавы.
– Як, дык, хай, якдыкхай, якдыкхай, якдыкхай!.. – усё шпарчэй і галасней чулася ў класе. Адны хыкалі, быццам кашляе авечка: дыкх, дыкх, дыкх!.. Другія гаўкалі, як ганчакі ў лесе: яўк, яўк, яўк!.. Трэція разагналіся на ўсю сілу, як тыя колы пад вагонамі на ўсёй хадзе цягніка: дыкхта, дыкхта, дыкхта!..
Настаўнік пагульваў сярод класа з прыемнасцю і ледзьва хаваў смех. I хлопцы раздурэліся.
– Смірна-а-а!
Усе змоўклі…
Тады настаўнік падышоў да першага аддзялення і спытаўся ў Хомкі:
– Ты бег, как заяц… Ну, скажы гэта самае па-правільнаму.
Настаўнік спадзяваўся пачуць жаданае «как». Хомка скокнуў з лаўкі, троху падумаў, не ведаючы добра, чаго ад яго хочуць, а потым з некатораю няпэўнасцю ў голасе, але даволі цвёрда адказаў:
– Ты бег, як заяц, гаспадзін вучыцель!
Усё трэцяе аддзяленне і частка хлопцаў з другога – зарагаталі. Настаўнік зморшчыўся.
– Ах ты, ёлуп! – злаяў ён Хомку за яго адказ. Паглядзеў на яго з глыбокаю пагардаю і непрыязню і ізноў спытаўся: – Ну, якія простыя словы забараняюцца ў вашым аддзяленні? Пералічы, га?
Цярпліва і доўга чакаў настаўнік адказу ад Хомкі, а Хомка з няменшаю цярплівасцю і цвёрдасцю маўчаў. Настаўнік пакруціў яго крыху за вуха і кінуў.
– Ну, ты? – звярнуўся ён з тым жа пытаннем да Марылькі-леснічанкі.
– Як здыхаў, – адказала Марылька.
Была яна страшэнна затуканая дзяўчынка і зусім атупела.
Цяпер ужо ўвесь клас зарагатаў, і мімаволі сам Хомка пасміхнуўся, зараз паспяшыўшы ізноў дзеля гадзіся нахмарыцца.
Калі троху сціхла, настаўнік абвёў вачыма дзяцей, і шмат рук пад яго пытлівым поглядам узнялося ўгору ў знак ведання. Але настаўнік не пытаўся. Ён паклікаў колькі хлапцоў з трэцяга аддзялення і даручыў ім наўчыць першагоднікаў тых слоў, якіх не трэба казаць, каб не схапіць біркі ў рукі, а сам заняўся з тою ж мэтаю з другім аддзяленнем. Бірку аддаў, для пачатку, беднай Марыльцы за «дабрыдзень».
https://knihi.com/Maksim_Harecki/Cichaja_plyn.html#chapter6
